ЗАМЕЖНЫ ДРУК (6-12.06.2012)

posted Jun 13, 2012, 8:09 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 23, 2012, 1:10 PM ]
Выбары ў Лібіі 

6 чэрвеня 2012 г. дацкая газэта “Information” напісала з Лібіі. Праз год пасьля падзеньня дыктатарскага рэжыму Кадафі ў краіне шмат праблем. Некаторыя гарады кантралююцца атрадамі баевікоў, павольна ідзе адбудова краіны, ёсьць высокае беспрацоўе. Але тым ня менш 2,7 мільёны выбаршчыкаў зарэгістраваліся напярэдадні маючых адбыцца першых дэмакратычных выбараў за апошнія 42 гады. Людзі спадзяюцца паправіць становішча ў краіне.

Наш камэнтар: Людзі рэгіструюцца і рыхтуюцца да ўдзелу в выбарах, таму што гэта ёсьць дэмакратычныя выбары пасьля ліквідацыі дыктатуры. Удзельнічаць трэба толькі ў такіх выбарах — гэта добра разумее лібійскі народ.

Алесь Хадасевіч


Народы раздушаць гідру

8 чэрвеня 2012 г. французкая газэта “Le Figaro” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейская мова паступова замацоўваецца ва Украіне”. Напісана пра спрыяньне прэзыдэнта Януковіча і ягонай Партыі Рэгіёнаў распаўсюджваньню расейшчыны ва Украіне. Расейшчына дамінуе на дзяржаным тэлебачаньні, хаця паводле закону ня менш за 75% тэлеэфіру павінны быць на дзяржаўнай мове. Міністар адукацыі русафіл Табачнік перапісвае падручнікі гісторыі. Украінская гісторыя падаецца цяпер як частка гісторыі Расеі, Галадамор (1932-33 гг.) названы не генацыдам украінскага народу, а “агульнай трагедыяй розных народаў СССР”. Падобна, што Януковіч прыняў вядомы лёзунг экс-прэзыдэнта Кучмы, які заявіў у 2001 г.: “У Эўропу разам з Расеяй”.

Наш камэнтар: Нават у традыцыйна русафільскай Францыі заўважылі працэс гвалтоўнай русіфікацыі Украіны прамаскоўскім рэжымам Януковіча. Такі ж працэс, толькі ў значна больш дэманстрацыйных і цынічных формах, адбываецца і ў Беларусі. Але нашы народы не дапусьцяць зьнішчэньня сваёй культуры і мовы, раздушаць гідру русіфікацыі.

Юрка Марозаў


Партугальцы шануюць сваё

11 чэрвеня 2012 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала фотаздымкі пра падрыхтоўку вялікай выставы, якую арганізоўвае Фонд Жазэ Сарамагу. Выстава прысьвечана 90-годдзю з дня нараджэньня выдатнага партугальскага пісьменьніка, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі Жазэ Сарамагу (1922-2010). Фонд на працягу доўгіх гадоў займаецца асьветніцкай дзейнасьцю, курыруе і стварае музэі і экспазыцыі, прысьвечаныя Сарамагу, выдае яго творы і забясьпечвае іх пераклады на іншыя мовы.

Наш камэнтар: Так робіцца ва ўсіх краінах, якія жывуць паўнавартасным нацыянальна-дзяржаўным жыцьцём і не знаходзяцца пад чужынскай акупацыяй. У Беларусі заўсёды было і цяпер ёсьць інакш, таму што наша краіна была і знаходзіцца цяпер пад акупацыйным рэжымам. Узгадаць хаця б лёс вялікага Уладзімера Караткевіча. Зусім зацерці памяць аб ім, зусім заглушыць ягоныя творы акупанты ня могуць. Але вядома, што ў архівах БТ, напрыклад, засталіся лічаныя фрагмэнты, дзе быў зазьняты Караткевіч. Яго не здымалі, запаўняючы бездарамі і кан'юнктуршчыкамі беларускі тэлеэкран. Дагэтуль няма помніка нашаму класіку ў сталіцы і многіх іншых гарадах. Справядлівасьць будзе адноўлена пасьля ліквідацыі акупацыйнага рэжыму.

Юрка Марозаў


Камуністычны злачынца Тухачэўскі

11 чэрвеня 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала рэцэнзію-анонс на новую кнігу польскага гісторыка Паўла Вечаркевіча “Справа Тухачэўскага”. Вечаркевіч разьвенчывае хрушчоўскі міф пра “геніяльнага палкаводца, выдатнага стратэга і добрага чалавека”. Тухачэўскі быў звычайным камуністычным злачынцам. Яшчэ Ленін палюбіў яго і зрабіў спэцом па мокрых справах — паслаў тлуміць сялянскія паўстаньні. Тухачэўскі заклікаў у 1920 г. “пакрыць зямлю трупамі белай Польшчы”. Ды тады ня выйшла. Ягоная сьмерць 75 гадоў таму (1937) — звычайная разборка паміж сталінскімі бандытамі.

Наш камэнтар: Даўно пара і беларускім гісторыкам сазаць праўду пра Тухачэўскага ды іншых маскоўскіх “геніяў”, пра іхныя злачынствы супраць нашага народу.

Алесь Хадасевіч


Так ім, фальшывым, і трэба

11 чэрвеня 2012 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра ператрусы ў Маскве. Паліцыя правяла ператрусы і канфіскавала матэр'ялы і кампутары ў кватэрах А. Навальнага, С. Удальцова, Б. Нямцова, І. Яшына і К. Сабчак. Гэтыя лідэры рыхтавалі на 12 чэрвеня марш апазыцыі ў Маскве.

Наш камэнтар: Стала вядома таксама, што ў Навальнага і Ксюшы Сабчак знайшлі ў кватэрах сумарна мільён эўра наяўнымі. Такая вось падаецца рэклама “лідэрам апазыцыі”, якія нібыта рыхтавалі “марш мільёнаў” у Маскве. Асабліва кур'ёзна выглядае ў гэтым кантэксьце вядомая тэлепутана Ксюша Сабчак, якая на розныя лады на працягу гадоў абслугоўвала крамлёўска-лубянскі рэжым.

Ад усёй гэтай “гераічнай сагі” патахае прафанацыяй, знаёмай нам па пасіянарных міфах пра менскіх падстаўных з псэўдаапазыцыі. Тое ж самае мельцяшэньне, арганізаванае гэбоўскімі структурамі. Калі б у Маскве была сапраўдная апазыцыя, то яна проста арганізавала б байкот апошніх выбараў Пуціна. Пустыя выбарчыя ўчасткі і разгублены крамлёўскі гном — вось была б сапраўдная перамога. Але ж не, нямцовы-навальныя павялі мільёны людзей “на выбары, скажем ім своё нет!” Вось і сказалі...

Алесь Хадасевіч


Грэцыя бярэцца за розум

12 чэрвеня 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла, што грэцкія палітычныя партыі завяршаюць падрыхтоўку да маючых адбыцца парляманцкіх выбараў. Вядома, што большасьць грамадзтва будзе галасаваць за антыэўрапейскі лагер, які з вялікай праўдападобнасьцю будзе выводзіць краіну з зоны эўра.

Наш камэнтар: Грэкі, падобна, маюць досыць новага “савецкага рубля” у новым “савецкім саюзе” са сталіцай у Брусэлі. А трэба было галасаваць за нацыянальных палітыкаў яшчэ раней ды ня слухаць падстаўных брусэльскіх падпявалаў, якія абяцалі “эўрарай на зямлі”.

Алесь Хадасевіч


Маскоўская шваль шукае сябе прыгодаў

12 чэрвеня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра рассьледваньне справы расейскіх хуліганаў, якія пабілі польскую абслугу на стадыёне ва Уроцлаве пасьля футбольнага матчу Расея-Чэхія. Высьветленыя імёны і адрасы гэтых шасьці злачынцаў. Але невядома, дзе яны знаходзяцца ў Польшчы. Магчыма, што яны ўжо выехалі ў Расею. Адзін зь іх — былы баец расейскага спэцназу. Яго пазналі па татуіроўцы.

Наш камэнтар: Маскоўская шваль біла нагамі польскую абслугу стадыёну, пакуль паліцыя высьвятляла іхныя імёны. Цяпер шукай ветру ў полі...

Але гэта яшчэ ня ўсё. Палякі паглядзелі на ўсё гэта і заявілі, што матч паміж камандамі Польшчы і Расеі 12 чэрвеня будзе “бітвай за Варшаву”. Нельга так зьневажаць народ на ягонай зямлі. Маскоўская шваль шукае сябе прыгодаў. І, падобна, дашукаецца.

Юрка Марозаў