Пастанова Сойму КХП — БНФ Сойм КХП — БНФ прааналізаваў палітычнае становішча ў краіне і адзначае наступнае: Палітычна гнілая сытуацыя і ў істоце сваёй антыбеларуская тэндэнцыя, што вызначылася ў дзеяньнях псэўдаапазыцыі пасьля ейнага правакацыйнага ўдзелу ў так званых “прэзыдэнцкіх” выбарах 2010 года (што паспрыяла незаконнаму захаваньню ўлады Лукашэнкам) ставіць перад Партыяй, Фронтам і ўсёй беларускай грамадзкасьцю неабходнасьць канкрэтна пацьвердзіць нацыянальную палітычную пазыцыю ў змаганьні з антынацыянальным рэжымам. Этнацыд, разбурэньне беларускай культуры, русіфікацыя, фшызацыя сістэмы, фізічнае і духоўнае вынішчэньне беларускай нацыі ёсьць сэнсам, зьместам і звышзадачай акупацыйнай палітыкі антыбеларускага рэжыму. Праблемы эканомікі, экалогіі, сацыяльная дэградацыя грамадзтва, грубае парушэньне правоў асобы ёсьць вытворнай, другаснай зьявай, вынікам антыбеларускай палітыкі, якая зьяўляецца злачынствам супраць нацыі. У гэтых абставінах Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ сьведчыць аб неабходнасьці асэнсаванага змаганьня з антынацыянальнай, антынароднай сістэмай, выставіўшы канкрэтную асабовую альтэрнатыву. Барацьба мае на мэце ліквідацыю ўзурпацыі ўлады, стварэньне вольнай Беларусі і вольныя выбары без Лукашэнкі. Перамены павінны адбыцца. Сойм прапануе Старшыні КХП — БНФ Зянону Пазьняку рыхтавацца выставіць сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты на вольных выбарах у Беларусі адразу пасьля ліквідацыі рэжыму і рэкамендуе прыступіць да фармаваньня Групы падтрымкі і іншых структураў, неабходных у будучай выбарчай дзейнасьці Сойм КХП — БНФ 13 траўня 2012 г. |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >