ЗАМЕЖНЫ ДРУК

posted Jun 4, 2012, 12:24 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 4, 2012, 12:24 PM ]
Гнюснасьць горшая за камуну

19 красавіка 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” пісала пра гучныя судовыя справы (было б дакладней сказаць — маразматычныя). Цывільны суд загадаў былому міністру адукацыі праф. Рышарду Лягутцы папрасіць прабачэньня ў двух ліцэістаў, якія патрабавалі выдаленьня крыжоў з школ, бо ён назваў гэтых ліцэістаў вельмі дакладным азначэньнем “расперазанымі смаркачамі”. І вось ужо ёсьць заява ў крымінальны суд на праф. Аляксандра Наляскоўскага, былога сябра Камітэту Пэдагагічных Навук Польскай АН, дэкана факультэту пэдагагічных навук Унівэрсітэту імя Мікалая Капэрніка. На навукоўца падаў скаргу П. Шчаплоцкі, таруньскі юрыст, які называе сябе самога адкрытым геям (пэдэрастам).

У дыскусіі ў Сэйме на тэму арганізацыі дзіцячых дамоў пад кіраўніцтвам гомасэксуалістаў праф. Наляскоўскі сказаў быў: “Гомасэксуальныя бацькі ня ў стане перадаць дзіцю ў працэсе сэксуальнага выхаваньня адпаведны накірунак сэксуальнага жыцьця. Іхны накірунак заўсёды будзе накірункам збочаным, хворым. Так, як гомасэксуалізм ёсьць хворым, хаця Міжнародная Арганізацыя Здароўя вызначыла, што ён ня хворы.” (Што там, аднак, за “вызначэньне” калі за дыягназ галасуюць: навука ж галасаваньнем не займаецца. — А. Х.). Праф. Наляскоўскі не мае намеру прасіць прабачэньня ў абстрактных збачэнцаў . Таруньскія гомасэксуалісты нападаюць на прафэсара і яго працадаўцаў.

Наш камэнтар: Чытаеш і вачам сваім ня верыш. Няўжо да хрысьціянскай Польшчы дакацілася нячыстая хваля агрэсіўнага лібэралізму? Палякам трэба ратаваць сваіх дзяцей ад лібэральнай гнюснасьці, якая аказалася горшай за камуну.

Алесь Хадасевіч


Нарвэгія ў маразме

19 красавіка польскі інфармацыйны партал “TOK.FM” апублікаваў матэр'ял пад тытулам “Як можна падаваць руку Брэйвіку? (Зьмена мэнтальнасьці)”. Галоўны рэдактар Радыё TOK.FM Эва Ванат: заявіла: “У судзе Брэйвіку падавалі руку, усьміхаліся яму. Як можна падаваць руку чалавеку, які зрабіў нешта такое страшнае?” (У нарвэжскім судзе над Брэйвікам суддзя і пракурор падалі руку і павіталіся з забойцам)

Псіхатэрапэўт Збігнеў Мілуньскі патлумачыў: “Мы інстынктыўна ацэньваем гэта паводле нашага культурнага коду, у якім падаваць камусьці руку азначае маральную падтрымку. Тым часам у Нарвэгіі ўсё можа быць зусім інакш”. Усьміхаліся і падвалі руку падсуднаму суддзі і адвакаты.

Наш камэнтар: Наколькі вядома, у старажытных вікінгаў-нарманаў і ў сучасных нарвэжцаў забойства, тым больш масавае забойства нявінаватых людзей (сваіх суграмадзянаў) лічылася вялікім грахом і злачынствам. Брусэльскі лібэралізм — гэтае зло нашай эпохі — усё перамяшаў і скасабочыў. Нялюдзкае стала людзкім, забойца стаў шанаванай у судзе асобай... Дзікі брусэльскі маразм.

Алесь Хадасевіч


Курс на зьнішчэньне

20 красавіка 2012 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведамляла пра падпісаньне дамовы паміж Японіяй і Украінай. Дзьве краіны забавязаліся аказваць узаемадапамогу ў выпадку аварый на АЭС.

Наш камэнтар: У той самы час антыбеларускі лукашызм будуе на нашай зямлі АЭС па маскоўскай (аварыйнай) мадэлі ды заяўляе, што будзе будаваць яшчэ і другую АЭС. Адэкватныя палітыкі імкнуцца абараніць свае народы, а шызоідны рэжым у Беларусі працуе на зьнішчэньне нашага народу.

Алесь Хадасевіч


Законы хунты будуць адменены

20 красавіка 2012 г. французкая газэта “Le Monde” паведамляла з Бірмы. На пачатку красавіка там адбыліся першыя дэмакратычныя парляманцкія выбары пад міжнародным пратэктаратам. Вялікую перамогу атрымала Нацыянальная Ліга дзеля дэмакратыі і яе лідар Аўн Сан Су Чы. На першым жа паседжаньні новага складу парляманту дэмакраты заявілі, што адмаўляюцца даваць прысягу на тэксьце Канстытуцыі краіны, які рэдагавала і прыняла ваенная хунта.

Наш камэнтар: Слушна робяць бірманскія змагары. “Канстытуцыя” хунты павінна быць адменена. Тое ж самае трэба будзе рабіць у Беларусі, вызваленай ад хунты.

Юрка Марозаў


Спосабы з лукашызму

20 красавіка 2012 г. бэльгійская газэта “De Standaard” апублікавала артыкул пад тытулам “Паспрабуй разабрацца: 10 кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Францыі”.

Наш камэнтар: Афіцыёзны істэблішмэнт так баяўся перамогі Марын Лё Пэн, кандыдаткі ад Французкага Нацыянальнага Фронту, што выставіў цэлую плойму розных “кандыдатаў” на любы густ. І лічба такая знаёмая з рэжымнага электаральнага шоў у Беларусі ў 2010 годзе — 10. Разьлічана было, што выбаршчыкі на першым туры расьцякуцца ў розныя бакі, а ў другі тур ўдасца не пусьціць кандыдатку Лё Пэн. Дэмакратыя нібыта, а спосабы знаёмыя з лукашызму.

Алесь Хадасевіч


Добра рабілі

21 красавіка 2012 г. іспанская газэта “АВС” паведамляла пра шматтысячную дэманстрацыю на плошчы Тахрыр у Каіры. Людзі патрабавалі не дапускаць кандыдаваць на прэзыдэнцкіх выбарах тых асобаў, якія былі блізкія да скінутага прэзыдэнта Мубарака.

Наш камэнтар: Лагічныя перадвыбарчыя патрабаваньні патрыётаў. У Беларусі таксама пасьля краху рэжыму не будуць дапушчаны да кандыдаваньня махровыя лукашысты і падстаўныя з псэўдаапазыцыі (схаваныя лукашысты).

Юрка Марозаў


Расеяц: “Дхоўнасьць і інтэлект — гэта глупства”

22 красавіка 2012 г. румынская газэта “Adevarul” пісала: “Расейскі віцэ-прэм'ер Дзімітры Рагозін сустрэўся на прыканцы гэтага тыдня з студэнтамі Фэдэральнага Уральскага Унівэрсітэту Ён распавёў маладым пра свае студэнцкія гады і пра тое, што яны павінны заводзіць дзяцей”. Газэта працытавала Рагозіна: “Калі я працаваў у НАТО, то я зразумеў, што ўвесь папулізм наконт таго, што трэба быць багатым з пункту гледжаньня духоўнасьці і інтэлекту, — гэта глупства. Сьветам кіруюць інтарэсы вялікіх дзяржаваў. Хто магутны, той замаўляе музыку. І гэтая магутнасьць павінна быць цьвёрдай як фізычна, так і з пункту гледжаньня ўзбраеньняў”.

Наш камэнтар: Уральскія студэнты завядуць дзяцей, а віцэ-прэм'ер Рагозін з крамлёўскай бандай пашлюць іх на вайну... Агрэсіўная дзікасьць і расперазанасьць крамлёўскіх монстраў становіцца ўсё больш дэманстрацыйнай. Ад такіх беларускаму народу трэба трымацца як мага далей.

Юрка Марозаў


Народ не выпускае з рук зброю

22 красавіка 2012 г. партугальская газэта “Jornal de Noticias” пісала пра рашэньне ААН арганізаваць наведваньне назіральнікаў гэтай арганізацыі сірыйскага горада Хомс, які на працягу месяца абстрэльваецца войскамі рэжыму. Нацыянальная Рада Сірыі (галоўная сіла апазыцыі) папрасіла ААН хутчэй паслаць туды назіральнікаў, каб тыя ўбачылі “злачынствы крывавага рэжыму”.

Наш камэнтар: Тэлеканалы ўсяго сьвету ўжо паказалі, як вайсковыя назіральнікі ў блакітных бэрэтах ААН прыязджаюць у сірыйскія гарады. Іх атачаюць тысячы змучаных вайной і рэпрэсіямі людзей, якія распавядаюць ім пра зьверствы рэжыму Асада. Але важна, што сірыйцы ня проста скардзяцца. У той жа час народ не выпускае з рук зброю і змагаецца супраць прамаскоўскага рэжыму Асада.

Юрка Марозаў