ЖАХІ РАСЕЙСКАЙ АРМІІ

posted Jul 12, 2012, 11:31 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 12, 2012, 11:32 AM ]
Ва ўмовах “новай рускай дэмакратыі” (інакш кажучы — гэбізму) расейская армія застаецца той жа самай крымінальнай па сутнасьці і традыцыях арганізацыяй. Таму, хто мае ілюзіі наконт Расеі, раім прачытаць паведамленьне з сайта Ясная.ру. Наш народ павінен зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб не дапусьціць ліквідаці Беларускай дзяржаўнасьці і паглынаньня расейскай імпэрыяй нашай Радзімы. Трэба абараніць беларускую моладзь ад жахаў расейскай арміі.

Палігон лягернага рэжыму

Назоў Ашулук вядомы шмат каму. Некаторыя журналісты ахрысьцілі гэты палігон у Астраханскай вобласьці, дзе зьнішчаюць састарэлыя снарады, выклятым месцам. Яшчэ б: на працягу году адсюль было 14 “грузаў 200” (так называюцца ў расейскай арміі труны з вайскоўцамі, што загінулі — заўвага перакладчыка)! Але, насьмелюся меркаваць, што вядомасьць Ашулука зьвязана перш за ўсё з актыўнасьцю праваабарончых арганізацый, у першую чаргу — Астраханскага абласнога Камітэту жаўнерскіх матак. У забайкальскіх стэпах няма арганізацый, параўнальных зь імі па прабіўной сіле, таму палігон Цугол такой вядомасьці не мае, хаця яе цалкам заслугоўвае.

Першае разгорнутае апісаньне таго, што там адбываецца, зьявілася год таму на сайце пасёлка Ясная: “Грандыёзнае мерапрыемства, якое вымяраецца вагонамі і нават эшалонамі, ператварылася ў падобнае на будаўніцтва Калізэю ў старажытным Рыме — жаўнеры па сутнасьці сталіся яго рабамі. Яны пераносяць на сябе тысячы тонаў баепрыпасаў (3-4 вагоны штодня), працуюць да 2-4 гадзінаў начы. Харчаваньне не арганізаванае (...). Ужо пяць жаўнераў, баючыся памерці на гэтых працах, пачалі глытаць іголкі, пасьля чаго патрапілі ў вайсковы шпіталь ст. Ясная. Цяпер іх будуць судзіць за самапашкоджваньне”.

У камэнтарах да артыкулу — абвяржэньне, больш падобнае на пацьверджаньне: “Няма тут ніякіх іглапаглынальнікаў. Не, ну былі выпадкі, але гэта не ад цяжкой працы, не ад таго, што яны стаміліся працаваць па 24 гадзіны. Проста патрапілі на Цугол пару суіцыднікаў, лентухоў, якія ня хочуць нічога рабіць, вось і глытаюць іголкі ды жруць, каб ухіліцца (30.03.2012). “Узрывалі і будзем узрываць. Кропка”, — нехта напісаў пад нікам “рабаўладальнік”.

Адрывачныя зьвесткі пра Цугол мільгалі ў лістах рэгіянальных арганізацый. А на прыканцы красавіка зьявіўся зварот бацькоў жаўнераў, якія служаць на палігоне, да Прэзыдэнта і Дзяржаўнай Думы. Зь яго, а таксама з паведамленьняў на бацькоўскім форуме, можна скласьці ўяўленьне аб тым, куды трапляюць прызыўнікі, “якім пашэнціла” і якія паверылі ў песьні пра “новы выгляд арміі”.

Разуменьне гэтага прыходзіць у першыя ж гадзіны знаходжаньня ў лягеры. Мабыць, адразу чалавека можна аглушыць поўным беспрадзелам — добры спосаб адбіць ахвоту супраціўляцца.

Тых, што прыбылі туды 14 красавіка, не паставілі на забесьпячэньне. Тры дні яны даядалі сухія пайкі з дарогі, удзень іх не выпускалі з намёту. На вуліцы буран — яны каўнеры паднялі і сядзелі скурчыўшыся. І на тых, каго прывезьлі ўноч з 19 на 20 красавіка, таксама харчаваньня не прадугледзелі. “Чатыры дні сьнег і мяцеліца, а яны прастаялі на плацу, кармілі іх тым, што заставалася на кухні. Або яны елі тое, чым дзяліліся тыя, хто прыбыў раней, самы такія ж галодныя хлопцы. На ноч пускалі ў намёты проста ў мокрай вопратцы да такіх жа стомленых і мокрых хлопцаў. А раніцай зноў трэба стаяць на плацу і так чацьвёра сутак. За што??????!!!!!!” — крычыць на форуме маці жаўнера.

Аднак, калі вырашылі паставіць прыбылых на запесьпячэньне, гэта зусім не азначала сканчэньня галадухі. Адзін жаўнер паведаміў пра дзьве лыжкі супу на абед і вячэру разам узятыя. Другі распавядае, што даюць на 16 чалавек норму на шасьцёх, а кухарыха на прэтэнзіі адказвае: “Загад быў класьці менш”. Трэці паведаміў па тэлефоне, што елі за дзень адзін раз, давалі на вячэру грэчку, кавалак сала і пернік. Вада, у тым ліку і пітная — дэфіцыт, жаўнеры пакутуюць ад смагі. Шмат скаргаў на антысанітарыю. На форуме зьявілася паведамленьне, што ў адным з лягяроў (а іх пры палігоне некалькі) арганізаваны канцін з-за дызэнтэрыі.

Прыбылі хлопцы на палігон для пагрузачна-разгрузачных працаў. Пад'ём у іх а 6 раніцы, вяртаюцца ў лягер часам а 3 гадзіне ўначы. Працы могуць працягвацца ў цёмны час сутак, часам без перапынку на абед, бо патрабуецца выконваць план. Бывае, што на брыгаду даводзіцца па 10 машын. Няма сродкаў малой мэханізацыі, жаўнеры рукамі падымаюць, на плячах перасоўваюць скрыні з снарадамі вагой ад 60 кг і больш. Скрыні гнілыя, рассыпаюцца проста ў руках. Пішуць, што адному снарад упаў на нагу, раздрабіла пальцы, другі зламаў чатыры пальцы на руцэ. Шпіталі пасёлкаў Барзя і Ясная перапоўнены — траўмы, зламаныя канчыны, прастудныя захворваньні.

Ад невыноснай стомы прытупляецца пачуцьце небясьпекі. Бронекамізэлькі і каскі выдаюцца толькі сапёрам, што працуюць на падрыве.

Некаторым срочнікам “пашэнціла” кіраваць машынамі з снарадамі. Машыны нагружаюць даверху, усе скрыні гнілыя, вязуць па калдобінах, пыл ад машын такі, што дарогі ня бачна. Бывае, нешта звальваецца.

А машыны гэтыя без тармазоў, колы лысыя, шыбаў няма. Многія жаўнеры ў аўтамабільнай тэхніцы разьбіраюцца слаба. Колы, лямпачкі нехта крадзе з машын. Мучаюцца зь імі цэлымі днямі. “Паводле дзікай армейскай традыцыі жаўнер сам рэмантуе сваю машыну і сам здабывае для яе запчасткі. Калі няма запчастак, у камандзёраў адзін адказ — нараджай. Машына павінна выйсьці на лінію”, — піша, мабыць, знаёмы з “традыцыямі” не з чутак.

Часам палігон наведваюць тэлевізыйшчыкі. Да іх прыезду жаўнерыкаў апранаюць у адпаведнасьці з тэхнікай бясьпекі. Балазе, нават у гэтых выпадках экіпіроўкі хапае не на ўсіх. Афіцэр перад камэрай дае інтэрвію, тэлебачаньне ад'язджае, бронекамізэлькі і іншае зьнікаюць з жаўнерскай экіпіроўкі.

Зазначым, што ў такіх такелажнікаў статус прыкамандыраваных. Афіцыйна яны служаць у іншых, часта вельмі аддаленых ад палігонаў вайсковых частках. Па ідэі, павінна быць ратацыя. Але рэальна многія амаль увесь год службы (за вылічэньнем зімовага перапынку выбуховых працаў) праводзяць на палігонах. Маці аднаго з жаўнераў піша: “Мой сын на гэтым палігоне быў і ўвосень. Муж прыязджаў туды, жахнуўся ад убачанага! Роднага сына не пазнаў, адны вочы блішчаць, твар і рукі чорныя, вопратка — няма словаў... Сам некалі служыў на БАМе, але кажа, што нават там у такіх умовах не жылі!” Жаўнеры працуюць без усялякага спадзяваньня на сканчэньне “камандыроўкі”. Спадзяюцца толькі на бясконца далёкую дэмабілізацыю.

Пра нестатутныя адносіны пісаць ня буду. Шмат гаварылі аб тым, што пры службе ў адзін год яе няма. Нікуды яна не падзелася. Толькі на самай справе трэба казаць не пра “дзедаўшчыну”, а пра “афіцэршчыну”.

Калі з Адміністрацыі Прэзыдэнта прышло паведамленьне, што ліст мацерак перадалі ў вайсковую пракуратуру, начальнікі хутка вылічылі жаўнераў, чые маці падпісвалі і накіроўвалі зварот. Адна зь іх піша на форуме: “Выклікаў сына камандзёр, выпытваў, дапытваў, пытаў, што ён яшчэ маці распавёў, прымусіў напісаць ліст бацькам і не запячатваць, сам прачытаў і папярэдзіў, што калі чаго яшчэ нагаворыць, то дадому не даедзе”. Маці зноў зьбіраецца ехаць на палігон.

Але настала для некаторых гадзіна вызваленьня. На форуме замільгаў расфарбаваны і анімаваны надпіс: “Ура! Мы Радзіме больш не вінаватыя!”

Але і на гэтым ня скончылася дэманстрацыя непавагі да чалавечай годнасьці: шмат скаргаў паступае на тое, што на дэмабілізацыю жаўнеры едуць з часткі сваім ходам. Арганізацыя адпраўкі нікчэмная. Білеты сваечасова не набываюцца, да чыгуначнай станцыі жаўнеры часта дабіраюцца самастойна і за свой кошт.

Людзьміла Вахніна

Пераклад з расейскай.