ЧАРГОВЫ ФАНТОМ РЭЖЫМА

posted Aug 17, 2012, 4:02 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 17, 2012, 4:02 AM ]
Пасярод цяперашняга псэўдаэлектаральнага шоў рэжым засьвяціў свой чарговы фантом у жанры “усенароднай падтрымкі прэзыдэнта”. Людзей у працоўных калектывах пачало выклікаць “на дыван” начальства і настойліва запісваць іх у “новую партыю”. Назву для фантома прыдумалі даволі манумэнтальную і ўнівэрсальную — “Партия труда и справедливости”. Нават у камуністычнага генсека Калякіна ў свой час не было столькі фантазіі, калі ён з таварышамі пераймяновываў сваю кампартыю у “Справедівый мір”. Беларусы ад удзелу ў лукашыстоўскім фантоме адмахваюцца. Менш упартыя пагаджаюцца з агаворкамі: “Хрэн з вамі, запісвайце. Але складкі я плаціць ня буду...”

Стала вядома, што некалькі сотняў таварышаў з гэтай новай “партыі” ужо ўключаны рэжымам у выбарчыя камісіі, дзе яны будуць удаваць дэмакратычнасьць і ўсенароднасьць. Хліпкая справа ў рэжыма, нягледзячы на тое, што падстаўны “інстытут грамадзкіх дасьледваньняў” (што месьціцца ў Вільні) заявіў — “у Лукашэнкі 30% падтрымкі ў краіне”. Рэжым вымушаны пладзіць новыя пацешныя структуркі, якія выглядаюць салідна на паперы, а ў рэчаіснасьці — “хрэн з вамі...”

Псэўдаапазыцыя з свайго боку высільваецца, каб давесьці нашаму і міжнароднаму грамадзтву пра “актыўнасьць электарата ў цяперашняй перадвыбарчай кампаніі”. Асабліва адзначыўся вядомы Рамашэўскі (з-пад абрэвіятуры БХД). Ён распавядае журналістам, як ягоныя пікеты даводзяць на вуліцах пра байкот, як людзі яго падтрымліваюць і г.д. Можа ён дзе ў Менску і пастаяў паўгадзіны ў пікеце, але ў цэлым нямногія сонныя пікеты можна заўважыць толькі пад знакам лукашыстоўскіх начальнікаў з райвыканкамаў, якія “кандыдуюць” у “палатку”. Больш актыўнасьці назіраецца ў маладых бэрэсэмаў, якія дзе-нідзе абслугоўваюць начальніцкія пікеты. Яны чапляюцца да мінакоў з “комсомольскім огоньком в глазах”. Але людзі іх абыходзяць збоку. Спыняюцца перад гэтымі камсамоламі з большага рознага кшталту дзівакі, сэктанты, чэрававяшчальнікі, асобы з псіхічнымі праблемамі. Яны трасуць перад бэрэсэмамі сваімі брашуркамі і выдаюць палымяныя маналогі на розныя тэмы. Беларускі электарат ідзе міма...

Янка Базыль