“ВАС НАДО ДУШИТЬ, КАК НЕМЦЫ ЖИДОВ ДУШИЛИ”

posted Feb 29, 2012, 7:17 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 29, 2012, 7:17 PM ]
(Сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

Патрыёты-фронтаўцы атрымліваюць з усяе краіны сігналы трывогі ад людзей, якія працуюць на прадпрыемствах. Давяраючы фронтаўскаму досьведу, рабочыя і інжынэры пытаюцца, што рабіць у безвыходнай сытуацыі. Работнікі ходзяць на працу, працуюць, а адміністрацыя ня плоціць ім заробкі. Нават такія мізэрныя, як 200-300 тысячаў беларускіх рублёў. Людзі ня маюць грошай, каб аднавіць свае сілы і каб утрымліваць свае сем'і. Адміністрацыя кажа, што “грошай няма, але будуць”. Вядома, што на некаторых прадпрыемствах у Гомелі, Барысаве і іншых гарадах ужо адбыліся папераджальныя страйкі. Адміністрацыя падвысіла заробкі і выплаціла грошы (якія адразу нейкім “дзіўным чынам” знайшліся). Але наступным крокам былі рэпрэсіі супраць рабочых актывістаў, якія былі арганізатарамі страйкаў і лакальнай перамогі. Іх проста звольнілі з працы. Пакуль што людзі маўчаць, баючыся, што іх таксама звольняць.

Вядома, што з шэрагу прадпрыемстваў пайшлі просьбы аб падтрымцы ў адрас такзванага “Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі”. Такая прафсаюзная арганізацыя некалі існавала і сапраўды бараніла правы працоўных людзей. Яна ўзьнікла на хвалі масавых рабочых выступаў увесну 1991 года. Тады ж вызначыліся аўтарытэтныя прафсаюзныя лідары, перш за ўсё Генадзь Быкаў, чалавек патрыятычных беларускіх перакананьняў. Аднак, на пачатку 2000-х гадоў КГБ завяршыла інфільтрацыю сваёй агентуры ў свабодныя і незалежныя прафсаюзы, настварала шэраг кантралюемых рэжымам “рабочых клюбаў” і “галіновых прафсаюзаў”, паставіла кіраваць імі сваіх людзей (кшталту Фядыніча). Г. Быкава і іншых сапраўдных прафсаюзных дзеячаў агентура выдаліла з арганізацыі. Начале Кангрэса раптам апынуўся сп. Ярашук, сумнавядомы прапагандыст “саюзу з Расеяй”, які зрабіў даволі бліскучую кар'еру ў афіцыйных савецкіх, а потым лукашыстоўскіх прафсаюзах.

Прафанацыя прафсаюзнага руху закруцілася на поўную шпулю. Акрамя імітацыі дзейнасьці і ваяжоў на Захад, дзе яны “прадстаўляюць інтарэсы працоўных Беларусі”, агентура ўжо нічым даўно не займаецца. Апошнімі днямі кантора расхвалявалася плыньню рабочых зваротаў да Ярашука і пачала рабіць нештодзённыя жэсты. Раптам прайшла інфармацыя, што Ярашуку пагражае працэс “за абразу прэзыдэнта” і артыкул на чатыры гады турмы, што ён — “герой” і “пакутнік”. У такой сытуацыі, зразумела, нельга патрабаваць ад “героя, якога перасьледуюць” нейкіх дзеяньняў.

Трэба растлумачыць актыўным работнікам, што зьвяртацца да гэтай агентуры бессэнсоўна і нават шкодна. Трэба выходзіць з падкантрольных рэжыму прафсаюзных арганізацый і ствараць новыя структуры беларускага рабочага руху. Агентура ня будзе бараніць рабочых людзей.

***

Цынічнае, дэманстрацыйнае “ізгаляньне” зь беларускай мовы пачалося ў лукашыстоўскіх прапаганд-інфармацыйных структурах адразу ж з 1994 года. Восемнаццаты год працягваецца гэты зьдзек зь беларушчыны, нашай культуры і нашых людзей. Некаторыя тэлефізіяноміі ўжо зрабілі пасьпяховыя кар'еры на вырабленым беларусафобстве і гэбоўскіх правакацыях. Гэтая гнюснасьць набыла рафінаваныя формы і пранікла туды, дзе ніхто ня мог уявіць яе прысутнасьці. Нават у забаўляльных праграмах тэлефізіяноміі і іхныя рэдактары ня могуць утрымацца, каб ня выставіць беларусаў ідыётамі, а нашую мову мёртвым, непатрэбным матар'ялам.

Вось, напрыклад, ідзе тэлешоў (зразумела, зьдзертае з маскоўскіх тэлеканалаў), на якім людзям прапануецца адказаць на пытаньні. Пытаюць з розных галінаў жыцьця і ведаў: астраноміі, мэдыцыны і г.д. І вось пад рэзкую музычку вядучы гукае чарговае пытаньне: “А как будет сказать по-белорусски: “в скором времени”? Інтэлігентная жанчына, якую апытвалі, спакойна адказвае: “У хуткім часе”. Гучыць гонг, адбываецца тэлерадасьць з нагоды таго, што “загадка разгадана”. Задума ненавісьнікаў зразумелая. Ім трэба выставіць беларускую мову ў якасьці мярцьвячыны, непатрэбнай нікому і экзатычнай. Трэба паказаць, што беларушчына — гэта ўжо загадка для беларусаў, якім “роднае ўсё маскальскае”.

А вось прагноз надвор'я. Яго робіць на тэлеэкране прыгожая, разумная беларуска на роднай мове. У такім выкананьні нават прагноз пра непагадзь не здаецца ўжо такім цяжкім. Беларусаў не напалохаеш непагадзю. І вось, скончыўшы свой выступ, беларуска зьвяртаецца па мэтэрэалагічную аналітыку да адказнага супрацоўніка гідрамэтэацэнтру. Яна робіць свой зварот ужо на звонкай расейшчыне. Бо дзяржслужачы дэманструе, што ён разумее толькі “велікій і могучій”. На гэтым “могучем” ён выдае сваю аналітыку. Лукашыстоўская гэбельсаўшчына ў чарговы раз прадэманстравала свае грэблівыя адносіны да беларушчыны і сваё “чего ізволіте” у адрас акупацыйнага рэжыму.

У вызваленай ад акупацыі Беларусі прамаскоўскае “чего ізволіте” будзе забаронена заканадаўча. З сапраўднага Беларускага тэлебачаньня будуць з трэскам выдаленыя ўсе ненавісьнікі і бездары. Будзе спынена паняверка і зьдзек з роднай, дзяржаўнай мовы.

***

Патрыёты-фронтаўцы езьдзяць па краіне, сустракаюцца зь людзьмі, абмяркоўваюць падзеі і тэндэнцыі позьняга лукашызма, успамінаюць былое. Часам на правінцыі яны гамоняць з асобамі, якія вызначаюць сябе як “былыя фронтаўцы”. Гэтыя людзі кажуць: “І я быў ў Народным Фронце...” Бачна адразу, што гэта інтэлігентныя, адукаваныя, шчырыя людзі. І ў той жа час адчуваецца, што яны нечага не дагаворваюць, у нечым ім сорамна прызнацца, ёсьць у іх у душы нешта, што не дае ім спакою.

Фронтаўцы пытаюцца: “А чаму вы былі ў БНФ, а цяпер не ў Фронце? А каго вы лічылі кіраўніком БНФ?” І тады становіцца зразумелым, што не дае спакою гэтым беларусам. Яны прызнаюцца, што ў свой час яны паверылі салодкім сьпевам Вінцучка, прафэсара Хадыкі і іншых пра “неактуальнасьць Пазьняка”, пра “будуць офісы і факсы”, “будзем працаваць прафэсійна”. Яны запісаліся ў групоўку псэўда-БНФ, начале якой на працягу некалькіх гадоў сьвяціўся В. Вячорка.

Пэўны час яны чакалі, пакуль Вінцучок адкрые ў іхных рэгіёнах офісы і пачнецца “прафэсійная фронтаўская праца”. Потым яны ўбачылі, як Вінцучок з Хадыкам падпарадкавалі псэўда-Фронт бальшавіку Калякіну і іншым маргіналам. Потым у іх пачала балець душа. Потым “інтэлектуалаў” вінцучкоў-хадыкаў пачалі вытурваць з псэўда-БНФ бадзёрыя маладзёны начале з Янукевічам. Людзей у рэгіёнах уразіў імпэт і спосабы, якімі “новая хваля” выціскала “старых” з групоўкі. Ішла пагалоска, што “сёньня на паседжаньне-галасаваньне прыедзе новая суполка з правінцыі”. І вось пад'язджае аўтобус з “суполкай”. Адтуль высыпаюць на вуліцу нікому невядомыя асобы. У асобаў брутальныя выразы твараў, рэзкія жэсты, на руках сінюшныя наколкі. “Суполка” адзінагалосна галасуе “за Янукевіча” і “супраць Вячоркі”. Зьдзяйсьняецца тое, што сам Вінцучок публічна называў “рэйдарскім захопам”. Пасьля гэтай маніпуляцыі людзі ўрэшце разумелі, з кім маюць справу, і з тае пары як мага далей трымаліся ад Вінцучка і Янукевіча. Але заставаліся пачуцьце віны і сорам, якія не дазвалялі ім вярнуцца ў сапраўдны Беларускі Народны Фронт.

На гэта фронтаўцы кажуць цяпер гэтым беларусам, каб яны не перажывалі комплекс віны. Бо няма ніякай віны, няма правіны і ня можа быць комплексу. Трэба адкінуць ад сябе гэтыя адмоўныя ўспаміны, вярнуцца да сапраўдных сяброў-патрыётаў і разам працаваць на карысьць нашай дарагой Бацькаўшчыны. Нацыянальна-Вызвольнаму Руху патрэбныя адданыя, шчырыя людзі. Няхай хвалюецца і перажывае той, хто спрабаваў падмануць іх, і цяпер сам апынуўся на сьметніку гісторыі.

***

Праз некаторы час пасьля рэжымнай расправы над Сяргеем Каваленкам высьвятляюцца новыя дэталі падзеяў вакол судзілішча ў Віцебску. Стала вядома, што 21 лютага група менчукоў ехала з сталіцы ў Віцебск, каб падтрымаць героя-фронтаўца. Да мэты яны, аднак, не даехалі, бо гб ведаў пра іхні маршрут. Міліцыя спыніла іх на паўдарозе, затрымала і завезла ў пастарунак. Дзейнічалі чыны груба, але да зьверства не апусьціліся. А вось у пастарунку беларусамі заняўся чын у афіцэрскай форме, які з перакошаным нянавісьцю тварам заявіў: “Вас надо душить, как немцы жидов душили! Жаль, что приказ ещё не поступил...” Зьвер паводзіў сябе ўпэўнена і расперазана. Безумоўна, да “гістарычных паралеляў” ён дадумаўся не сам. Гэта ўвялі яму ў цёмную душу ягоныя начальнікі, якія таксама чакаюць загаду на зьнішчэньне беларусаў.

Шчырасьць “русского” монстра тлумачыцца ягонай (і ягоных начальнікаў) перакананасьцю ў тым, што “работа будет лёгкой” і можна будзе зьнішчаць беларусаў, як авечак. Маскоўскія спэцы распавялі ім пра Галакост і казалі, што рабіць трэба дакладна таксама, як рабілі нацысты.

Але лубянцы забыліся патлумачыць зьверу ў пагонах усе абставіны даўняй трагедыі. З пачатку акупацыі ў 1939 годзе і на працягу прыкладна двух гадоў немцы сапраўды лёгка праводзілі зьнішчэньне габрэяў у Польшчы і іншых эўрапейскіх краінах. Сотні тысячаў людзей вывозілі з гета. Акупанты казалі, што іх вязуць у працоўныя цэнтры, дзе яны будуць пражываць да канца вайны. У 1942 годзе некалькім чалавекам удалося вырвацца з лягяроў сьмерці, вярнуцца ў гета і распавесьці пра зьнішчэньне. Ім спачатку не паверылі і хацелі нават выдаць немцам. Але знайшліся сапраўдныя лідары супраціву, якія пачалі падрыхтоўку да ўзброенай барацьбы.

Калі ў красавіку 1943 г. немцы ўвайшлі ў варшаўскае гета для “канчатковага вырашэньня пытаньня” (як называлі зьнішчэньне гітлерцы), яны думалі, што весела пакуражацца над безабароннымі людзьмі. А замест гэтага на працягу месяца вымушаны былі ваяваць у руінах гета і несьці сур'ёзныя страты. Куражу не атрымалася, гарэлі нямецкія танкі. Паўстаньні адбыліся і ў іншых гета. З некаторых лягяроў зьнішчэньня вязьні вырываліся з боем. Усё гэта мела таксама вынік гістарычнага значэньня. Габрэйскі народ канчаткова зразумеў, што трэба мець сваю дзяржаву і сваю армію.

Монстраў, падобных на згаданага зьвера ў пагонах, можа і ня так шмат на акупаванай беларускай зямлі (напрыклад, у Віцебску ўславіўся нянавісьцю да беларусаў палкоўнік-асаднік Іваноў). Але яны ўжо не хаваюцца і атручваюць атмасфэру нашага нацыянальнага існаваньня. Яны чакаюць загаду і спадзяюцца пакуражыцца падчас беларускага Галакосту. Многія беларусы яшчэ не задумваюцца над гэтай пагрозай. Яны не здагадваюцца, куды падзеліся паўмільёна беларусаў і чаму з 1994 года рыўкамі зьмяншаецца насельніцтва нашай краіны. Тым часам акупанты рыхтуюць “канчатковае рашэньне беларускага пытаньня”, і расправа над Сяргеем Каваленкам ёсьць таму выразным знакам-папярэджаньнем. Але патрыёты ўжо зразумелі, што акупанты ператвараюць нашу краіну ў гета для беларусаў. І патрыёты запэўніваюць, што весела зьдзеквацца акупанцкая хеўра ў нашай краіне ня будзе.

Янка Базыль