ЗАКЛІКАЕМ ДАПАМАГЧЫ ВЫЗВАЛІЦЬ З ТУРМЫ ВЯЗЬНЯ СУМЛЕНЬНЯ СЯРГЕЯ КАВАЛЕНКУ

posted Jul 24, 2012, 12:45 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 24, 2012, 12:46 PM ]
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — Беларускі Народны Фронт 
Conservative Christian Party — Belarusian Popular Front 

(+375 17) 261-36-74 MINSK (BELARUS) 

(Зварот да дэпутатаў Эўрапейскага Парляманту) 

19 сьнежня 2011 г. у горадзе Віцебску быў затрыманы міліцыяй у сваёй кватэры Сяргей Каваленка, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. У той жа дзень яго абвінавацілі ў парушэньні рэжыму ўмоўнага пакараньня і кінулі за краты. Справа ў тым, што ў 2010 г. суд прыгаварыў С. Каваленку да адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі на 3 гады. С. Каваленку судзілі за тое, што ён 7 студзеня 2010 г. узьняў нацыянальны беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг над 40-мэтровай каляднай ялінай у цэнтры Віцебска. Пры затрыманьні яго моцна зьбілі афіцэры міліцыі, С. Каваленка моцна пацярпеў (ёсьць матэр'ялы судмэдэкспэртызы), але не аказваў супраціву міліцыі, а толькі гукаў “Жыве Беларусь!”

Пасьля вынясеньня прысуду ў 2010 г. міліцыя рэгулярна ўваходзіла ў кватэру, дзе жыве сям'я С. Каваленкі, для праверкі выкананьня рэжыму (ці ён знаходзіцца на месцы). Як правіла гэтыя праверкі рабіліся па начах і па некалькі разоў у суткі. Падчас інспэкцый малыя дзеці С. Каваленкі былі напалоханы і не маглі спаць.

С. Каваленка выдатна выконваў грамадзянскі і сямейны абавязак: займаўся выхаваннем і адукацыяй дзяцей, працаваў і матэрыяльна забяспечваў сям'ю з 5-ці чалавек, у якой двое непаўналетніх дзяцей, маці і жонка ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзіцем. Нягледзячы на гэта з 19 сьнежня С. Каваленку ўтрымлівалі за кратамі і зноў ушчалі сьледства ў ягонай справе.

24 лютага 2012 г. у дачыненні сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі-БНФ Сяргея Каваленкі судом Першамайскага раёна г. Віцебска прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ў папраўчай калоніі во ўмовах агульнага рэжыму на 2 гады і 1 месяц па артыкуле 415 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі). Адным з аргумантаў абвінавачваньня было аднаразовае парушэньне С. Каваленкам рэжыму — спазьненьне на 1 хвіліну (ён павінен быў быць у сваёй кватэры пасьля 21.00, але яго спэцыяльна затрымалі на вуліцы супрацоўнікі міліцыі).

Пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь №18 ад 20.12.2007 г. дадзена вызначэньне аб парадку прымянення артыкула 415 КК РБ, якое гаворыць пра тое, што для прымяненьня арт. 415 КК мусіць быць злосны характар і наўмыснасьць у дзеяннях асобы, якая адбывае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без напраўленьня ва ўстанову адкрытага тыпу. Падчас судовага працэсу не атрымаў пацверджаньня ні адзін эпізод, які б сведчыў аб наўмысным ухіленьні Сяргея Каваленкі ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежавання волі без напраўлення ва ўстанову адкрытага тыпу.

За несвоечасовае адзначэньне ў інспекцыі, ён быў ужо спаўна пакараны. Пры гэтым яго паводзіны не прынесьлі і не маглі прынесьці якой-небудзь шкоды грамадству. Мы лічым, што вынесены прысуд за ўхіленьне ад адбыцця пакараньня зьяўляецца антызаконным, непрапарцыянальны зробленаму учынку.

З 19 снежня 2011 года Сяргей Каваленка ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, неаднаразова выказваў уладзе словамі і дзеяннямі свае палітычныя погляды супраць парушэння правоў, і з 19 сьнежня 2011 г. абвясціў афіцыйную галадоўку пратэсту супраць беззаконьня ў адносінах да яго.

Пасля 30-дзённай галадоўкі Сяргея Каваленкі турэмныя лекары пачалі карміць яго насільна. Пры гэтым зьбівалі яго і пагражалі павыбіваць яму зубы. Каваленка вымушаны быў спыніць галаданьне. Але падчас судовых пасяджэньняў у лютым 2012 г. высветлілася, што, замест прымянення мэдычных мэтодык па выхаду з галадоўкі без шкоды для здароўя, работнікі мэдсанчасткі Віцебскага СІЗА (турэмнага арышту) спэцыяльна прыносілі яму ўзмоцненыя порцыі грубага харчаваньня, што магло прывесьці да страты здароўя ці смерці С. Каваленкі. Такія дзеяньні турэмнай адміністрацыі кваліфікуюцца як катаваньне.

Наша Партыя звярталася да кіраўніцтва Першамайскага раённага аддзела г. Віцебска Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь з прапановай разглядзець пытаньне аб змяненьні меры ўтрыманьня для Сяргея Каваленкі на больш мяккую. Пры гэтым Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя-БНФ выказала просьбу аб вызваленьні С. Каваленкі пад падпіску аб нявыезьдзе і пад заклад, адзначыўшы, што гэта выклікана неабходнасьцю прыняцьця тэрміновых мер для захаваньня здароўя і жыцьця мужнага патрыёта, што для гэтага маюцца дастатковыя прававыя падставы, прыдугледжаныя артыкуламі 108 і 124 КПК РБ, што Сяргей Каваленка ня меў выпадкаў ўхілення ад яўкі ў праваахоўчыя органы, мае пастаяннае месца жыхарства, пражывае з сям'ёй, працуе. Аднак станоўчага рашэньня на заяву Партыі Першамайскім раённым аддзелам г. Віцебска Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь прынята не было.

Наша Партыя таксама звярталася ў пракуратуру Першамайскага раённага аддзела г. Віцебска з прапановай разглядзець пытаньне аб змяненьні меры стрыманьня для Сяргея Каваленкі на больш мяккую. Пры гэтым Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя-БНФ выказала просьбу аб вызваленьні Каваленкі С. А. пад падпіску аб нявыезде і пад заклад, Аднак пракуратура Першамайскага раёна г. Віцебска дадзены зварот не разгледзела і накіравала справу ў суд. Партыя патрабавала ад уладаў тэрмінова прыняць меры пракурорскага рэагаваньня з мэтаю выратаваць жыцьцё Сяргея Каваленкі — перавесьці яго на лячэньне ў шпіталь Мінздрава РБ, адмяніць незаконны прысуд вынесены яму. Партыя патрабавала правесьці пракурорскае рассьледваньне дзеяньняў супрацоўнікаў мэдчасткі Віцебскага СІЗА ў дачыненні да Сяргея Каваленкі, якія ўтрымліваюць прыкметы замаху на забойства Сяргея Каваленкі.

У знак пратэсту супраць чынімага да сваёй асобай беззаконьня Сяргей Каваленка 8-га лютага ўзнавіў галадоўку і спыніў яе 12 красавіка 2012 г., пасьля гвалтоўнага прымусовпа кармленьня і просьбе сям'і, партыйных калегаў, прадстаўнікоў беларускай і міжнароднай грамадзкасьці. Цяпер ён знаходзіцца ў турме, дзе не атрымлівае неабходных лекаў для аднаўленьня свайго падарванага здароўя. Адміністрацыя турмы прымушае зьнясіленаагга чалавека выконваць фізычную працу разам з іншымі зьняволенымі і рэгулярна накладае на яго пакараньні паводле сфабрыкаваных абвінавачваньняў у парушэньні працоўнай дысцыпліны. Стан здароўся С. Каваленкі выклікае вялікія апасеньні, яго далейшае жыцьцё знаходзіцца пад пагрозай.

У 2010 і 2012 гг. Суд, пануючага ў Беларусі, рэжыму, вынес жорсткія і несправядлівыя прысуды С. Каваленку за тое, што ён узьняў на каляднай яліне нацыянальны беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Адбываецца жорсткі палітычны перасьлед беларускага патрыёта антыдэмакратычным рэжымам, які зьдзяйсьняе ў Беларусі здушэньне беларускай мовы і культуры, перасьледуе грамадзянаў за выкарыстаньне беларускай нацыянальнай сымволікі.

Мы заклікаем дэпутатаў Эўрапейскага Парляманту выказаць салідарнасьць з вязьнем сумленьня Сяргеем Каваленкам. Заклікаем агучваць гэтую чалавечую трагедыю і злачынства рэжыму падчас працы Эўрапарляманту і зьвяртацца з патрабаваньнямі вызваліць С. Каваленку. Просім таксама прапанаваць дапамогу сям'і С. Каваленкі праз гуманітарныя арганізацыі. Жонка, двое дзяцей (хлопчыку 7 гадоў, дзяўчынцы 11 месяцаў) і маці вязьня (пэнсіянерка) знаходзяцца ў вельмі цяжкім матэрыяльным стане пасьля арышту кармільца.

5 ліпеня 2012 г.

Кіраўніцтва КХП — БНФ

Старшыня Зянон Пазьняк

намесьнікі Старшыні: Юры Беленькі, Сяргей Папкоў