ПРА ПРЭЗЫДЭНТА І БАЙКОТ

posted Apr 23, 2012, 7:32 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 23, 2012, 7:32 AM ]
(РАСПРАЦОЎКІ І ПРАПАНОВЫ ПАЛІТКАМІТЭТА КХП-БНФ НА СОЙМ КХП-БНФ)

Адбылося рэгулярнае паседжаньне Паліткамітэту Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. (Паліткамітэт — гэта дарадчы ворган, які рыхтуе аналіз і палітычныя прапановы для Сойму Партыі.) Адзначана, што антыбеларускі рэжым, як і раней, праводзіць вырабленую і тыповую акупацыйную палітыку. Рэпрэсіўныя адносіны да насельніцтва як да ворага рэжыму сталі даўно нормай дачыненьняў да беларусаў і абвастрыліся ў апошні час.

Байкот

З канца 2010 года рэзка ўзрасьлі рэпрэсіі і бяспраўныя затрыманьні людзей. Як і раней, поўнасьцю адсутнічаюць канстытуцыйныя (законныя) магчымасьці зьмены ўлады і ўплыву людзей на выбары. У гэтых умовах любыя выбары становяцца інструмэнтам захопу ўлады прыўладнай групай узурпатара. Выбарчы працэс, галасаваньне і прысутнасьць выбаршчыкаў на выбарах выкарыстоўваюцца для фальсіфікацыі і фармальнага абгрунтаваньня нелегітымнай улады. Зьмест галасаваньня ня мае значэньня, лічбы галасаваньня ўстанаўліваюцца рэжымнай адміністрацыяй на карысьць рэжыму.

У гэтых умовах, якія існуюць ужо доўгі час, удзел беларусаў у акупацыйных выбарах немэтазгодны, бо зьяўляецца, фактычна, падтрымкай антынароднай палітыкі антыбеларускага рэжыму, забясьпечвае яму фармальныя і лёгкія магчымасьці для фальсіфікацыі вынікаў галасаваньня.

Мэтадам пратэсту і змаганьня зь беззаконьнем і фальсіфікацыяй і сродкам кансалідацыі беларусаў можа быць агульны байкот выбараў, татальны байкот палітыкі і дзеяньняў рэжыму. Ніхто — на фальшывыя выбары! Партыя і Фронт мусілі б працягваць палітыку байкоту і заклікаць да антырэжымнай беларускай салідарнасьці грамадзтва.

Паліткамітэт прапануе гэтае пытаньне на разгляд травеньскага Сойму КХП-БНФ дзеля прыняцьця рашэньня.

Пазьняк — прэзыдэнт

Палітычна гнілая сытуацыя і ў істоце сваёй антыбеларуская тэндэнцыя, што вызначылася ў дзеяньнях псэўдаапазыцыі пасьля ейнага правакацыйнага ўдзелу ў так званых “прэзыдэнцкіх” выбарах 2010 года і спрыяньні фармалізацыі незаконнага захаваньня ўлады Лукашэнкам, ставіць перад Партыяй, Фронтам і ўсёй беларускай грамадзкасьцю неабходнасьць пацьвярджэньня альтэрнатыўнага змаганьня за вольную дэмакратычную Беларусь супраць этнацыду, узурпацыі ўлады і акупацыйнага фашызму ў маскоўскай абгортцы.

Этнацыд, разбурэньне беларускай культуры, русіфікацыя, фізічнае і духоўнае вынішчэньне беларускай нацыі ёсьць сэнсам, зьместам і звышзадачай акупацыйнай палітыкі антыбеларускага рэжыму. Праблемы эканомікі, экалогіі, сацыяльная дэградацыя грамадзтва, грубае парушэньне правоў асобы ёсьць вытворнай, другаснай зьявай, вынікам антыбеларускай палітыкі, якая зьяўляецца злачынствам супраць нацыі.

Партыі Фронта станоўча было б яшчэ раз засьведчыць аб сэнсавым альтэрнатыўным змаганьні з антынацыянальнай, антынароднай сістэмай. Гэтае змаганьне мае на мэце вольную Беларусь і наперадзе — вольныя выбары без Лукашэнкі.

Асоба, якая ёсьць альтэрнатывай дыктатуры і якую Партыя Фронту прапануе на вольныя выбары прэзыдэнта — Зянон Пазьняк. Рацыянальна было б прапанаваць Зянону Пазьняку ўжо цяпер (адразу пасьля пастановы Сойму) фармаваць групу падтрымкі прэзыдэнта вольнай Беларусі, не абмяжоўваючы колькасна яе склад.

19 красавіка 2012 г.

Паліткамітэт Сойму КХП-БНФ