ФАЛЬШЫВЫЯ

posted Mar 14, 2012, 8:39 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 14, 2012, 8:39 PM ]
Глуханямы “пратэст”. Памятаем, як колькі гадоў таму некалькі разоў у сталіцы і на правінцыі пракатвалася хваля “новай апазыцыйнай моды” — гэтак званыя “флэшмобы” (або як назвалі гэтую прафанацыю патрыёты-фронтаўцы, “мобы-шмобы”). Па сьвістку з-за рога на гарадзкой плошчы зьбіраліся па 30-50 маладых людзей. Ва ўсіх былі напружаныя твары (людзі павінны былі здагадацца, што яны выконваюць нейкую “сьвяшчэнную місію”), ніякіх плакатаў, ніякіх заклікаў або сымволікі. Моб-шмобшчыкі сядалі на брук і разам пілі ваду з пляшак (выразы твараў усё такія ж “місіянэрскія”). Праз 15 хвілін усе ўставалі і разыходзіліся. Потым “незалежныя дэмСМІ” паведамлялі нам, што “маладыя героі нагадалі пра палітычных вязьняў, якія ня маюць вады ў турмах”).

Найбольш рассьмяшыў беларускае грамадзтва “моб-шмоб”, зладжаны “героямі” у Гомлі. Там яны сядзелі на прыпынках грамадзкага транспарту, маўчалі і моўчкі дэманстрацыйна чыталі бальшавіцкую газэту “Товарищ” і брашурку пра Канстытуцыю РБ. Гэты маразм павінен быў азначаць “барацьбу за свабоду друку”. Беларусы пачалі высьмейваць арганізатараў і ўдзельнікаў такой прафанацыі пратэсту, і гэтая псэўдаапазыцыйная форма неяк растварылася. Летась правакатарам удалося падняць тысячы людзей на так званыя “маўклівыя пратэсты” — зноў без сымволікі і сэнсу. Людзі проста хадзілі па вуліцах, пляскалі ў ладкі і тупалі нагамі, а паліцэйшчына-гэбоўшчына іх зьбівала і арыштоўвала. І гэтая прафанацыя правалілася.

Але прафанацыйная часотка жыве і часам нагадвае пра сябе. 8 сакавіка Радыё Свабода паведаміла нам, што жыхары Віцебску ўбачылі трох маладых людзей, якія трымалі ў руках сьцяг Эўразьвязу і плакат “Свабоду палітвязьням”. На здымку Радыё Свабода паказала гэтых “герояў”. Плакат у іх быў на мове акупантаў — “Свободу политзаключённым”, выявы іхных твараў былі зарэтушаваныя. Радыё паведаміла, што “стаялі яны нядоўга” — гэта значыць, што “героі” сфатаграфаваліся і адразу ж разьбегліся. Вось такая “евроакція” у горадзе, дзе сапраўдны народны герой Сяргей Каваленка ўзьняў над акупаванай Беларусьсю наш сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Але камусьці вельмі важна, каб прафанатары засьвяціліся ў Віцебску з чужой сымволкай і на чужой мове.

Псэўдаапазыцыйная дзейнасьць (дакладней: імітацыя дзейнасьці) — зьява шматжанравая і нават “шматгранная”. Тут ёсьць і свой “інтым” у стылі “Плэйбою”. Кіруе “інтымам” такая Вольга Карач, фотапартрэт якой даволі часта ўзьнікае на сайце Радыё Свабода. 8 сакавіка Карач прадстаўляла свой чарговы праект — каляндар з эратычнымі выявамі маладых дзяўчат. На фота ў календары дзяўчаты ляжаць у пасьцелях, абдымаюцца з паўаголенымі хлопцамі і г.д. І гэта таксама пратэст, ды яшчэ які! Усе 12 “плэйбояк”, аказваецца, “былі патрапілі пад арышт за ўдзел у пратэсьце пасьля выбараў 2010 году”. І вось цяпер яны так пратэстуюць (зноў, дарэчы, усё ў календары на мове акупантаў)...

В. Карач падаецца ў “дэмСМІ” у якасьці кіраўнічкі грамадзкай кампаніі “Наш дом”. У Смаленску гэтая “кампанія” нават друкуе сваю газэтку пад тым жа назовам і возіць яе на Беларусь. На вокладцы нумара — знаёмы фотапартрэт В. Карач. Пра яе напісана таксама, што яна атрымлівае “второе высшее образование в Москве”, “председатель витебской областной организации ОГП” і пададзена іншая рэкламная тытулатура. На старонках газэткі — савецкі плакат з непаўторнай выявай і дэвізам “Депутат — слуга народа”. Вядомы псэўдаапазыцыянэр-бальшавік тав. В. Шчукін дае шматслоўныя парады аб тым, як “нужно эксплуатировать депутатов”. І ў гэтым стылі выкананы ўсе тэкстоўкі, з адзінай мэтай — прадэманстраваць легальнасьць лукашыстоўскай псэўдапарляманцкай, псэўдапрадстаўнічай сістэмы. У агэпэшна-бальшавіцкай публікі ёсьць на гэта і грошы і рэклама ў “дэмСМІ”.

Каб пабачыць гэтую публіку зблізу і ў арыгінале, раім вам зьезьдзіць у Вільню. Мы зьезьдзілі на дзянёк і пабачылі. Перад гістарычным будынкам віленскай ратушы дзьве маладыя асобы крыкліва абмяркоўвалі нешта па-расейску. Глядзім, а гэта згаданая В. Карач зь нейкім кавалерам. Яны пачуваюцца ў Вільні “как дома”. Вось такі “Наш дом”. Грантаўская публіка актыўна тусуецца ў нашай старой сталіцы. У асноўным вакол такіх асяродкаў, як “Белсат”, “ЕГУ” і на розных радыё . Увечары іх можна сустрэць у электрычцы, якая едзе на Менск. Яны дэманстрацыйна голасна гамоняць між сабой па-расейску, твары самазадаволеныя. Яны “адбалалаілі” свой грант на беларускай мове і цяпер могуць расслабіцца, не прыкідвацца і парадвацца свайму камфорту. Глядзець на іх і слухаць іх, прызнацца, даволі брыдка. Так заўсёды бывае ў зносінах з фальшывымі людзьмі. Але самае галоўнае — вынік таго, што яны робяць: псэўдаапазыцыйная балбатня, дэзарыентацыя беларускага грамадзтва, фармальна нізкая, нікчэмная якасьць іхнай прадукцыі.

Мінае час, шмат што адчыніцца, будзе праведзена люстрацыя, якая дазволіць убачыць, адкуль усё гэта ўзялося і як яно так доўга камфортна існавала.

Алесь Хадасевіч