СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

posted Apr 23, 2012, 7:31 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 23, 2012, 7:31 AM ]
Часопіс для беларускіх дзяцей “Вясёлка” заставаўся да апошняга часу адной з апошніх выспаў беларушчыны. Але і тут пачалі высаджвацца русіфікатарскія дэсанты ды гадзіць. Беларусы купілі для сваіх малых сьвежы красавіцкі нумар “Вясёлкі”, але многія вымушаны былі хутчэй пазбавіцца ад яго, каб ня труціць галовы дзяцей маскоўскай гэбельсаўшчынай. Нумар прысьвечаны “саюзу РФ і РБ” і прымеркаваны да 2 красавіка, які абвешчаны “днём яднаньня з Расеяй”. На самым пачатку пададзена інфармацыя пра ўдзел “Вясёлкі” і беларускіх дзяцей ва ўсерасейскай выставе “Всё лучшее детям” у Маскве. Рэдактары менскага часопіса сфатаграфаваліся з фігурысткай І. Радніной і цыркачом Куклачовым. А потым яны сабралі нашых дзяцей вакол Паўла Барадзіна і таксама зрабілі фота.

Нагадаем, што гэты П. Барадзін ёсьць генсекам “саюзнай дзяржавы РФ і РБ” — нелегальнага наддзяржаўнага ўтварэньня, якое існуе ў асноўным на грошы беларускага народу. Дзецям не сказалі, што гэты “генсек” — крымінальнік, ён сядзеў у амэрыканскай турме і будзе сядзець на лаве падсудных на судзе ў вызваленай ад акупацыі Беларусі як галоўная падстаўная асоба крымінальна-палітычнага гэшэфту крамлёўска-лукашыстоўскай мафіі. Потым часопіс надрукаваў ноты і тэкст “урачыстай песьні Саюза Беларусі і Расеі” (музыка І. Лучанка, словы Ул. Фірсава). Там ёсьць такое: “Нас не зламалі вайна і стыхіі,/ Разам адолець нягоды змаглі./ Жыць Беларусі ў саюзе з Расіяй,/ Мір мацаваць на зямлі”. Цемрашальства і небясьпечнасьць гэтай імпэрскай “лірыкі” відавочнае. Але менская гэбельсаўшчына палічыла патрэбным закласьці ўсё гэта ў галовы нашых дзяцей.

Потым пайшло-паехала: у перакладзе на беларускую тэксты С. Міхалкова, А. Барто, Л. Талстога... Гэбельсаўшчына падмацавалася больш і менш хрэстаматыйнымі аўтарытэтамі, прадэманстравала “прывабнасьць рускай класікі”. Хітры і падступны прыём русіфікатараў.

* * *

Цікавыя падзеі адбываюцца на рынку працы ў нашай Беларусі. У Менску, калі рабочы або інжынэр хоча ўладкавацца на працу на адно зь вялікіх прадпрыемстваў, яму кажуць, што “работнікаў не бяруць”. І нават называюць тэрмін, да якога будзе дзейнічаць гэты дзіўны рэжым: да канца жніўня. Абазнаныя з эканамічна-фінансавымі вывертамі лукашызма людзі тлумачаць, што гэта значыць. Яны мяркуюць, што абкрадальнікі беларускага народу рыхтуюць разам з маскоўскай мафіяй чарговую, надзвычай магутную хвалю захопу беларускай маёмасьці — гэтак званую “прыватызацыю”. Усе папярэднія “прыватызацыі” паказалі, што працоўныя людзі застаюцца ні з чым, а ўсё (нібыта “легальна”) захоплівае кодла, набліжаная да рэжыму нацыянальнай здрады. Але гэтым разам відавочныя спробы максімальна зьменшыць колькасьць магчымых удзельнікаў “прыватызацыі”. Вядома, што многія работнікі звальняюцца і выязджаюць у Расею, каб зарабіць для сваіх сем'яў. Адтуліны, што застаюцца ў працоўных калектывах, не хвалююць адміністрацыю прадпрыемстваў. Гэта ёсьць ня тое што гвалтоўнае парушэньне эканамічных законаў, але адкрыты разбой. На жаль, небясьпеку гэтых працэсаў многія ня бачаць.

На менскім мэтрапалітэне таксама назіраецца “праблема з кадрамі”. Людзі ўсіх прафэсій (кантралёры, кіроўцы цягнікоў, інжынэры і г.д.) не вытрымліваюць жыцьця на жабрацкія заробкі і звальняюцца. Адчыненыя нават курсы па навучаньню новых кіроўцаў цягнікоў мэтро. Цікава, што амаль у поўным складзе звольнілася таксама і міліцыя аховы мэтро. Цяпер замест гэтых адмыслоўцаў аховы на пастарунках дзяжураць чыны з ОМОНу і патрульна-пастарунковай службы. Жывая артэрыя сталічнага транспарту становіцца зонай сацыяльнай хваробы.

Масква хоча захапіць і неба над Беларусьсю. 12 красавіка антыбеларускі рэжым вуснамі свайго міністра паветранага транспарту паведаміў грамадзтву, што маецца план “прыватызацыі кампаніі авіяперавозак “Белавія”. Цяпер стала зразумелым, адкуль узялася нядаўняя “беларуска-расейская паветраная вайна” з недапусканьнем беларускіх пасажырскіх самалётаў у Маскву. Усё гэта была звычайная гульня ў “праблемы” паміж Менскам і Крамлём і ў “супраціў” лукашыстаў расейскім правакатарам.

* * *

Даволі часта выступае ў расейскіх СМІ адукаваная маскоўская дама Лілія Шаўцова. Пра яе мала сказаць, што яна палітолаг. Пералічэньне ейных тытулаў займае ледзь не старонку ў даведніках. Яна скончыла знакамітую кузьню гэбоўска-дыпламатычных кадраў МГІМО ў Маскве, вядзе там палітылагічную праграму, узначальвала і ўзначальвае шэраг праграм у амэрыканскіх цэнтрах і ўнівэрсітэтах. Гэта вам, як кажуць маскоўскія студэнты, “не хухры-мухры”...

Дама заслужаная. Апошнім часам яна заўважаная ў крытыцы сучаснага кіраўніцтва Расеі, кажа, што “сталіца Расеі зусім адвярнулася ад Пуціна і літаральна зьдзекуецца зь яго...” (І вось жа цікава, яна працягвае камфортна існаваць на гэбоўска-дыпламатычнай кафэдры афіцыёзнага ВНУ, езьдзіць ад маскоўскага афіцыёзнага бомонду за мяжу і г.д.). Днямі Шаўцова чытала даклад на канфэрэнцыі ў Варшаве. Там было і пра Пуціна і пра Лукашэнку. Цытуем з выступа Шаўцовай: “На самой справе Пуцін нічога не прыдумаў, бальшыню ідэй ён узяў з лукашэнкаўскай Беларусі...”

Далей можна не цытаваць, галоўнае ўжо сказана. Аказваецца, не Масква навязала Беларусі свой зьнішчальны акупацыйны рэжым-лукашызм, а, наадварот, Беларусь падарыла гэтую кашмарную мадэль Маскве і сьвету (гэткае сатанінскае Urbi et Orbi). Дык, выходзіць, праўду казаў Лукашэнка, калі маніў пра тое, як ён яшчэ Гарбачова вучыў у Крамлі справе перабудовы і галоснасьці. Ад усяго гэтага сюррэалізма з-за шаўцоўскай трыбуны вылазяць вушы незабыўнага Фрыка. Гэты амбасадар Нямеччыны прышоў гадоў пяць таму ў Курапаты і заявіў: “Беларусы павінны ўзяць на сябе адказнасьць за ўсе чорныя старонкі гісторыі...” Фрык меў на ўвазе, што беларусы вінаватыя ў тым, што іх расстралялі ў Курапатах і іншых месцах — вінаваты ахвяры, а не маскоўскія каты.

Гарады розныя — Масква і Берлін — але спосабы на дзіва аднолькавыя: блюзьнерскія спробы перакласьці на Беларусь адказнасьць за свае імпэрскія злачынствы, за кроў, хлусьню і антычалавечую дзейнасьць. І знайшліся ў Варшаве такія (напрыклад, вядомы рэдактар дэмСМІ Адам Міхнік), што ківалі галовамі, слухаючы Шаўцову, і пагаджаліся зь ёю.

* * *

12 красавіка Радыё Свабода пазнаёміла нас з чарговай псэўдаапазыцыйнай сэнсацыяй. На тэрыторыі мэмарыялу ў Катыні апынулася групка з маладзёвай сэкцыі вядомай у Беларусі русскоязычнай “Хартыі-97”. На фота адзін з гэтых “младахартыстаў” трымаў у руках Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Раней гэтая групоўка ў такіх паводзінах не была заўважана. Але ў сувязі з набліжэньнем чарговых псэўдавыбараў дыктатуры гэтая псэўдаапазыцыя пачынае мімікрыраваць і дурыць людзей. Радыё паведаміла, што з групкай на працягу 10 хвілінаў паразмаўляла ФСБ, высьвятляючы, хто яны такія і чаму прысутнічаюць на афіцыйных мерапрыемствах з нагоды 2-й гадавіны катастрофы польскага прэзыдэнцкага самалёту пад Смаленскам.

Беларусы падумалі, што можа Харыя перарабілася ў патрыятычную арганізацыю, прызнала нацыянальную сымволіку. Але думаць такое было надта рана. Ужо праз пару дзён тая ж Хартыя сустракала ў Менску выпушчаных з турмы сваіх лідараў Саннікава і Бандарэнку (вядомых правакатараў, якія павялі падманутых людзей на лукашэнкаўскія псэўдавыбары ў 2010 годзе). Дык вось сваіх лідараў-правакатараў Хартыя сустракала пад грантаўскімі сінімі сьцягамі. Усё стала на свае месцы.

* * *

Лукашэнка (які публічна кваліфікаваў самога сябе як “праваслаўнага атэіста”) таксама па-свойму сьвяткаваў Вялікдзень 15 красавіка. Яго прывезьлі ў царкву сьв. Архангела Міхаіла ў вёсцы Лясковічы, што на Петрыкаўшчыне. Мабыць, “прэзыдэнт” ужо баіцца зьяўляцца ў сталічных цэрквах, праваслаўныя вернікі могуць фарбаванымі яйкамі закідаць... Эманацыя сатаны паднесла мясцоваму сьвятару абраз пад кур'ёзнай назвай “Достойно есть”, выступіла з віншавальным спічам і запаліла сьвечку. Дзікая богапраціўная сцэна дэманстравалася па БТ.

Янка Базыль