ПАТРЭБНЫ БАЙКОТ І НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ВЫЗВОЛЬНАЯ ПАЛІТЫКА

posted May 16, 2012, 5:39 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 16, 2012, 5:41 AM ]
(Травеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

13 траўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы зрабілі аналіз сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі. Стан існаваньня антыбеларускага рэжыму сапраўды гнілы. Эканоміка Беларусі разбурана, і гэта відавочна ўсё большай колькасьці людзей у нашай краіне. З прамысловых прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў краіны паступаюць зьвесткі пра дзеяньні рэжымных структураў. Рэжымшчыкі пераконваюць працавітых беларускіх інжынэраў і рабочых ехаць у Расею, дзе “за тую ж працу плоцяць большыя грошы”. Многія нашыя людзі купляюцца на гэтыя завабліваньні і едуць у мафійную і дзікую Расею. А тым, хто застаецца, становіцца зразумелым, што маскоўскі рэжым адмыслова разбурае беларускую эканоміку, каб забясьпечыць правальны рынак працы Расеі сьвежым прылівам сілаў зь Беларусі.

Гісторыкі ўспамінаюць падзеі стогадовай даўніны — такзваныя рэформы Сталыпіна, калі паводле плянаў маскоўскай імпэрыі сотні тысячаў беларусаў падаліся ў Сібір, каб стацца рабамі расейскага прыгону (вядома, што гэтыя “сталыпніскія Рэформы” скончыліся катастрофай для мільёнаў людзей у расейскай імпэрыі). Тады сотні тысячаў нашых людзей былі назаўсёды страчаны для беларускай нацыі, яны растварыліся ў моры расейскага няшчасьця. Той жа лёс маскоўскія акупанты рыхтуюць нам цяпер. Адзіным выйсьцем з гэтага тупіку зьяўляецца Беларуская Салідарнасьць, еднасьць усіх беларускіх людзей у супольным няшчасьці, створаным імпэрыяй. Усё больш беларусаў разумеюць сутнасьць гэтых працэсаў. Яны гатовыя падтрымаць праграму Беларускай Салідарнасьці. Трэба працаваць з нашымі людзьмі, даводзіць да іх праўдзівую інфармацыю, паведамляць ім (нават у самых далёкіх кутках нашай зямлі) адэкватную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі. Трэба злучаць нашых людзей у агульную барацьбу за Народны Байкот.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра маразматычны стан русскоязычной школы ў Беларусі, пра суцэльны развал у адукацыйных установах РБ. Расейскі мат, зьняважлівыя адносіны да настаўнікаў і наагул дарослых людзей сталі нормай у акупаванай Беларусі. Лепшыя, творчыя кадры уцякаюць з гэтай “русскоязычной” школы. Русіфікатарская праграма ажлабленьня беларускай моладзі працуе на поўную шпулю.

Пра верасьнёўскія “выбары” у “палатку” бальшыня беларускіх людзей пакул ня думае. Але трэба даносіць да людзей праўдзівую інфармацыю, каб не дазволіць зрабіць зь іх ахвяраў псэўдаапазыцыйных жулікаў-зазывалаў. Многія людзі Беларусі, здольныя думаць і аналізаваць, адчуваюць, што настае важнейшы этап нашага нацыянальна-вызвольнага змаганьня — канчатковае вызваленьне Айчыны ад чужынскай акупацыйнай хунты. Трэба мабілізаваць на гэтую цывілізацыйную барацьбу ўсё наша грамадзтва.

Сойм абмеркаваў і прыняў пастановы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Пра бакот фальшывых выбараў” і “Аб народным змаганьні за вольную Беларусь”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

13 траўня 2012 г.