БАЛЬШЫНЯ ЛЮДЗЕЙ НЯ ХОЧУЦЬ УДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ПСЭЎДАВЫБАРАХ

posted Aug 17, 2012, 4:06 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 24, 2012, 11:46 AM ]
(Жнівеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ) 

12 жніўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Народ ня верыць ні рэжыму, ні апазыцыі” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы адзначылі, што адзінай сілай, якая сапраўды арганізоўвае грамадзтва на Народны Байкот псэўдавыбараў зьяўляюцца патрыёты-фронтаўцы. Псэўдаапазыцыя ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны толькі надзьмувае бурбалкі, ствараючы ілюзію палітычнай дзейнасьці. На вуліцах і плошчах гарадоў зрэдку можна заўважыць дробныя пікеты збору подпісаў “за кандыдатаў”. Але людзі не цікавяцца імі і праходзяць міма. Заўважаны ўжо дробныя групкі, якія пачалі хадзіць па кватэрах і зьбіраць подпісы ды агітаваць. Незалежна ад таго, ад рэжыму гэтыя агітатары ці ад “апазыцыі”, бальшыня беларусаў гоніць іх прэч, часам у даволі рэзкай форме. Нашаму грамадзтву абрыдла хлусьня рэжыму і яго “апазыцыі”, абрыдлі фальшывыя зазывалы на электаральны фарс, на якім ужо ўсё вырашана заранёў. Усе міжволі пытаюцца, што будзе рабіць рэжым, каб прымусіць людзей пайсьці на “выбарчыя ўчасткі” і зарэгістравацца. Можна меркаваць, што рэжым мабілізуе так званых “карусельшчыкаў” — фальшывых выбаршчыкаў, якіх натоўпамі будуць вазіць па некаторых участках і ствараць “карцінку” масавага ўдзелу электарату ў выбарах. Вельмі важна, каб быў арганізаваны кантроль за гэтымі крымінальнымі дзеяньнямі рэжыму, як і за ўсім электаральным крыміналам.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра новыя факты эканамічнага і сацыяльнага правалу рэжымнай палітыкі. На некаторых прадпрыемствах (напрыклад, на менскім заводзе МАЗ) ёсьць спробы ажывіць вытворчасьць, карыстаючыся заказамі на машыны, якія замаўляе Расея. Але паўстае праблема, што няма ўжо кваліфікаваных работнікаў, здольных на выкананьне такіх заказаў. Прадукцыя, зробленая для Расеі, атрымліваецца нізкай якасьці і вяртаецца назад для пераробкі. Адчуваецца, наколькі глыбака антыбеларускі рэжым падарваў беларускую эканоміку і вытворчасьць. Лепшыя работнікі ў папярэднія гады былі або звольнены, або разьбегліся з прадпрыемстваў. Рабочыя распавядаюць таксама, што аптымістычная рэжымная рэкляма пра абяцаныя заробкі ў 5-6 мільёнаў беларускіх рублёў зьяўляецца фальшывай. Калі работнік уладкоўваецца на працу, яму выплочваюць заробак удвая менш і 70% гэтай сумы налічваецца ў якасьці прэміяльных (гэта значыць, што паводле рашэньня адміністрацыі гэтыя грошы работніку могуць і ня выплаціць, спаслаўшыся на нешта).

Сябры Сойму давялі, што па ўсёй краіне назіраецца адмоўнае стаўленьне да рэжымных псэўдавыбараў. Бальшыня людзей ня хочуць удзельнічаць у гэтым шоў. Але многія кажуць, што іх пагоняць на галасаваньне. Неабходна тлумачыць нашаму грамадзтву, што нельга дазваляць рэжыму зьневажаць нашую чалавечую годнасьць. Ня трэба ўдзельнічаць у злачынстве, якое рыхтуе лукашызм.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

12 жніўня 2012 г.