(1937 — 17.06.2012) У Менску памёр адзін з старэйшых сяброў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Мікалай Уладзімеравіч Целіца. З самага пачатку дзейнасьці Народнага Фронту ён быў разам з намі. Мы запомнілі Мікалая Уладзімеравіча як прынцыповага чалавека, палымянага патрыёта, які не цярпеў фальшу і хлусьні, заўсёды супраціўляўся прыхаваным і адкрытым спробам заблытаць беларусаў, павесьці іх па крывой дарожцы псэўдаапазыцыі. Ён заўсёды казаў людзям праўду і жыў па праўдзе. Спадар Мікалай з году ў год выконваў фронтаўскую працу, не наракаючы на руціну. Ён верыў, што вынік гэтай працы абавязкава будзе, што перамога над сіламі зла настане. Адышоў у іншы сьвет шчыры і мужны змагар за вольную і незалежную Беларусь. Няхай будзе яму пухам родная зямля. Выказваем свае шчырыя спачуваньні сям'і і блізкім нябожчыка. Сябры і кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ 18 чэрвеня 2012 г. |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >