СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

posted Aug 2, 2012, 5:14 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 2, 2012, 5:15 PM ]
Відаць амаль усе без выключэньня жыхары нашых гарадоў сустракаліся з “пікетамі” так званых “сьведкаў Яговы”. Гэтыя “сьведкі” спыняюць людзей на вуліцах і нават звоняць у дзьверы прыватных кватэраў, прапануюць беларусам “вместе ізучать Біблію”. Большасьць грамадзянаў адразу ж адмахваецца ад іх. Некаторыя беларусы пытаюцца: “А чаму вы, якія называеце сябе прапаведнікамі, зьвяртаецеся да мяне на маёй зямлі на чужой мне расейскай мове? Чаму вы ня ўмееце нават размаўляць па-беларуску? Вядома, што апосталы прапаведвалі сваё вучэньне на мове народа, у краіне якога знаходзіліся”. Некаторыя з “сьведкаў” губляюцца, некаторыя бадзёра тлумачаць: “А зачем по-белорусски? Всё сгорит в пламене, настанет конец света. Зачем нам учить этот язык? Какая разница?” Пачуўшы пра “какую разніцу”, і гэты цярплівы беларус адмахваецца ад навязьлівых і шыбуе сваёй дарогай.

Вядома, што гэтыя “сьведкі” адмаўляюць у Бібліі самае істотнае: боскую натуру Хрыста, Тройцу, Крыж, Божую Маці і шмат яшчэ чаго. Здавалася б, паўсюль у сьвеце ёсьць шмат розных арыгіналаў, сэктаў, тэндэнцый і г.д. Толькі вось жа цікава, гэтая сэкта існуе ў 230 краінах сьвету. Па навязьлівасьці і нахабству яе ачмурэнцы б'юць усе рэкорды, але паўсюль яе “прапаведнікі” зьвяртаюцца да людзей на мове тытульнага народу. А калі сустракаюцца з замежнікам, то дастаюць з кішэні маленькі свой прапагандысцкі “катэхізіс” з адным кароткім тэкстам, але на 120 мовах (!). Што праўда, беларускага варыянту у кніжачцы няма, але ў італьянскім мястэчку Чэпагаці яны прапанавалі мне старонку з украінскім перакладам. Вось як.

Нядаўнія падзеі дапамаглі разабрацца з гэтым пытаньнем. 13-15 ліпеня ў Менску адбыўся “Кангрэс сьведкаў Яговы”. На стадыёне “Трактар” яны сабралі сем з паловай тысячаў асобаў розных узростаў, іх ахоўвалі дзецюкі з ОМОНу, з рэпрадуктараў гукалі на тэму “Береги своё сердце”. Здавалася б, адбылася тыповая сэктанцкая імпрэза, толькі гэтым разам у даволі вялікіх маштабах. Але цікавым было іншае. Аказалася, што больш за полову прысутных складалі “сьведкі” з Расеі: з Масквы, Уралу, Любэрцаў, Чарапаўца і г.д. Разам зь беларускімі грамадзянамі яны на свой манер маліліся і сьпявалі. Зразумела, па-расейску (“какая разніца?”). Цікава, а чаму мясцовыя “сьведкі” не запрасілі на “кангрэс” сваіх калег-аднадумцаў з іншых суседніх краін: з Летувы, Украіны, Латвіі, Польшчы? Няхай бы тыя прадэманстравалі ім, што можна сьпяваць ня толькі па-расейску, нават будучы ўпэўненым, што “усё згарыць у канцы сьвету”.

Відавочна, што гэта было непажаданым для арганізатараў “кангрэсу”. Ім вельмі важна было пакінуць сваю “паству” ва ўпэўненасьці, што так яно і трэба, што іхнае “вучэньне” зьяўляецца “істінно русскім” і гэтага павінны прытрымлівацца мясцовыя беларусы. А заангажаваным у сэкту беларусам ужо так “прачысьцілі мазгі”, што яны ні пра што ўжо не пытаюцца. Ім ужо ўсё “какая разніца?” і “зачем он нужен этот белорусскій язык?” І атрымалася гэта не само сабой (успамінаючы маладога італьянскага “прапаведніка”, што прапанаваў сваю інфармацыю па-украінску). Кіраўніцтва сэкты ведае, што творыць. За ім стаяць далёкія ад любых рэлігійных тэндэнцый структуры і асобы, якія таксама ўсё разумеюць. І менавіта яны арганізоўваюць у Беларусі такую дзейнасьць і такія кангрэсы. Гэта ёсьць чарговы акт злачыннай русіфікацыі. У гэтым ёсьць усё: і гіпноз, і масавы псіхоз і звычайная чалавечая наіўнасьць і нават дурнота. Вельмі лёгка абалваньваць людзей, у душах якіх не засталося зусім нацыянальнага пачуцьця і нацыянальнага гонару.

* * *

Лета — пара адпачынкаў і падарожжаў, сустрэчаў людзей, якія даўно ня бачыліся. За межы нашай краіны выязджае абсалютная меншасьць беларусаў. Няма грошай, нельга дазволіць сабе далёкае падарожжа. Многія вырашылі падацца з сталіцы ў іншы куток нашай краіны. Напрыклад, у Гомель. Гэта ж не Ніжневартаўск, не Уладзівасток і нават не Масква. Чатыры-пяць гадзінаў у аўтобусе або цягніку — і ты ўжо над Сожам.

Але рэжымныя антыбеларускія структуры вырашылі па-свойму, паводле сваёй абсурднай завядзёнкі. Людзі сунуліся ў касы чыгуначнага, а потым аўтавакзалу і паўсюль ім паведамілі, што на бліжэйшыя суткі (!) квіткоў на Гомельшчыну няма. Няма і ўсё. На працягу сутак сотні людзей не маглі патрапіць з сваёй сталіцы ў суседнюю вобласьць. Хто жыў пры саветах, той можа і не зьдзіўляецца. А вось хто пабыў у Эўропе, той вачам сваім ня верыць. Такое проста немагчыма, каб паляк на працягу сутак ня мог даехаць ад Варшавы да Кракава або Гданьска. Каб немец ня мог даехаць зь Берліна да Ляйпцыга або Дрэздэна. Каб француз захацеў у Марсэль або Ліль, але застаўся б на парыжскім вакзале. Такое немагчыма! Праз тэрыторыю згаданых краін праходзіць вельмі шмат транзітных міжнародных маршрутаў. Але кіраўніцтва транспарту перш за ўсё паклапацілася пра сваіх грамадзянаў і так там было заўсёды — з часоў Сярэднявечча!

Той, хто бачыў каля будынку Управы Беларускай чыгункі (Менск, вул. Леніна, 19) начальнікаў гэтай чыгункі, той зразумее ўсе. Гэтыя фізіяноміі ў форменных чорных мундзірах ўзятыя проста з баек Кандрата Крапівы. Яны — гатовы пэрсанаж сатыры. Але справа ня толькі ў непрывабным выглядзе гэтай чынавенскай публікі. Яна дагэтуль нясе ў сябе сіндром савецкага начальніка, які робіць сабачую стойку пры слове “Масква!” Як і пры СССР-БССР, ім напляваць на беларусаў і іхныя жыцьцёвыя патрэбы. Яны і думаць ня хочуць на гэтую тэму. Для іх галоўнае (як і для ўсяго лукашыстоўскага рэжыму) — забясьпечыць транспартам расейскі напрамак. Як жартавалі яшчэ савецкія людзі ў 70-80-я гады, “галодную Маскву і блакадны Ленінград”. Яны так і не навучыліся думаць і дзейнічаць у маштабах Беларускай дзяржавы і ў інтарэсах беларускіх людзей. Дарэчы, рэжым іх такіх і адбірае на пасады ў чорных мундзірах і залатых пагонах. Як і паўсюль, чыноўнік павінен засьведчыць сваю антыбеларускасьць, каб спадзявацца на кар'ерны рост і камфортнае існаваньне. Гэтыя істоты ўжо не паддаюцца пераробцы, яны будуць такімі да сьмерці. У аснову нармалізацыі беларускага жыцьця пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму павінен будзе пакладзены клопат перш за ўсё пра патрэбы нашых людзей.

* * *

Як заўсёды, падчас перадвыбарчых кампаній электаральнага шоў актывізуецца псэўдаапазыцыйная публіка рознага пашыбу. Адны на поўным сур'ёзе ўдаюць з сябе “абаронцаў інтарэсаў народу”, абяцаюць “парляманцкае змаганьне” і “дэпутацкі кантроль”, заклікаюць ісьці на выбарчыя ўчасткі дыктатуры і галасаваць за іх. Такая лексіка і такія прыёмы разьлічаны на дарослую аўдыторыю. З другога боку ўзбуджаюцца і пачынаюць галёкаць розныя блазны, якія прапануюць “приколоться”, “потусоваться”, “будет весело, ребята, пошли на выборы!” Як правіла, гэта зусім маладыя асобы і іхны цырк разьлічаны на абалваньваньне маладых беларусаў.

Цяперашняя “кампанія” ня стала ў гэтым сэнсе выключэньнем. У Менску і ў іншых месцах Беларусі пасунуліся рэгістравацца “у кандыдаты” асобы, якія зарабілі сабе апошнім часам лакальную вядомасьць у розных гарадзкіх і дачных кварталах. Яны зьбіралі подпісы пад адозвамі “к презіденту Лукашенко” за недапушчэньне пабудовы жылога дома для спэцназаўцаў у сталічным раёне Уручча, за спыненьне пабудовы хімічных заводаў у Лідзе і Мар'інай Горцы і г.д. Цяпер гэтыя людзі разьлічваюць (або толькі робяць выгляд, што разьлічваюць), што зробяцца дэпутатамі лукашэнкаўскіх “палатак” ды выканаюць “наказ трудзяшчыхся”. Рэжым ахвотна рэгіструе іх, бо яны цягнуць людзей на фальшывыя выбары.

Маладзёвы “цырк” таксама разгортваецца ў інфармацыйнай прасторы. Нават Радыё Свабода паведаміла пра аднаго такога цыркача. Маецца на ўвазе маладзён І. Амельчанка, які на сёлетнім Чарнобыльскім Шляху выставіў плакацік з расейскім надпісам “Мусорок”. Міліцыянты, вядома ж, схапілі яго, і доўга яшчэ пра гэтага дурачка сьпявала гімны “незалежная дэмжурналістыка”. А потым аказалася, што і яго падгрэблі на стварэньне электаральнага вэрхалу.

Радыё Свабода паведаміла, што Амельчанка “абвясьціў пра пачатак выбарчай кампаніі ў парлямант” (вось яно як!). “Малады герой” прапануе ўвесьці ільготы для вэтэранаў вайны 1812 года і забясьпечыць іх кватэрамі. Радыё Свабода дало характарыстыку “кандыдату ў кандыдаты”: “Цяпер ён нідзе ня вучыцца і не працуе...” Цыркача падтрымала генэрацыя з палітычнай панэлі — маладзёвае крыло “Говправды” групоўка “Zмена”. Адзін зь лідэраў групоўкі П. Вінаградаў сказаў “Свабодзе”: “Паспрабуем зрабіць так, каб гэтая выбарчая кампанія была найлепшай. Зробім яго (Амельчанку) самым вядомым кандыдатам у дэпутаты. Толькі гумар, толькі хард-кор...” Гумар, канешне, гумарам, але любымі сродкамі стараюцца зацягнуць людзей на фальшывыя выбары.

Усё гэта ня сьмешна. Маладыя людзі (іх, мабыць, мучае сумленьне) распавялі фронтаўцам пра некаторыя справы згаданай “Говправды” падчас і адразу пасьля няшчасных прэзыдэнцкіх псэўдавыбараў 2010 года. Гэтыя юнакі наняліся ў “Говправду” дзесятнікамі і сотнікамі. Гэта значыць, яны камандвалі дзесяткамі і сотнямі маладзёнаў, якія разносілі па сталіцы і ўсёй краіне русскоязычныя ўлёткі і паштоўкі “Говправды”, стаялі ў яе пікетах і пераконвалі людзей ісьці на выбары. З кожным зь іх была дамоўленасьць на пэўны ганарар (напрыклад, сотнікам “говправды” абяцалі па 5 тысячаў даляраў). Арганізацыя “салідная”, маладых не падманула. Раздачай ганарараў распараджаўся вядомы правакатар і дзеяч “Говправды” Дзімітрыеў. Хлопцаў зьдзівіла, як гэты Дзімітрыеў абстаўляў выдачу ганарараў. Ён дэманстрацыйна адчыняў сэйф “Говправды” так, каб былі бачны стосы тоўстых пачакаў зялёнай валюты (гэта цяпер, пры цяперашнім зьверстве рэжыму і канфіскацыях). Потым Дзімітрыеў даставаў абяцаны пачак і ветліва пытаўся: “Пересчитывать будешь?” Агаломшаныя беларусы нічога не пералічвалі, а радасна беглі дахаты з “честно заработанным гонораром”. У хуткім часе, аднак, яны сутыкаліся з дзікасьцю, гвалтам, зьверствамі, нудой антыбеларускага рэжыму, у выратаваньні якога яны актыўна паўдзельнічалі пад камандай правакатара Дзімірыева.

Няўжо і гэтым разам яны стануць пад цёмныя сьцягі антыбеларускай здрады і будуць заклікаць беларусаў ісьці на падманныя выбары?

* * *

17 ліпеня на палітычнай арэне псэўдаапазыцыі кур'ёзна сказала пра сябе групоўка “Малады Фронт” (якую патрыёты-фронтаўцы даўно ўжо называюць “Мафр”, каб ня пэцкаць гістарычнае слова Фронт). У Менск ехаў прэм'ер РФ Медведев. У сувязі з гэтым (невядома за што, але па-прапагандысцку шумна і дэманстрацыйна) рэжымныя ўлады затрымалі трох маладых асобаў з гэтага “Мафр”а. І пайшло-паехала. Кіраўнікі групоўкі пабеглі са зваротам-скаргай у амбасаду Расеі ў Менску. Вось цытата з іхнага звароту: “Господин премьер-министр Медведев! Просим Вас как человека прогрессивного и цивилизованного вмешаться в ситуацию и поспособствовать освобождению данных граждан, чтобы впредь не создавать вокруг своих приездов зловещий ореол бессмысленных задержаний, грохота дубинок и казематной сырости...” Вось дык “ореол” у выкананьні маладзёнаў, якія шэраг гадоў падаюць сябе як “непрымірымыя барацьбіты” за Беларусь і супраць лукашэнкаўскага рэжыму, як “самы ісьцінны баявы авангард” ды расклейваюць у гарадах свае плякаты з гатычным шрыфтом і самарэклямай: “Далучайся! Будзем разам тварыць гісторыю!”

Вось дык натварылі гісторыю! Інтэлектам гэтая публіка ніколі не вызначалася. Заўсёды адчувалася, што ёю кіруюць “дарослыя дзядзі” з пэўнай канторы, якія хаваюцца за заслонай і трымаюць нітачкі ў руках.

* * *

21 ліпеня, як па сьвістку, на пляцоўкі ў людных месцах (у асноўным каля рынкаў і вялікіх крамаў) выйшлі “групы падтрымкі кандыдатаў”. У асноўным гэта вельмі маладыя дзяўчаты і хлопцы. Яны зьбіраюць подпісы за тых, хто зьбіраецца кандыдаваць на псэўдавыбарах у “палатку”. Яны падкрэсьлена ветліва, на артыкулятыўнай маскальшчыне зьвяртаюцца да грамадзянаў: “Подпишитесь за нашего кандидата. Он хороший...” Убачыўшы патррэт раённага начальніка, за якога маладыя зьбіраюць подпісы, некаторыя беларусы гукаюць: “Дык ён жа лукашыст!” “Падтрымшчыкі” адразу ж парыруюць: “Нет, что вы, он беспартійный! Он за суверенную Беларусь!”

Во дажыліся лукашысты! Каб спадабацца электарату, трэба давесьці пра сябе, што ты “не за Лукашэнку” і што ты не за Расею. Бедныя “кандыдаты”, нястомна мімікрыруюць, каб камфортна выжыць. Большасьць беларусаў у гэты першы дзень “перадвыбарчай агітацыі” за фальшывыя выбары змрочна маўчалі, гледзячы на пачатковыя мізансцэны спэктаклю.

Янка Базыль