РЭЧАІСНАСЬЦЬ І ПАМЯЦЬ БЕЛАРУСКАГА СУПРАЦІВУ

posted Jun 4, 2012, 12:19 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 4, 2012, 12:20 PM ]
19 траўня адбылася важная падзея ў культурным жыцьці невялічкай дзяржавы на іншым канцы сьвету. У сталіцы Усходняга Цімору горадзе Дзілі ўрачыста адкрылі Музэй Нацыянальнага супраціву. На мерапрыемствы сабраліся тысячы людзей: інтэлігенцыя і простыя людзі, дзеці, моладзь, а таксама вэтэраны нацыянальнага змаганьня за незалежнасьць. Гучала народная музыка і партызанскія песьні, дзяўчаты ў нацыянальных строях выканалі народныя танцы.

Музэй адкрыў цяперашні прэм'ер-міністар краіны (і першы прэзыдэнт незалежнай дзяржавы) Санана Гушмао. Менавіта Гушмао быў лідарам Нацыянальна-вызвольнага руху Усходняга Цімору. Пад яго кіраўніцтвам народ на працягу 27 гадоў змагаўся супраць інданэзійскіх акупантаў-каланізатараў за сваю волю і сваю дзяржаву. Яго атачылі людзі, просячы аўтограф на ягонай кнізе пра народнае змаганьне з сымвалічным назовам “Гонар”.

На цырымонію прыехаў таксама Анібал Антоніу Каваку Сілва, прэзыдэнт Партугаліі — былой мэтраполіі Усходняга Цімору. Ён выступіў з прыязнымі словамі і разам з сваёй жонкай прайшоў па экспазыцыі, з цікаўнасьцю разглядаючы экспанаты. Сярод экспанатаў ёсьць шмат фотаздымкаў, дакумэнтаў, рэліквій, нацыянальнай і вайсковай сымволікі, узоры зброі, зь якой ваявалі патрыёты супраць партугальскіх і інданэзійскіх прыгнятальнікаў.

Адкрыцьцё музэя прыўрочылі да 10-й гадавіны аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Усходняга Цімору. У 2002 годзе на рэфэрэндуме, праведзеным пад патранажам міжнародных арганізацый, абсалютная бальшыня усходнеціморцаў прагаласавала за незалежнасьць і патрабаваньне вываду інданэзійскіх акупацыйных войскаў. Але да гэтага былі стагоддзі змаганьня супраць партугальцаў (якія каланізавалі выспу ў 16-м стагоддзі) і інданэзійцаў (якія напалі на Усходні Цімор у 1975 годзе пасьля развалу Партугальскай імпэрыі і захапілі краіну). Лепшага падарунка да першага юбілею народнай перамогі цяжка было прыдумаць. Людзі ў сваіх выступах казалі, наколькі важна захаваць памяць пра змаганьне, ня вычварыць яе, не зфальшаваць, данесьці яе да маладога пакаленьня.

Нават нешматлікі (600-тысячны) народ Усходняга Цімору захацеў жыць у сваёй дзяржаве. Акупанты-каланізатары абяцалі яму сваю цывілізацыю і іншыя вабноты каланіялізма, але, як заўсёды, бязьлітасна разрабоўвалі багацьці краіны, нішчылі яе непаўторную культуру і мову, цынічна выкарыстоўвалі насельніцтва для свайго ўзбагачэньня. Але ў народа быў патрыятычны авангард, які разгарнуў барацьбу супраць прыгнятальнікаў. Начале змаганьня стаў Санана Гушмао, выдатны арганізатар і сьмелы змагар, які не баяўся “дызбалансу сілаў” ягонай маленькай нацыі і каласальнай дыктатарскай Інданэзіі. Партугальская рэспубліка, якая пасьля развалу імпэрыі стала дэмакратычнай краінай, аказвала падтрымку ўсходнеціморскім змагарам. Спачатку краіны заходняй цывілізацыі не заўважалі змаганьня на экзатычнай выспе. Але з цягам часу заходнія істэблішмэнты вымушаны былі прыслухацца да голасу народу, які ўпарта ваяваў супраць Інданэзіі і не скараўся гвалту. Цывілізаваны сьвет вымушаны быў арганізаваць на выспе рэфэрэндум і паспрыяць аднаўленьню незалежнасьці краіны.

Як у кроплі трапічнага дажджу, у драме далёкага народу адлюстравалася беларуская драма. Пасьля стагоддзяў маскоўскага патопу наш народ дамогся ў 1991 годзе аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці. Але як сфармуляваў гэта Зянон Пазьняк, “вораг захапіў народную крэпасьць”. Прамаскоўскі рэжым унутранай акупацыі ўсталяваўся на нашай зямлі і душыць усё жывое пятлёй лукашызма. Многім здаецца, што паратунку няма, што арэна палітычнага змаганьня занята выключна дзікімі рэпрэсіўнымі сіламі маскоўскага гэбэ і падстаўнымі структуркамі псэўдаапазыцыйных жулікаў. Што сапраўднае нацыянальнае, фронтаўскае змаганьне беларускіх патрыётаў забытае і не заўважаецца дэмакратычным сьветам, які аплочвае падстаўных і фальшывых ды гуляецца з Расеяй. Многія ўпалі ў адчай і апусьцілі рукі, гукаючы, што паратунку няма, што п'яная і дурная Расея нас усяроўна праглыне пры поўнай абыякавасьці цывілізаванага сьвету.

Што сказаць гэтым разгубленым людзям? А трэба нагадаць ім, што цывілізаваны сьвет паважае толькі тых, хто супраціўляецца акупанцкаму злу, хто бароніць сваю мову, культуру, сваю дзяржаву і свае багацьці. Што мільённую суму асобаў з апушчанымі рукамі і адчаем у вачах ніхто падтрымліваць ня будзе. Што нават ушчэнт абыякавыя ў сьвеце вымушаны будуць прызнаць моц нацыянальнай Беларускай Салідарнасьці, барацьбу Народнага Байкоту і веліч беларускай культуры і мовы, якую мы абаронім самы. Тады нават на Захадзе раскрыецца непрывабная сутнасьць псэўдаапазыцыйных балбатуноў, усіх гэтых мілінкевічаў-саннікавых, якія ракруціліся на халяўных грантах і падтрымцы Масквы-Берліна.

Але ў прынцыпе зьнешняя рэакцыя і адносіны лібэральнага Захаду ня маюць вялікага значэньня ў вырашэньні нашых нацыянальна-дзяржаўных пытаньняў. Беларусы павінны самы вызваліць ад акупантаў сваю краіну і наладзіць на сваёй зямлі нармалізацыю свайго жыцьця. Ну, не нямецкі ж шпіён Ганс Вік будзе ствараць для нас “эміграцыйны ўрад”. Лёс Беларусі — у руках беларусаў!

Набліжаецца дзень вызваленьня ад акупацыйнага рэжыму. Лукашысцкая сістэма згніла дашчэнту. Пад кіраўніцтвам Масквы лукашысты разбуралі і нявечылі нашу краіну на працягу амаль 18 гадоў. Але па законах прыроды і самы сталіся ахвярамі гэтага разбурэньня. Лукашызм валіцца ў яму, якую сам сябе выкапаў, ліквідуючы беларускую культуру і эканоміку. Пад цяжарам сваіх злачынстваў гніе і правальваецца ў нябыт маскоўская Імпэрыя Зла, якая стаіць за лукашызмам. Набліжаецца новы этап у гісторыі народаў, скораных Масквой.

Беларусь будзе вызвалена ад акупацыі. Адным з важных захадаў нармалізацыі нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця будзе высьвятленьне і захаваньне праўды аб нашым нацыянальным змаганьні. У вялізнай будыніне КГБ РБ у Менску (там жа была і сядзіба менскага гестапа) будзе адкрыты Музэй Нацыянальнага супраціву. Такія музэі існуюць ужо ў шэрагу постсавецкіх краінаў Эўропы. У музэі будуць выстаўлены экспанаты-сьведчаньні змаганьня нашага народу супраць акупацый (перш за ўсё маскоўскай і нямецкай). Будзе ўтвораны архіў і навуковы цэнтар Нацыянальнага супраціву. Асобныя залі музэю (іх сьцены будуць пафарбаваныя ў цёмныя фарбы здрады) будуць прысьвечаны дакумэнтам і прадметным экспанатам аб дзейнасьці правакатараў, агентуры і псэўдаапазыцыйных структурак. Будуць раскрытыя мадэлі палітычных правакацый і прафанацый з удзелам Ганса Віка, псэўда-БНФ Вячоркі-Янукевіча, “партыі інтэлектуалаў” АГП, лукашыста-антылукашыста А. Лебедько, шэрагу “незалежных дэмжурналістаў”...

Беларускі народ заслужвае праўды і будзе ведаць усю праўду. Аб тым, як пэўныя асобы і падстаўныя псэўдаапазыцыйныя групоўкі вялі беларускую моладзь у тупік і пад удары дыктатуры, як арганізоўваліся ўдзелы ў псэўдавыбарах дыктатуры з мэтай паратунку рэжыму, як агентура зрывала Народны Байкот і дурыла людзей фальшывымі лёзунгамі. І многае іншае.

На адкрыцьці Музэя будуць гучаць беларускія рэвалюцыйныя песьні, выступы герояў Нацыянальнага супраціву.

У цэнтры сталіцы вызваленай Беларусі будзе Музэй праўды аб беларускай трагедыі і аб перамозе беларускага духа.

Янка Базыль