ЗАМЕЖНЫ ДРУК (07.08.2012)

posted Aug 17, 2012, 4:05 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 17, 2012, 4:05 AM ]
Разам з Пуціным яны будуць “бараніць правы чалавека” 

7 жніўня 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Крэмль ужо не такі страшны?” Напісана пра рашэньне вядомых расейскіх абаронцаў правоў чалавека вярнуцца ў грамадзкую раду пры прэзыдэнце РФ. Газэта задае пытаньне: “Яны выбачылі Уладзіміру Пуціну?” Старшыня Маскоўскай Гэльсінскай Групы Людзьміла Аляксеева сказала, што яны вернуцца ў раду, калі ў радзе будуць “прыстойныя і працавітыя людзі”.

Наш камэнтар: Можна не сумнявацца, што “прыстойных” і “працавітых” у Крамля-Лубянкі для паказушнай “рады” ёсьць дастаткова. Летась маскоўскія “праваабаронцы” шумна пакінулі “раду”, пратэстуючы супраць парушэньняў правоў чалавека. Цяпер вось вяртаюцца: з правамі ў Расеі “усё ў парадку”. Мы становімся сьведкамі чарговага акту самараспрананьня “дэмакратычнай рускай апазыцыі”. Разам з гэбэ і Пуціным яны будуць “бараніць правы чалавека”...

Алесь Хадасевіч


Прыклапд грэкаў

7 жніўня 2012 г. бэльгійская газэта “Nieuwsblad” напісала пра акцыю грэцкай паліцыі, якая за два дні затрымала 6 тысячаў нелегальных імігрантаў у Афінах. Іх будуць накіроўваць у краіны паходжаньня. Міністар Публічнага Парадку Нікас Дэндзіяс заявіў, што з прычыны цяжкой сытуацыі ў краіне Грэцыя ня можа дазволіць сябе “нашэсьця імігрантаў”.

Наш камэнтар: Грэкі стаміліся ад бязладнага лібэралізму, наводзяць парадак у сваёй сталіцы. У гэты час у акупаванай Беларусі пануючы рэжым робіць усё, каб прымусіць беларусаў пакінуць радзіму і напоўніць нашую краіну ордамі чужынцаў: маскоўскіх асаднікаў, бамжоў, афіцэраў, а таксама сотнямі тысячаў кітайцаў. Пасьля краху гэтага рэжыму беларускія ўлады пачнуць бараніць наш дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрыторыю.

Янка Базыль


Ленінскі балван ёсьць, а вялікага беларуса няма

7 жніўня 2012 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала пра ўрачыстае адзначэньне па ўсёй Бразіліі 100-годдзя з дня нараджэньня сусьветна вядомага пісьменьніка Жоржы Амаду (1912-2001).

Наш камэнтар: У культурных краінах прынята ўшаноўваць кнігамі, помнікамі і дзяржаўнай культурніцкай палітыкай выдатных нацыянальных творцаў. Пад антыбеларускім акупацыйным рэжымам інтэнсіфікуецца разгром нашай культуры і цывілізацыі. Можна ўзяць некалькі яркіх, тыповых прыкладаў навязанага акупантамі бяспамяцтва. Адзначаецца ўжо 130-годдзе з дня нараджэньня Якуба Коласа, а дагэтуль няма помніка вялікаму песьняру на яго радзіме ў Стоўбцах. Ленінскі балван ёсьць, а памяці ў пластыцы пра вялікага беларуса няма. Гэтая варварская палітыка будзе скончана разам з падзеньнем прамаскоўскага рэжыму.

Юрка Марозаў


На выспе Валаам

7 жніўня 2012 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра “камічны інцыдэнт” на паўночнарасейскай выспе Валаам. Прэзыдэнт РФ Пуцін наведаў старажытны кляштар РПЦ на гэтай выспе. Падчас павітаньня адзін з манахаў зрабіў глыбокі паклон і паспрабаваў пацалаваць Пуціна ў руку. “Былы савецкі агент КГБ, які часам распавядаў пра крыжык, які носіць на грудзях” (як газэта ахарактарызавала Пуціна) рэзка адсунуў руку.

Наш камэнтар: На наш погляд, эпізод зусім не камічны. Тут аматарам маскоўшчыны плакаць трэба. Агент РПЦ у мафійным пацалунку з крамлёўскім паханом — сымвал эпохі гэбізма.

Юрка Марозаў


Гульлівы тон

7 жніўня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Беларусь узбройвае зьнішчальнікі кулямётамі. З прычыны дэсанту мядзьведзікаў”. Згадваецца скідваньне каля Менску плюшавых цацак з швэдскага самалёта, высылка зь Менску амбасадара Швэцыі Эрыксана.

Наш камэнтар: У публікацыі адчуваецца гульлівы тон: маўляў, вось якая Беларусь. У цэнтры Варшавы зь мядзьведзікамі “дэманструюць” вядомыя асобы псэўдаапазыцыі Радзіна, Бандарэнка і іншыя, што атабарыліся ў розных “Белорусскіх домах” у Польшчы і Летуве. Адным словам, усё вельмі “гумарыстычна”.

Мы б раілі польскай аналітыцы лепш адмовіцца ад гульлівага тону камэнтароў ды ўгледзецца ў акупанцкае аблічча Масквы, якое нацэлілася на Польшчу сваімі ракетамі і іншай зброяй з акупаванай тэрыторыі Беларусі.

Юрка Марозаў


Угорская праблема ў Румыніі

7 жніўня 2012 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала анонс чытацкай дыскусіі. Пытаньне дыскусіі — ці распальвае неталерантнасьць Маніфэст угорцаў, прыняты ў Бая Марэ? Маніфэст ужо падпісалі 300 асобаў з угорскай меншасьці ў Румыніі: сьвятары, дзеячы палітыкі і культуры. У Маніфэсьце гаворыцца пра небясьпеку зьмешаных шлюбаў паміж румынамі і ўгорцамі, немагчымасьць атрымаць адукацыю на роднай мове, масавы выезд угорцаў з Румыніі.

Наш камэнтар: У апошнія 20 гадоў прыдушаная рэжымам Чаўшэску ўгорская меншасьць у Румыніі ўзьнялася на нацыянальнае адраджэньне. Гэты працэс назіраецца перш за ўсё ў рэгіёне Трансільваніі, дзе ўгорцы ўласна зьяўляюцца большасьцю. Угорскае рушаньне за самавызначэньне і ўзьяднаньне з Угоршчынай зьяўляецца адной з галоўных палітычных праблемаў Румыніі.

Карані гэтай праблемы ў далёкім і больш блізкім мінулым. Румынія паквапілася на ўгорскую Трансільванію ў 1918 годзе, калі Германская і Аўстра-Угорская імпэрыі пацярпелі паразу ў І Сусьветнай вайне. Бухарэст заняў не свае землі і наогул паводзіў сябе самаўпэўнена, неадпаведна свайму няўдаламу ўкладу ў перамогу над імпэрыямі. Успомнім, як румыны не прапусьцілі праз сваю тэрыторыю і запатрабавалі разбраеньня беларускіх вайсковых аддзелаў у красавіку 1918 г., якія былі ўтвораны на Румынскім фронце, і змагалася за гэтую краіну (фактычна цэлая 100-тысячная армія). БНР так не хапала гэтых войскаў! Той, хто не шануе правы іншых народаў, заўсёды будзе мець вялікія праблемы.

Алесь Хадасевіч