МАСТАЦТВА — ГЭБІЗМУ І ВЫБАРЧЫ ВЕРТЭП

posted Mar 10, 2012, 9:09 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 10, 2012, 9:09 PM ]
З-га сакавіка (“дзень перадвыбарчай цішыні”) і 4 сакавіка (“дзень галасаваньня”) адзін з галоўных расейскіх тэлеканалаў паказаў прэм'еру расейскай класікі: тэлесэрыял “Белая гвардыя”, паводле вядомага раману Міхаіла Булгакава. Кіно прысьвечана драматычным падзеям канца 1918 года: вызваленьню Кіева Нацыянальнай Украінскай арміяй ад расейскай Белай гвардыі. Вядома, што сам М. Булгакаў быў белагвардзейцам па сваіх поглядах і амплуа. Раман у яго атрымаўся яркі. Дзіўна, што за яго экранізацыю ўзяліся толькі нядаўна. А паказалі прэм'еру адмыслова пад “Галасуй за Пуціна!” Здавалася б, якая сувязь паміж кінавобразам даволі далёкай эпохі і сёньняшнім электаральным намаганьнем лубянскай імпэрыі? Але сувязь заўважылі ня толькі мы ў Менску, але і многія ў Маскве, сярод іх нават кандыдаты на прэзыдэнцтва (напрыклад, Міронаў, які назваў кінападзею знакавай).

Як у большасьці сэрыялаў, кінадзеяньне ў “Белай гвардыі” расьцягнутае ў часе і даволі нуднае. Але раз-пораз вызначаюцца драматычныя ўсплескі, на якіх, мабыць, і рабілася асноўная ідэйная кінанагрузка. Маецца на ўвазе супрацьпастаўленьне расейцаў, якія бароняць ад украінцаў “Киев — мать городов русских”, і згаданымі ўкраінцамі. Для ўвасабленьня вобразаў расейцаў рэжысёры адабралі каліброваную акцёрскую публіку. Напрыклад, галоўнага героя іграе акцёр, які ўжо набыў вядомасьць ролямі высакародных, бесстрашных і вытанчаных натураў (сярод іншага адмірала Калчака). Дзяўчат таксама падабралі з большага “пасіянарных”. Як кажуць эстэтствуючыя ў Маскве, “с них икону писать можно...” Расейскія кіеўляне — сымпатычныя ва ўсіх адносінах. Тыя, хто ў фільме размаўляе па-украінску, таксама адабраныя паводле шаблону. Гэта спрэс непрывабныя і агідныя вобразы, людзі тлустыя, з прымітыўнымі выразамі твараў і агрэсіўнымі паводзінамі. Так яно і ідзе праз “класічны сэрыял”, змантаваны пад пуцінскія псэўдавыбары.

І ўсё ж сэрыял глядзець у гэтыя электаральныя дні значна цікавей, чым афіцыйныя навіны пра выбарчае шоў. Афіцыёз, як і чакалася, выдае гладкія і фанфарныя паведамленьні, у даўнім стылі — “Выборы ідут по стране!” Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода таксама амаль маўчала. А дарэмна, журналістам было аб чым паведамляць з Масквы, што камэнтаваць і параўноўваць (падзеі ў суседняй краіне адбываюцца паводле апрабаванага ў Беларусі сцэнару). Расейскія інтэрнэт-выданьні знаёмяць нас з хронікай выбарчага шоў.

А хроніка “сногсшібательная”. Прадстаўнікі-назіральнікі ад эўраструктураў так і ходзяць па ўчастках і па вуліцах Масквы з разьзяўленымі ратамі. Яны агаломшаны ўбачаным і ўжо паведамляюць у свае заходнія структуры, што “ніякія гэта ня выбары” і “легітымным гэта ўсё прызнаць ніяк нельга”. Масква ўяўляе сабой ваенны палігон. Па вуліцах едуць, а на плошчах стаяць вайсковыя машыны, цэлыя палкі (можа нават дывізіі) арміі і розных спэцназаў.

Найбольш іх у двух месцах — вакол Крамля і вакол ЦВК РФ. Адзначаецца таксама напружаны рух і ўпартае стаяньне сотняў цывільных аўтобусаў з нумарамі, на якіх геаграфія матушкі-Расеі да самага Уралу. У аўтобусах сабраныя адусюль дзясяткі тысячаў маладзёнаў з арганізацыі “Наші”, а таксама так званыя “карусельшчыкі” — людзі, якія езьдзяць па розных выбарчых участках і галасуюць там, ствараючы статыстыку і карцінку выбарчай актыўнасьці грамадзянаў. А 20.00 бальшыню зь іх зьвязуць бліжэй да Крамля і там яны будуць “ліковать” з нагоды “выбарчай дэмакратыі”.

З Масквы і з усяе імпэрыі паступаюць зьвесткі пра нябачаныя ў гэтым тысячагоддзі маштабы выбарчых фальсіфікацый і парушэньняў. “Карусельшчыкі” дзейнічаюць паўсюль, выбаршчыкаў масава падкупляюць і запалохваюць (асабліва залежныя катэгорыі грамадзянаў: студэнтаў, жыхароў інтэрнатаў і г.д.). На назіральнікаў, якія ловяць за рукі фальсіфікатараў, невядомыя асобы, а часам і міліцыя нападаюць і зьбіваюць людзей. Бюлетэні закідваюцца стосамі. Адным словам, усё, што было і ў нас. Толькі маштабы злачынства геаграфічна непараўнальна шырэйшыя. І паўсюль хлусьня, хлусьня, хлусьня...

Маскоўская апазыцыя нешта мямліць пра “заўтрашнія акцыі пратэсту”, пра тое, што “мы зналі, что так оно і будет”. Ну дык калі вы “зналі”, то навошта вялі людзей на гэтыя супэржульніцкія “выбары”, замест таго, каб арганізаваць татальны народны байкот? Пытаньні гэтыя спрэс рытарычныя. Адказы на іх ужо дадзены ў сьнежні 2010 года ў нас у Беларусі. І ў Менску і ў Маскве псэўдаапазыцыя дзейнічала паводле “кодэксу паводзінаў” вядомага правакатара папа Гапона.

У наяўнасьці непераадольны страх Пуціна і ягонай хунты ў сытуацыі, дзе, здавалася б, у іх ёсьць неабмежаваныя сілы і магчымасьці фальсіфікаваць, біць, душыць і запалохваць. А ўсяроўна баяцца, атачаюць сябе вайсковымі шыхтамі і аплочанымі блазнамі з “Пуцін-югенда”. Дзейнічаюць яны істэрычна, не зьвяртачы ўвагі на зьнешнюю прыстойнасьць і на крытку заходнікаў. Такое ўражаньне, што яны “ідуць у апошні бой”. Вось сфальсіфікуюць “выбары”, разгоняць пратэсты, а потым будуць цараваць без праблем і клопатаў. Хаця зразумела, што яны якраз і калоцяцца ад страху перш за ўсё таму, што ведаюць: усё толькі пачынаецца. Таму і хочуць нанесьці па грамадзтву ўдар умоўна кажучы па-лукашэнкаўску, моцна, падступна, подла, каб запалохаць людзей як мага больш глыбака.

Вось такое атрымліваецца “электаральнае кіно” у выкананьні галоўных акцёраў і масоўкі статыстаў. Усе дэталі сцэнару раскрыюцца толькі на Нюрнбэргскім працэсе над дзяржаўнымі злачынцамі, якія тварылі свае злачынствы ў Маскве і Менску. А пакуль што ў форме тэленамёкаў на класіку, у плыні шавіністычнай эстэтыкі расейскія тэлеканалы выводзяць высакародныя вобразы абаронцаў Расеі ад розных непрывабных украінцаў і іншых. Прыкрываюць сёньняшнюю лубянскую фальшыўку фальшывай жа кінакарцінай пра сваю імпэрыю.

Янка Базыль

Сакавік 2012 г.