АКУПАНЦКАЯ РАСПРАВА НАД СЯРГЕЕМ КАВАЛЕНКАМ

posted Feb 25, 2012, 4:20 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 25, 2012, 4:21 PM ]
Дзікая псэўда-судовая расправа над чалавекам, які падняў над навагодняй ёлкай у Віцебску Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Людзі, якія на працягу чатырох дзён знаходзіліся ў будынку Першамайскага райсуду ў Віцебску, убачылі сапраўдны фашызм. Адбывалася бандыцкая пазасудовая расправа акупанцкай мафійнай кодлы (якая захапіла ўладу ў нашай акупаванай краіне) над беларусам Сяргеем Каваленкам, зьдзек над невінаватым чалавекам.

Усе ў адзін голас параўноўвалі падзеі ў будынку суда з прачытаным у кнігах і ўбачаным ў кінахроніцы пра дзеяньні НКВД, СС, гестапа і акупацыйных структураў Масквы і Берліна ў Беларусі і іншых краінах. Жудасныя расповеды старэйшага пакаленьня пра нямецкі і маскоўскі тэрор на нашай зямлі матэрыялізаваліся ў нашай сёньняшняй рэчаіснасьці. Тыя, у каго ёсьць чалавечая душа і сумленьне, да канца жыцьця не забудуць ўбачанае і перажытае за гэтыя некалькі дзён. Хто сумняваўся і меў ілюзіі, канчаткова зразумеў, што кожны з нас, нашы сем'і і наш народ знаходзяцца ў палоне ў дзікага і шалёнага зьвера. Што пакуль гэты зьвер ня будзе ліквідаваны, ня будзе шчасьця і спакою на беларускай зямлі.

Але бачылі і адчувалі гэта, паўтаруся, толькі людзі з душой і сумленьнем. Шэраг асобаў, знаходзячыся побач з чалавечай трагедыяй, прытрымліваліся свайго звычайнага раскладу дня і штодзённых паводзінаў. Па калідоры і ў кабінэтах суда соўгаліся па сваіх справах розныя юстыц-чыны ў мундзірчыках і без. Яны гарталі нейкія паперкі, пілі гарбату і каву, сьмяяліся і перакідваліся рэплікамі. Гэтых чалавечай трагедыяй ня ўразіш, для іх гэта — штодзённая руціна.

Гэтых нават умоўна не назавеш беларускімі дзяржаўнымі служачымі. Усё ў іх на маскальскі капыл: мова дыялогаў і дакумантаў, вернае служэньне антыбеларускаму акупацыйнаму рэжыму. Яны бяздумна вераць, што моц на іхным баку, а рэжым, каля якога яны кормяцца, будзе існаваць вечна (ну, прынамсі, да іхнай пэнсіі). На працягу чатырох дзён беларусы знаходзіліся на тэрыторыі акупацыйнай “русскоязычной” установы, мэта дзейнасьці якой — ламаньне чалавечых, нацыянальных правоў беларусаў на нашай зямлі, прыкрыцьцё юрыдычнай лексікай і рытуалам тэрору супраць беларускага народу.

Зь імі ўсё зразумела — “служба ў іх такая”. Пасьля разгрому лукашызма на судовых працэсах з лавы падсудных яны будуць гукаць, што “мы не вінаватыя”, “нам начальства такі загад аддало”, “нам трэба было карміць дзяцей” і г.д. Але выявілася яшчэ адна катэгорыя асобаў, якім чалавечая трагедыя была “да лямпачкі”.

Найбольш дэманстрацыйнай з гэтай катэгорыі была “мадам” Сьцяпанава, віцебская рэпарцёрка Радыё Свабоды. Яна амаль увесь час весела рагатала. Калі ў яе званіў мабільнік, яна часам прытанцоўвала пад мэлёдыю сігнала. Уголас яна размаўляла выключна па-расейску, пераходзячы на беларушчыну толькі пры дыктоўцы пра падзеі ў мабільнік.

Сям'я Сяргея Каваленкі распавяла пра “штучкі” ад гэтай “журналісткі”, якая да пачатку працэсу некалькі разоў спрабавала дэскрыдытаваць увязьненага Сяргея Каваленку і ягоных блізкіх. Патрыёты маюць уражаньне, што на Радыё Свабода і ў іншыя “дэмСМІ” адбіраюць з большага менавіта такіх асобаў. Сьмешна было глядзець, як падчас судзілішча над Сяргеем Каваленкам (сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ) журналісты Радыё Свабода ўцякалі ад прысутных віцебскіх сяброў і сталічнага кіраўніцтва гэтай партыі. Бедалагам-журналістам было, відаць, дадзенае строгае “плюралістычнае заданьне”: прадастаўляць слова для камэнтароў усім, але быць асьцярожнымі з калегамі, аднадумцамі і сябрамі Сяргея.

У сувязі з тым, што па дарозе ў Віцебск была затрымана журналісцкая брыгада тэлеканала Белсат, на працэс прыслалі маладога журналіста Белсату з правінцыі. Але яго забыліся папярэдзіць пра “плюралістычнае заданьне”: каб ён уцякаў ад сяброў КХП-БНФ. Малады чалавек выканаў журналісцкія абавязкі так, як яго вучылі на журфаку: узяў інтэрв'ю каля будынку суда ў Юрыя Беленькага, выканаўцы абавязкаў старшыні КХП-БНФ. У выніку такой забыўчывасьці каго трэба і, адпаведна, “недасьведчаннасьці” журналіста тэлевечар 22 лютага (другі дзень працэсу) скончыўся тым, што Белсат аніслова не згадаў пра судзілішча над Сяргеем Каваленкам (тады калі пра гэта пачалі паведамляць СМІ ва ўсім сьвеце). Тут шмат каму кінулася ў вочы такая праца “незалежных” дэм-СМІ пад апекай лібэральнага замежжа. Але што зробіш, нацынальныя СМІ антыбеларускі рэжым ўжо зьнішчыў.

На працэсе Сяргея Каваленкі ў будынку правінцыйнага суду і вакол яго рэжым выставіў у два разы больш міліцэйскіх сілаў, чым гэта было на працэсе ў справе выбуху ў менскім мэтро ў сталічным судзе. Клетку, у якой трымалі Сяргея, засьцінаў сабой шэраг малойцаў у міліцэйскай форме і ў цывільным. Упершыню за ўсю гісторыю віцебскай Фэміды на ўваходзе быў выстаўлены мэталашукальнік. Колькасьць міліцыянтаў, амонаў і рознага калібру “ціхароў” хісталася ў розныя дні працэсу ад 40 да 60 чыноў. Усё гэта на адносна невялікі будынак і цесныя ўнутраныя прасторы раённага суду.

Але нішто не напалохала Сяргея Каваленку. Уваходзячы ў будынак і ў залю паседжаньняў (прыкаваны кайданкамі да канваіра), наш сябра ўсклікаў: “Жыве Беларусь!”, “Слава нацыі!” Разгубленасьць дзяржымордаў была відавочная. Канваіры нэрваваліся, спрабавалі пагражаць Сяргею, але потым змоўклі.

У суддзі Алены Жук з самага пачатку і ўсе два першыя дні працэсу моцна трымцелі рукі і дрыжэў-зрываўся голас. Пракурор, — гэткі сьлізьнячок у блакітным мундзіры (ёсьць фота), — уцягваў галаву ў плечы і заікаўся. Першыя два дні працэс “вёў” Сяргей Каваленка (трымаў ініцыятыву), суддзя толькі пасьпявала напалохана рэагаваць на ягоныя патрабаваньні і заявы. Змучаны доўгай галадоўкай і бясконцымі зьдзекамі катаў, Сяргей дзейнічаў і выказваўся рацыянальна і рашуча. Бог даваў яму сілы і мудрасьць. Ён ператварыў фальшывае судзілішча ў адкрыты працэс над злачынцамі антыбеларускага рэжыму. Калі ён зьняў кашулю і швэдар і паказаў вынікі турэмных катаваньняў, людзі ў зале жахнуліся і зразумелі, што Сяргей не апраўдваецца перад судзілішчам, а вядзе мужнае змаганьне.

На наступны дзень здымкі гэтай драматычнай сцэны як сьведчаньне злачынства прамаскоўскага рэжыму былі апублікаваны ў СМІ па ўсім сьвеце. Іх убачылі мільёны людзей.

На другі дзень пратэстны учынак зьдзейсьніла жонка Сяргея Алена. З малой дачушкай на руках яна ўзьняла ў залі судзілішча Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і плякат з патрабаваньнем вызваліць вязьня. Калі дзяржыморды накінуліся на жанчыну, людзі адбіліся ад іх. Суддзя Жук уцякла з залі паседжаньняў.

На трэці дзень працэсу паліцэйшчына напала на людзей яшчэ да пачатку паседжаньня і выціснула іх з будынку суда. Нечысьці ў пагонах білі і заламвалі рукі бацьку і маці Сяргея Каваленкі (нават ударылі жанчыну, прытым па катоўніцку — па нырках). Да вечара людзі стаялі пад дажджом перад будынкам суда. Усім было зразумела, што мужныя дзеяньні Сяргея і Алены сарвалі сцэнар рэжыму па правядзеньні хуткай і гладкай расправы над невінаватым беларусам. Сцэнар пачаў валіцца, рэжым вырашыў выдаліць сьведкаў свайго юрыдычнага злачынства. Залю паседжаньняў запоўнілі пераапранутымі міліцыянтамі і жанчынамі пажылога ўзросту (віцебляне пазналі ў іх жонак і бабуль мясцовых міліцэйскіх чыноў). Нікога з сям'і Сяргея не пусьцілі ў залю паседжаньняў. Адвакаты распавялі, што сярод сваіх суддзя Жук пачувалася вальяжна і ўпэўнена (рукі ўжо ня трэсьліся). Яна сядзела, разваліўшыся ў крэсьле, хамскім тонам зьвярталася да Сяргея Каваленкі і сапраўдных сьведкаў.

На чацьверты дзень працэсу ў будынку суда зьявіліся (урэшце) прадстаўнікі эўрапейскай дыпляматыі і журналістыкі. (Пачалі даваць вынікі гераічныя дзеяньні Сяргея і Алены.) Захад ужо ня мог зрабіць выгляд, што ў Віцебску “нічога не адбываецца”. Здрыгануўся і рэжым. Міліцыянты паводзілі сябе не так груба і дапусьцілі людзей на калідор будынку суду. Палова калідора і заля, дзе адбываліся паседжаньні судзілішча, былі аддзелены ад людзей трыма шэрагамі міліцыянтаў. Там ішла фінальная частка рэжымнай расправы над патрыётам. Позна ўвечары быў вынесены фашыстоўскі прысуд. Сяргея Каваленку асудзілі на турэмнае зьняволеньне. Чалавека (які не зрабіў ніякага злачынства), якога трэба зьмяшчаць у шпіталь і жыцьцё якога трэба ратаваць, лукашысты кінулі ў турму больш чым на два гады.

Уражаная ўбачаным, замежная дыпляматыя паабяцала прысутным беларусам (а ў тэлекамэры і ўсяму народу), што будзе ў сваіх краінах і ў Брусэлі рабіць усё для выратаваньня Сяргея Каваленкі і выкрыцьця праўды пра становішча ў Беларусі.

Але зразумець трэба адну, вельмі важную рэч. Беларускага героя можа выратаваць толькі беларускі народ. Ратуючы Сяргея, беларусы будуць ратаваць сябе і жыцьцё сваіх дзяцей. Таму што, пабыўшы на судзілішчы ў Віцебску і зірнуўшы ў жудаснае мурло фашызма-лукашызма, людзі зразумелі — акупацыйны рэжым гатовы да разгортваньня шырокамаштабных рэпрэсіяў супраць беларусаў. Для гэтага ў рэжыму ёсьць шэраг выканаўцаў і падрыхтаваныя рэпрэсіўныя структуры, якія існуюць пад рознымі легальнымі назовамі (“суд”, “пракуратура” і г.д.). Калі нехта мяркуе адседзецца, змаўчаць і прыстасавацца да дзікай рэчаіснасьці, то гэта ёсьць шлях пагібелі. Фашызму павінен быць наш беларускі нацыянальны супраціў.

У дзень фашыстоўскага прысуду ў Віцебску і іншых мясьцінах Беларусі патрыёты вывесілі сьвятыя нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Гарачы патрыятызм, сьмеласьць, моцная беларуская пазыцыя і ахвярнасьць Сяргея Каваленкі натхняе беларусаў на змаганьне.

Янка Базыль