СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

posted Jul 4, 2012, 12:10 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 4, 2012, 12:11 PM ]
Масква ўжо даўно адпрацавала мэтад эканамічнай акупацыі і разбурэньня нашай краіны. 

У Менску паціху пачынаецца кітайская акупацыя. Некаторыя раёны сталіцы выглядаюць ужо, як сапраўдны “чайна-таўн”. Напрыклад, у раёне парку “імя 40-годдзя Акцябра” кітайцаў ужо прыкметна больш, чым беларусаў. Яны перасоўваюцца групамі, жывуць групамі, паўсюль гучаць кітайскія дыялекты. Тут кітайцы будуюць супэр-гатэль “Пекін”. Калі надпісы ў публічных месцах будуць зьменены на іерагліфіку, то працэс трэба будзе лічыць завершаным. Рэжым працягвае злачыннае засяленьне нашай краіны чужымі этнасамі. Мэта рэжыму — канчатковая ліквідацыя нашага народу.

* * *

Іншая форма акупацыі вызначылася і ў сталічным раёне Навінкі. Тут беларусаў выжывае маскоўская кантора пад назовам РПЦ. Усё пачалося шэраг гадоў таму з рэкламных скрынак для збору ахвяраваньняў. Гэтыя скрынкі стаялі (і стаяць) ва ўсіх крамах. Іх таксама носяць перад сабой псэўдаманахіні РПЦ у публічных месцах нашых гарадоў. Надпісы на скрынках прапануюць здаваць грошы “на храм”. Было там і пра “Свято-Елісаветінскій монастырь в Новінках”. Гэты “монастырь” пабудавалі каля псіхіятрычнага шпіталя ў Навінках.

Але гэта быў толькі пачатак, толькі першы маскоўскі плацдарм. Далей-болей. Цяпер там разгарнулі “обшчежітія і гостініцы для странствуюшчіх”. Дзіцячыя пляцоўкі ліквідаваны, на іх месцы ставяць свае “мэрсэдэсы” “странствуюшчіе” бацюшкі і матушкі розных калібраў. На руках “праваслаўнай” намэнклатуры ярка зьзяюць гадзіньнікі-ролексы “а ля патрыярх Кірыл”. Бачна, што гэтая публіка вельмі сытая, самаўпэўненая і трактуе нашую зямлю як сваю маёмасьць. Днямі жыхарам Навінак паведамілі, што іхныя 5-павярховыя жылыя дамы будуць разбураны і на іх месцы будуць будаваць нейкія вялізныя аб'екты РПЦ. Жыхароў мяркуецца перасяліць у “гарады-спадарожнікі” (з сталіцы за дзесяткі кілёмэтраў ад яе). Беларусы ў шоку, яны зьбіраюцца абараняць ад РПЦ сваю жыцьцёвую прастору. Толькі ці ня надта позна? Патрыёты-фронтаўцы даўно папярэджвалі, што значыць нашэсьце Масквы і розных яе кантор на нашую зямлю.

* * *

Масква даволі ўжо даўно адпрацавала мэтад эканамічнай акупацыі і разбурэньня нашай краіны. Робіцца гэта наступным чынам. Падпісваюцца паперы па стварэньню нейкага “беларуска-расейскага холдынгу”. Потым дырэкцыю беларускага прадпрыемства запаўняюць маскоўцы, беларусам месца не застаецца. Потым маскоўцы вывозяць у Расею (бясплатна!) усе чарцяжы і матэр'ялы, датычныя прадукцыі беларускага прадпрыемства. Потым у Расеі ствараецца “дачэрняе прадпрыемства”, куды перадаюцца гэтая фактычна скрадзеная дакумэнтацыя. Лепшых інжынэраў і работнікаў часта таксама вывозяць у Расею, запрапанаваўшы ім вышэйшы заробак. І пачынаецца вытворчасьць прадукцыі. Потым пачынаецца экспансія тавараў, вырабленых у Расеі (паводле беларускай дакумэнтацыі). Наш рынак запаўняецца гэтым непатрэбным імпартам. Вынікам становіцца непазьбежны крах беларускага прадпрыемства, тысячы нашых людзей застаюцца без працы і сродкаў на жыцьцё. Пра гэта, напрыклад, нядаўна даведаліся жыхары Магілеўшчыны і Віцебшчыны. Іхныя крамы завалены лядоўнямі, вырабленымі ў Смаленску на “дачэрнім заводзе” Менскага завода лядоўняў. У бліжэйшы час трэба чакаць узмацненьня эканамічнай вайны супраць Беларусі. Усё больш людзей разумеюць, што спыніць гэты кашмар можа толькі ліквідацыя антыбеларускага рэжыму.

* * *

У чэрвені шмат надазаляла людзям інфармацыя пра футбольны чэмпіянат. Асабліва стараліся расейцы. Для іх гэта палітыка. Расхвальвалі сваю слабую каманду на ўсе лады. Калі грунтавацца на розуме, дык поўны абсурд (слабая ж каманда ня выйграе ад таго, што нехта так хоча). І вось палякі, беларусы і іншыя народы ўздыхнулі з аблягчэньнем. Дзікая арда маскоўскіх “заўзятараў” пакацілася з польскай зямлі прэч. Некалькі дзесяткаў тысячаў асобаў з пашпартамі РФ, пад чырвонымі сьцягамі і каласальным транспарантам з выявай гіганта з нажом і надпісам “Гэта Расея” паехалі назад у Расею “несолоно хлебавші”. Футбольная зборная невялікай Грэцыі разьбіла каманду 1/7 зямной сушы, зрабіла гэта імпэтна, па-майстэрску. Маскоўскія госьці так агрэсіўна гарлапанілі і выхваляліся сваёй “магутнасьцю”, так назалялі эўрапейцам, што ўрэшце прагнявілі алімпійскіх багоў. Дарэчы, сьмешна было слухаць тэлекамэнтатараў з Менску, якія камэнтавалі матчы з удзелам зборнай РФ. Яны на розныя лады нахвальвалі чужую зборную, так і гэтак вылічвалі яе “безумоўную перамогу”. А пасьля паразы неяк рэзка скісьлі. У іншых краінах такое тэлехалуйства проста немагчымае.

Уся гісторыя мела цікавае завяршэньне ў Маскве. У аэрапорт Шарамецева ўлады прыгналі некалькі батальёнаў унутраных войскаў знакамітай Дывізіі Дзяржынскага (“Дзікай дывізіі”), думалі, што маскоўскія фанаты будуць граміць “родную сборную” разам з аэрапортам. Футбалісты шпарка прабеглі з самалёта ў аўтобус і зьехалі з небясьпечнай зоны. Толькі ўсё было дарэмна: зборную ніхто не сустракаў...

* * *

У любы сэзон, у любое надвор'е на вуліцах і ў дварах жылых кварталаў Менску і іншых вялікіх гарадоў Беларусі гадамі назіраліся дынамічныя сцэны. Групамі па 8-10 чалавек на ходніках, дзіцячых пляцоўках і ў пад'ездах працавалі мужчыны і жанчыны з камунальнай службы. Сваімі яркімі строямі яны нагадвалі мушкецёраў караля або гвардзейцаў кардынала. Людзям, здольным на аналітыку, было зразумела, што йдзецца пра прыхаванае беспрацоўе. Час ад часу групы прыбіральшчыкаў скідваліся і падымалі сабе настрой пляшкай сьпіртнога. Але ў цэлым такая колькасьць людзей забясьпечвала чысьціню і парадак. Сёлета гэтыя масавыя сцэны не назіраюцца. Заробкі “мушкецёрам” апусьцілі настолькі, што людзі масава звольніліся з ЖЭКаў. Цяпер у дварах і на вуліцх можна зрэдку сустрэць самотную постаць прыбіральшчыцы. Гэта, як правіла, людзі, якіх ужо ніхто ў іншых месцах на працу не бярэ паводле сацыяльнага стану і фізычнага здароўя. На вялікіх жылых тэрыторыях стаіць няскошаная трава па пас, няма ўжо таго параднага выгляду каля месцаў збору сьмецьця. Усё перамянілася ў горшы бок.

Янка Базыль