БАЙКОТ — ГЭТА НАСТУПАЛЬНАЯ АПЭРАЦЫЯ

posted Jun 12, 2012, 6:14 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 12, 2012, 6:15 AM ]
(Чэрвеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

10 чэрвеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы адзначылі, што цяперашняя задача па дэзінфармацыі грамадзтва для псэўдаапазыцыі надзвычай цяжкая. Адпрацаваны ўжо шэраг варыянтаў псэўдаапазыцыйнага падману грамадзтва: “Іді і скажі ему нет”, “Прагаласуй і заўтра настане вольная Беларусь”... Цікава, што на правінцыі людзі настроены яшчэ больш радыкальна, чым некаторыя ў сталіцы. Людзі заяўляюць: “Ня пойдзем на гэты падман, досыць!” Але падстаўныя структуркі замітусіліся, актывізаваліся, яны спрабуюць “разагрэць” грамадзтва, зноў загнаць нашых людзей на выбарчыя ўчасткі рэжымнага фарса.

Агульны сацыяльна-палітычны фон неспрыяльны для псэўдаапазыцыйнайга фальшу і спрыяльны для патрыятычнай мабілізацыі грамадзтва. Многім, вельмі многім беларусам стала зразумелым, што адбываецца з краінай і як трэба бараніцца разам. У сувязі з гэтым пачынаецца штучная мартыралогія псэўдаапазыцыі. У інфармацыйную прастору падаюцца інфармацыі пра нібыта арышты такіх адыёзных асобаў, як, напрыклад, сп. Пікулік (вядомы “дырэктар” кіруемага рэжымам “інстытуту”, які знаходзіцца ў Вільні). Гэты гастралёр, які ў розных эўрапейскіх сталіцах распавядае пра “філігранную палітыку Лукашэнкі”, уключаецца ў схему падману грамадзтва з мэтай зацягваньня беларусаў на выбарчыя ўчасткі шоў. І вось пра яго складаюцца пасіянарныя міфы.

Аднак гэтым “хітрым” манеўрам нельга ўжо падмануць шмат людзей. Фронтаўскім адказам на гэтае мельцяшэньне павінна быць наша асьветніцкая праца. Трэба цярпліва і пасьлядоўна тлумачыць грамадзтву неабходнасьць Народнага Байкоту. Трэба тлумачыць, што Байкот — гэта наступальная апэрацыя, гэта ёсьць сапраўдная і эфэктыўная форма змаганьня за вызваленьне Беларусі. Байкотам псэўдавыбараў не ліквідуюцца дыктатарскія рэжымы, але Байкот ёсьць важнейшым, рашаючым крокам на шляху вызваленьня.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра адміністрацыйны зьдзек з працоўных людзей, пра нікчэмныя заробкі ў гарадах і асабліва на вёсцы. Людзі ня могуць пракарміць свае сем'і, многія ня бачаць выйсьця з пасткі, у якую завеў Беларусь антынацыянальны рэжым. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі назіраецца крызісная зьява. З міліцыі масава звальняюцца супрацоўнікі, якія ня могуць за свае заробкі забясьпечыць сем'і. У мястэчках нясуць патрульна-пастарунковую службу нарады міліцыі з абласных цэнтраў. Крызіс ахоплівае структуры рэжыму. А ў той жа час лукашысты працягваюць будаваць свае абсурдныя “лядовыя палацы” і наладжваць дэманстрацыі сваёй “стабільнасьці” (пацёмкінскія “Дажынкі” і г.д.).

Рэжыму ўдалося раздушыць супраціў мясцовых людзей у пасёлку Дружным пад Менскам і ў Лідзе, дзе жыхары спрабавалі не дапусьціць пабудовы шкодных камбінатаў. Там цяпер разбудоўваюцца і пачынаюць сваю шкодную для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя вялікія атрутныя хімічныя камбінаты. Рэжыму ўдалося заглушыць супраціў толькі таму, што людзі супраціўляліся лакальна. А трэба падымаць і салідарызаваць усё грамадзтва. Народны Байкот — гэта важная форма народнай салідарнасьці.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 чэрвеня 2012 г.