ПРА МАСКОЎСКАЕ ВЯЛІКАДЗЯРЖАЎЕ

posted Jun 4, 2012, 12:21 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 4, 2012, 12:22 PM ]
Час ад часу ў інфармацыйнай прасторы зьяўляюцца тэксты расейскіх аўтараў, у якіх ёсьць цьвярозая расейская самаацэнка. Прыкладам можа паслужыць артыкул Ірыны Паўлавай, апублікаваны ў расейскай інтэрнэт-газэце Грані.Ру. І. Паўлава — вядомы маскоўскі палітолаг, жыве і працуе ў ЗША. Яна спрабуе нагадаць “лібэральнай грамадзкасьці” пра тое, што Пуцін зь яго канторай — гэта ня проста “партыя жулікаў і злодзеяў”, а зьява значна больш складаная пры ўсёй яе крымінальнай сутнасьці.

І. Паўлава канстатуе няздольнасьць маскоўскіх лібэральных лідэраў адступіцца ад вялікадзяржаўя і імпэрыялізму. У гэтым яны сапраўды нічым не адрозьніваюцца ад згаданых “жулікаў і злодзеяў”. Толькі аўтар не згадвае (а можа яна пра гэта і не здагадваецца), што лібэральныя лідэры (Нямцоў і іншыя) ёсьць даўняй кліентурай Крамля-Лубянкі і да самой сьмерці сваёй яны будуць служыць сваім гаспадарам, падманваць грамадзтва і выконваць крамлёўска-лубянскія праекты. Хаця І. Паўлава прызнае, што гэтае грамадзтва вельмі рада падманвацца: для яго самай галоўнай каштоўнасьцю зьяўляецца імпэрыя, і ў гэтым яно нічым не адрозьніваецца ад крамлёўска-лубянскай хунты.

Як правіла, расейскія нават цьвярозыя паліткамэнтатары ня згадваюць пра тое, што на вастрыі маскоўскай імпэрскай экспансіі знаходзіцца наша Беларусь. Ды й што ім наша Беларусь! А вось для нас разуменьне гэтага павінна быць самым важным. Захад яшчэ не ўсьведамляе, што запланаванае Масквой паглынаньне Беларусі будзе першым крокам, першым рыўком вайны супраць заходняй цывілізацыі.

Паводле традыцыі Мюнхенскай змовы 1938-га, заходнія лібэралы спадзяюцца задаволіць драпежніцкія апэтыты крамлёўскіх “лібэралаў” беларускай ахвярай. Як тады, так і цяпер, у тытульнага народу, прызначанага на ахвяру, яны пра яго думку не пытаюцца.

Не выпадкова, ледзь надзеўшы на сваю галаву шапку Манамаха, Пуцін робіць свой першы міжнародны ваяж менавіта ў Беларусь. Гэта дэманстрацыя падрыхтоўкі да імпэрскай перамогі над першай ахвярай экспансіі. Расейская грамадзтва зьбіраецца з энтузіязмам прыняць гэты падарунак ад свайго начальства. Яно ня супраць, яно — за.

У сувязі з гэтым беларусы павінны зразумець некалькі важных рэчаў. Ня трэба мець ілюзорных спадзяваньняў на падтрымку заходняга лібэралізму і (тым больш) маскоўскага гэбізму, ня трэба верыць іхным словам пра мір і дэмакратыю. Яны ўжо даўно заблыталіся ў хлусьні і фальшу, іх за гэта пачынаюць ненавідзець народы. Праўда ёсьць адна — беларускі народ павінен сам абараніць сваю краіну і свае багацьці. А пачынаць барацьбу трэба з усенароднага Байкоту антыбеларускага рэжыму зь яго русіфікацыяй, разрабаваньнем нашай маёмасьці і фальшывымі “выбарамі”. Каб ліквідаваць антынародны рэжым найперш трэба перастаць яго падтрымліваць, адвярнуцца ад яго.

Алесь Хадасевіч

Апантанасьць вялікадзяржаўнасьцю

Свой апошні артыкул на “Гранях” я скончыла сьцьверджаньнем, што “для выпрацоўкі адэкватнай стратэгіі на будучыню ў лібэральнай грамадзкасьці не стае цьвярозага погляду на навакольную рэчаіснасьць”. Я хачу вярнуцца да гэтага тэзісу і дапоўніць яго тлумачэньнем, што тычыцца зьнешняй палітыкі, тым больш што для гэтага ёсьць нагода — рашэньне прэзыдэнта Пуціна ня ехаць на саміт G8. Сярод расейскіх лібэралаў пануе думка, што ён адмовіўся, бо збаяўся.

Паказальна, што лібэральная апазыцыйная прэса, як правіла, не вядзе атаку супраць расейскай дыпляматыі. Між тым яна застаецца найбольш зачыненай вобласьцю крамлёўскай палітыкі. Вядомым застаецца толькі тое, чаму дазваляецца выйсьці на паверхню. Здавалася б, у такіх умовах павінны быць асабліва цікавымі разважаньні, намёкі, прагаворкі тых, хто дапушчаны ў калідоры Крамля. Тут бы трэба было прыслухацца да думкі былога дарадчыка Пуціна Глеба Паўлоўскага. У свой час ён недвухсэнсоўна даваў зразумець, што ня быць “ашмёткам эўраатлантызму” — вось магістральны накірунак зьнешняй палітыкі Крамля. Ды й цяпер ён гаворыць, што, не паехаўшы на саміт, Пуцін перш за ўсё “выказвае сваю незадаволенасьць заўвагамі з боку ЗША наконт мітынгаў апазыцыі ў Маскве і паказвае сваю незадаволенасьць “тупіком” у перамовах па СРА (Супрацьракетнай Абароны)”. Па сутнасьці гэта ёсьць ні што іншае, як палітычны жэст.

Агульны тон выказваньняў як самых жыхароў Крамля, так і падуладных экспэртаў не пакідае сумніву ў тым, што мэта цяперашняй расейскай улады — фундамэнтальна аслабіць ЗША, пашырыць межы свайго ўплыву ў сьвеце, зрабіць Расею месцам збору ўсіх антызаходніх сілаў. А лібэральныя палітыкі ўвесь час прадстаўляюць Крэмль толькі ў іміджы злодзейскай улады, дапускаючы яго арыентаванасьць толькі на абарону нацыянальных інтарэсаў, але толькі ва ўласных злодзейскіх мэтах. Партыя жулікаў і злодзеяў, адным словам! Пры тым, што Крэмль актыўна дзейнічае на міжнароднай арэне, яго прадстаўнікам упарта адмаўляюць у наяўнасьці ўласных уяленьняў пра месца Расеі ў сьвеце з тае прычыны, што яны трымаюць свае капіталы на Захадзе і г.д. Мяркуецца, што ў гэтага рэжыму, у адрозьненьні ад савецкага, няма ні ідэалогіі, ні ўзбраеньняў, каб нават прэтэндаваць на якое-кольвечы супрацьстаяньне з Захадам.

Але рэчаіснасьць сьведчыць пра адваротнае. Ідэалогія ў рэжыму ёсьць. Гэта антызаходніцтва і вялікадзяржаўе — і, між іншым, значна больш артыкуляваныя і агрэсіўныя, чым у часы халоднай вайны. Што тычыцца ўзбраеньняў, то яны ў такой колькасьці, у якой яны былі ў СССР, і не патрэбныя, калі ў арсэнале маюцца іншыя сродкі, якімі рэжым умее карыстацца. А гэта ня толькі ядзерная зброя, але і энэргарэсурсы. Урэшце, гэта валоданьне мастацтвам правакацыі. Тут у расейскага кіраўніцтва няма лепшага настаўніка, чым таварыш Сталін, якога зь яго падачы так шануюць у сучаснай Расеі і палітыку якога Паўлоўскі, калі быў дарадчыкам Крамля, называў вытанчанай.

Сталін сапраўды быў майстрам правакацый, самай буйной зь якіх стала яго праца па распальваньню Другой сусьветнай вайны. Уся строга засакрэчаная зьнешнепалітычная дзейнасьць Сталіна ў 1930-я гады — гэта пасьлядоўная лінія з мэтай пашырэньня свайго ўплыву і падрыўная дзейнасьць Камінтэрну ў заходніх краінах, і палітыка расколу антыфашыстоўскага фронту, якая спрыяла прыходу Гітлера да ўлады, і дамова з фашыстоўскай Нямеччынай ад 23 жніўня 1939 года з сакрэтным пратаколам аб раздзеле сфэраў уплыву ва Усходняй Эўропе, і з наступнымі ваеннымі дзеяньнямі. Аднак дагэтуль толькі Гітлер лічыцца распальшчыкам вайны, а Сталіну са згоды Захаду адведзена ганаровая роля вызваліцеля. Уся расейская гісторыяграфія і прапаганда сёньня літаральна мабілізаваны на абарону гэтай інтэрпрэтацыі, на ўслаўленьне Перамогі, на пошукі сучасных праяваў нацызму ў краінах Прыбалтыкі і Усходняй Эўропы. А яшчэ была правакацыйная роля Сталіна на пачатку карэйскай вайны, якая разглядалася ім як этап у падрыхтоўцы будучай вайны з Амэрыкай. Ды й ягоныя пасьлядоўнікі ў СССР не адмаўляліся ад планаў вайны з Захадам.

На маё перакананьне, Пуцін і Ко ня проста спадчыньнікі КГБ. Гэта людзі ідэі, і ў іх безумоўна ёсьць сваё ўяўленьне як пра расейскую мінуўшчыну, так і пра неабходнае месца Расеі ў сьвеце. Гэтае ўяўленьне пра яе як пра вялікую дзяржаву менавіта ў сталінскім разуменьні. Ідэя вялікадзяржаўя загучала ў Расеі ў сярэдзіне 1990-х і з тае пары мэтанакіравана праводзіцца ў жыцьцё. Нядаўнія крокі ў гэтым накірунку — прапанова Сусьветнага расейскага народнага сабору, які ўзначальвае патрыярх Кірыл, заканадаўча забараніць “перагляд вынікаў Вялікай Айчыннай вайны”, адраджэньне па ініцыятыве старшыні Дзярждумы Сяргея Нарышкіна Расейскага гістарычнага таварыства для барацьбы з “фальсіфікацыямі гісторыі” і падрыхтоўцы адзінага падручніка па расейскай гісторыі.

Пасьля сваёй паразы ў халоднай вайне з Захадам расейскія спэцслужбы ні ў якой меры не пакінулі ідэю рэваншу. На інфармацыйным фронце працу вядуць тэлевізійны канал Russia Today, фонд “Русскій мір”, Валдайскі клюб, філіялы Інстытута дэмакратыі і супрацоўніцтва ў Парыжы (Натальля Нарачніцкая) і Нью Ёрку (Андранік Мігранян). Расейская праваслаўная царква за мяжой і інш. На гэтую мэту працуе падтрымка антызаходніх рэжымаў ва ўсім сьвеце. Гэта і спісаньне пазыкаў афрыканскім краінам, і фінансавыя інвэстыцыі ў заходнія праекты, у тым ліку ў спартовыя клюбы, як у Рамана Абрамовіча і Міхаіла Прохарава. Актыўна выкарыстоўваюцца мафійныя структуры. Урэшце, планамерна ажыцьцяўляецца ідэя Эўразійскага саюзу як супрацьвагі Эўразьвязу. І ўсё гэта адбываецца ва ўмовах, калі Расея знаходзіцца ў значна больш выгадным эканамічным становішчы, чым Эўропа і ЗША.

Пераадольваньне сталінскага вялікадзяржаўя — вось самая галоўная праблема для расейскіх лібэралаў. Пра нацыяналістаў-імпэрцаў і левых гаворка ня йдзецца: яны гарачыя прыхільнікі гэтай ідэі. Сталінская ідэя вялікадзяржаўя як ніякая іншая сугучна абсалютнай большасьці расейскага насельніцтва. Больш таго, яна ўкарэнена ў яго сьвядомасьці, гэта аснова яго ўяўленьняў аб навакольным сьвеце. Гэтая ідэя сугучна таксама і абсалютнай большасьці лібэральнай грамадзкасьці, якая выступае сёньня супраць Пуціна ў палітыцы. Супраць Пуціна — так, але не супраць асноваў самой гэтай палітыкі.

Ірына Паўлава


Пераклад з расейскай