Колькі разоў за гады лукашысцкага рэжыму людзі хадзілі на выбары, столькі разоў іх ашуквалі і хлусілі проста ў вочы. Людзі нічога ня могуць зрабіць, бо кантроль за галасаваньнем фактычна ліквідаваны, у выбарчых камісіях толькі асобы, адабраныя рэжымам, яны лічаць галасы, як хочуць. Але што цікава: прымаюцца нават не фальшыва складзеныя пратаколы падліку галасоў у камісіях, а пратаколы галасаваньня — напісаныя наверсе, у рэжымнай адміністрацыі. Людзі і ня ведаюць, адкуль бяруцца тыя 83 адсоткі за “вусатага” і за ягоных лукашыстых. То ці трэба хадзіць на такія выбары, калі ад беларуса нічога не залежыць, а ягоны ўдзел у галасаваньні выкарыстоўваюць толькі дзеля зручнай фальсіфікацыі. Пасьля выбараў лукашыстыя кажуць: “Людзі галасаваць прыйшлі? Прыйшлі. Галасавалі? Галасавалі. Галасаваньне тайнае? Тайнае.” Вось, маўляў, усе і прагаласавалі за лукашыстых. Усё, маўляў, падлічана. “Элегантная перамога”. Але калі б беларусы галасаваць не прыйшлі? Што тады? Ну, вядома ж. Лукашыстыя зноў аформяць “элегантную перамогу”. Але цяпер ужо шыла ў мяшку не схаваеш, кожны ўбачыць, што тут за “выбары”. А гэта будзе азначаць, што ізаляцыя антыбеларускага рэжыму народам пачалася. Яна станецца незваротнай. Нельга хадзіць на фальшывыя выбары і быць шырмай для ашуканцаў. Унутраная ізаляцыя рэжыму ад народа — вось галоўная задача байкоту выбараў і няўдзелу ў фальшывым галасаваньні. Трэба ствараць умовы, каб народ жыў, а рэжым здыхаў (а не наадварот, як робяць лукашыстыя). Ніхто на фальшывыя выбары! Ініцыятыва Беларуская Салідарнасьць Зянон ПАЗЬНЯК |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >