ЗНОЎ — ВІК, ЗНОЎ ХЛУСІЦЬ

posted Mar 4, 2012, 6:12 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 4, 2012, 6:12 AM ]
Вік зрабіў столькі дрэннага для Беларусі, і ўсё яно так вымоўна выявілася, што яму, як правальнаму разьведчыку, нічога іншага не засталося як хлусіць, хлусіць да канца жыцьця. У 2000 годзе наша партыя Народнага Фронту (КХП — БНФ) аб'явіла гэтую асобу пэрсонай “нон-грата”, зьвярнулася ў АБСЭ, у Бундэстаг і МЗС Нямеччыны з прапановай аб тэрміновым адкліканьні яго зь Беларусі. У 2000 годзе на міжнароднай канфэрэнцыі ў Беластоку гаварлівы Вік сказаў, што мэта яго дзейнасьці на пасадзе Кіраўніка Місіі АБСЭ ў Менску — садзейнічаць далучэньню Беларусі да “дэмакратычнай” Расеі (каб усталяваць дэмакратыю ў Беларусі). Пазьней (калі зьляцеў Шродэр і агентура была ў паніцы) Вік празнаўся ў інтэрв'ю “Белорусской газете”, што наладжаны ім перамоўны працэс псэўдаапазыцаі з рэжымам (дакладней імітацыя працэсу) фінансавалася Эўразьвязам (болш за паўтара мільёна эўра), а ягоная дзейнасьць “ўзгаднялася з КГБ” (прытым былі падпісаныя дакуманты). Шмат чаго вядома і шмат што ўжо апублікавана (і будзе апублікавана яшчэ). Але як толькі ўзьнікае якая дрэннасьць для Беларусі, глядзіш — і Вік тут. Жывы, курылка.

2-га сакавіка на Радыё Свабода адбылося “ток-шоў” з цэнтральным удзелам гэтага незабыўнага Ганса Віка, які на прыканцы 90-х — пачатку 2000-х служыў кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску. Лукашэнка, скарыстаўшы Віка па поўнай праграме дзеля расколу БНФ і стварэньня псэўдаапазыцыі, вытурыў яго зь Менску з грукатам як адпрацаваны матэрыял. І вось цікава, нягледзячы на ўсё, Вік дагэтуль ходзіць у галоўных спэцах па Беларусі на ўзроўні Эўразьвязу, АБСЭ і Бундэстагу. На нямецкіх тэлеканалах даволі часта можна пабачыць і паслухаць гэтага дрэннага “знаўцу беларускай душы”. Як толькі ў Беларусі адбываецца нешта, яго запрашаюць выдаць свае ацэнкі і прагнозы.

Фронтаўцам і палітычна актыўным беларусам сп. Вік запомніўся фактычным утварэньнем і даволі шчодрай аплатай (праз спонсараў) гэтак званай “аб'яднанай апазыцыі”, дзе актыўны германец сабраў стракатую публіку ад бальшавіка тав. Калякіна да “Вінцучка” (В. Вячорка) разам з псэўда-БНФ. Сапраўдны Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка з самага пачатку вікаўскай антыбеларускай дзейнасьці ўвесь час казаў праўду пра гэтае прыкрае ўмяшальніцтва лібэральнай Эўропы ў наша палітычнае жыцьцё, пра подкуп і дэмаралізацыю шэрагу палітыкаў (яны прыдумалі нават тэрмін — “палітычны бізнэс”). Многім у ацэнкі і папярэджаньні патрыётаў-фронтаўцаў ня верылася. Але, як вядома, час ад часу сам Г. Вік рабіў вельмі шчырыя заявы, што было зафіксавана беларускімі палітыкамі і журналістамі і паведамлена грамадзтву ў СМІ. (Напрыклад, гэты яго славуты цынізм, што мэтай ягонай дзейнасьці ў Менску была “дэмакратызацыя Беларусі праз далучэньне яе да больш дэмакратычнай Расеі”.)

2-га сакавіка падчас чарговага “ток-шоў” беларусы спыталіся ў Г. Віка пра ягоныя мэты ў Менску. Ганс Вік адказаў: “Я падтрымліваў дэмакратычныя працэсы пераўтварэньня падчас чатырохгадовай працы ў якасьці кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі, а таксама праводзіў перамовы паміж урадам і апазыцыяй, і я буду працягваць садзейнічаць гэтаму працэсу”.

Гэтым разам сам сябе Г. Вік не цытаваў (пра далучэньне Беларусі да Расеі), але ўхітрыўся сказаць нібыта праўду (хаця і не да канца). Тут дадам трошкі канкрэтнага, што ўжо апублікавана. Сапраўды, ў 1999-2000 гадах Вік арганізоўваў рэгулярныя перамовы паміж Хадыкам, Вячоркам, Лебедько ды некаторымі іншымі псэўдаапазыцыянэрамі і прадстаўнікамі адміністрацыі Лукашэнкі ў менскім піўным рэстаране “Ракаўскі бровар”. Пад якаснае піва і закуску яны “толковалі о судьбах отечества”. Перамовы працягваліся цэлы год і былі сакрэтнымі. Ніякія палітычныя арганізацыі не давалі згаданым апазыц-палітыкам заданьня на вядзеньне гэтых перамоваў. Толькі сьледства і суд у вызваленай ад лукашызма Беларусі высьветліць, аб чым там ішлося. Грамадзтва зусім выпадкова даведалася аб патаемных перамовах пад піва, бо публічна (у друку) прагаварыўся адзін з лукашыстоўскіх дэпутатаў (мабыць, атрымаў такое заданьне “з цэнтру”). Вынікі гэтых перамоваў вядомыя ўжо цяпер: гэта выратаваньне псэўдаапазыцыяй антыбеларускага рэжыму (парадаксальнае збочанае зрастаньне рэжыму і “апазыцыйныйных” прагматыкаў).

У Ганса Віка пытаюцца: “Ці мелі вы калі-небудзь кантакт з беларускім КДБ?”

Ганс Вік: “Не. Пазьней кіраўнік беларускага КДБ пагражаў мне арыштам! Фэдэральны ўрад і АБСЭ былі вельмі занепакоеныя”.

Вось тут ужо Г. Вік схлусіў на ўсе сто. У СМІ пачатку 2000-х гадоў зафіксавана сэнтэнцыя Г. Віка наконт КГБ. Вік заявіў журналістам, што “усе ягоныя сумесныя дзеяньні з аб'яднанай апазыцыяй былі ўзгоднены з беларускім КГБ”. Нагадаем, што ўзгадняць і ня мець кантактаў немагчыма. Пры ўзгадненьні сумеснай “апазыцыйнай дзейнасьці” Вік вельмі шчыльна кантактаваў з КГБ РБ. Хаця фармальна Вік мае рацыю: рэзалюцыі на ягоныя дзеяньні з “вінцучкамі-лебедько” ставілі, безумоўна, у маскоўскім ФСБ, правінцыйнай філіяй якой зьяўляецца менская гэбэ.

У Ганса Віка пытаюцца пра актуальнае: “Чаму вы супраць байкота “выбараў”?

Ганс Вік: “Няўдзел грамадзянаў у выбарах дае магчымасьць рэжыму вельмі лёгка схаваць розныя парушэньні. А скаргі на парушэньні ў фармаваньні працы тых жа выбарчых камісій павінны быць адлюстраваны як айчыннымі, так і замежнымі журналістамі. Усё гэта магчымае пры актыўным удзеле грамадзянаў”.

Шматвопытны палітык, дыпламат і разьведчык Ганс Вік крывіць душой. Ён паглядзеў на жыцьцё і розныя палітычныя працэсы ў ім. Ён цудоўна ведае, што народны байкот выбарчых фарсаў дыктатуры ёсьць адзінай магутнай зброяй супраць дыктатуры зь яе фарсамі. Што, калі грамадзтва ўдзельнічае на поўным сур'ёзе ў гэтых фарсах, то бессэнсоўна пасьля фарсаў пісаць скаргі. Актыўны ўдзел грамадзянаў у “выбарах” пры дыктатуры азначае фактычны саўдзел грамадзтва ў падмане, які становіцца злачынным самападманам.

На “ток-шоў” 2-га сакавіка Ганс Вік нагаварыў шмат пра што. Згадаў нават, як уступіў у Гілерюгенд у 1938 годзе ў Гамбургу. Дзякуй за шчырасьць (гэта ўсе ведалі). І ўсё ж цікава, чаму шматгалосы радыёдыялог з Вікам Свабода арганізавала менавіта цяпер? Можа для таго, каб лішні раз нагадаць пра “харошага дзядулю” Ганса, які так хацеў, так імкнуўся, але ня здолеў дэмакратызаваць Беларусь праз “апазыцыйнае ўзгадненьне” з КГБ? Ну, што зробіш, хацеў, імкнуўся, але не атрымалася. І можна было б паспачуваць “дзядулю”-ахвяры, якога “ледзь не арыштавала КГБ”. Але нешта не спачуваецца, бо Вік хлусіць, хлусіць цынічна, прафэсійна, проста гледзячы ў вочы. Як хлусіць самазамілаваная нямецкая палітыка на беларускім напрамку.

Зрэшты, зь іхным гістарычным досьведам да гэтага не прывыкаць. Калі войскі антыгітлерскай кааліцыі ў красавіку 1945 года завяршалі ачышчэньне зямлі ад фашыстоўскага зьвера, на чорным рынку ў разбомбленых нямецкіх гарадах зьявіўся звышдэфіцытны тавар, за які аддавалі апошнюю пайку хлеба і залатыя рэчы. Гэта была форменная жоўтая зорка Давіда з надпісам “Jude” — жудасны знак дыскрымінацыі і зьнішчэньня, распрацаваны гестапаўцамі. У апошнія дні вайны немцы (учорашнія “звышлюдзі”) чаплялі на сябе гэтыя знакі праклёну. А потым выпіналі грудзі перад антыгітлерскімі жаўнерамі ды гукалі: “Ich bin Jude! Ахвяра фашызма!”...

Алесь Хадасевіч

3 сакавіка 2012 г.