ІГУМЕНСКІ ШЛЯХ І СТАТЫСТЫКА АНТЫБЕЛАРУСКАЙ ВАЙНЫ

posted Jul 4, 2012, 12:08 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 4, 2012, 12:09 PM ]



24 чэрвеня сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правялі штогадовыя мэмарыяльныя мерапрыемствы памяці ахвяраў расейскага генацыду ў горадзе Чэрвені (былы Ігумень) Менскай вобласьці. Вялікая група прыбыла зь Менска і распачала мерапрыемствы каля будынка былой Ігуменскай турмы, дзе расейскія акупанты вязьнілі і катавалі беларускіх патрыётаў з 19-га стагоддзя. У гэтай вязьніцы каты НКВД трымалі вязьняў апошнюю ноч перад расстрэлам 26 чэрвеня 1941 г., пасьля таго, як прыгналі іх з менскай турмы. Расейцы падзялілі вязьняў на “крымінальных” і “палітычных” і адпусьцілі асуджаных па крымінальных артыкулах. На наступны дзень энкавэдзісты пагналі калёну вязьняў па шашы ў бок Расеі і непадалёк ад Чэрвеня адкрылі агонь па людзях. Было забіта больш за паўтары тысячы людзей, толькі нямногія здолелі ўцячы і выратавацца. Злачынства маскоўскага захопніка злучылася са злачынствам нямецкага захопніка нашай зямлі.

Фронтаўцы традыцыйна прайшлі шляхам беларускіх пакутнікаў пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і Гэрбам Пагоня. На магілах ахвяраў былі ўскладзены вянкі і кветкі, запалены сьвечкі, сьпявалі гімн “Магутны Божа”. Перад грамадой выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і КХП-БНФ, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі.

Выступоўцы казалі пра неўміручую памяць аб нашых сьвятых пакутніках — ахвярах расейскай акупацыі і акупанцкага генацыду беларусаў. Каты з расейскага НКВД толькі ў адным гэтым месцы забілі сотні ні ў чым невінаватых людзей Беларусі, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, працавітых рабочых і сялян, мужчын і жанчын, старэйшых і зусім маладых. Іх забілі менавіта таму, што яны былі беларусамі. А разам зь імі забілі ўвязьненых палякаў і летувісаў. Гэта была агульная бяда народаў — расейская бальшавіцкая акупацыя.

Мы павінны разумець, што калі для шэрагу іншых народаў гэта ёсьць гісторыя і памяць пра мінуўшчыну, то ў Беларусі працягвае сваё панаваньне той жа кіруемы з Масквы акупацыйны антыбеларускі рэжым. І ён працягвае тварыць тое, што рабіў заўсёды — нішчыць беларускую цывілізацыю, культуру, мову, традыцыю, разбурае эканоміку і праводзіць антычалавечыя экспэрымэнты над беларусамі. І мэтады тыя ж самыя — шалёная русіфікацыя, хлусьня, гвалт, паліцэйшчына, абрабаваньне, дэмаралізацыя. За 18 гадоў панаваньня антыбеларускага рэжыму наш народ нібыта без вайны згубіў амаль мільён людзей. Але гэта ёсьць статыстыка вайны, гэта ёсьць вайна на зьнішчэньне нашага народу.

У зьнішчэньні Беларусі палягае задача імпэрскай Масквы, якая карыстаецца паслугамі мясцовай рэжымнай і псэўдаапазыцыйнай кліентуры. Нашы пакутнікі заклікаюць нас быць пільнымі і не дазволіць падмануць сябе, быць салідарнымі, каб не паўтарылася страшная трагедыя савецкіх часоў. Наш народ павінен змагацца за сваё выжываньне. А выжыць можна толькі тады, калі мы пераможам імпэрскага монстра і вызвалім сваю краіну ад акупацыйнага рэжыму. Галоўная зброя нашага змаганьня — Беларуская Салідарнасьць усіх сумленных людзей, якім дарагая Айчына, родная беларуская мова, далучнасьць да нашай вялікай культуры.

Той, хто робіць так, як хоча акупант, той аддае на зьнішчэньне самога сябе. А акупант хоча, каб мы размаўлялі не па-беларуску, каб мы любілі зьнішчальнікаў і гвалтаўнікоў, каб мы славілі “велікую і неделімую” Расею. Трэба адвярнуцца ад акупанцкага рэжыму, не ісьці на яго падманныя псэўдавыбары, жыць у роднай беларускай мове, не прымаць маскоўскае хамства і нянавісьць, ачышчацца ад гэтай пошасьці. Будучыня Беларусі прыўкрасная. Настане канчатковы крах маскоўскай імпэрыі і вызваленьне народаў ад каланіялізму. Толькі нічога не бывае ў жыцьці само сабой. Трэба салідарнай працай на карысьць Бацькаўшчыны набліжаць гэты сьветлы час, не скарацца ворагу.

У грамадзе былі хлопцы і дзяўчаты — маладыя патрыёты, якія з хваляваньнем упершыню наведалі гэтыя мясьціны і ўшанавалі памяць ахвяраў. Менавіта ім жыць у вызваленай Беларусі. Ім адраджаць Беларусь і жыць у культурнай, вольнай краіне.

Мерапрыемствы былі закончаны сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

24 чэрвеня 2012 г.