30-Я СУСТРЭЧА БЕЛАРУСАЎ ПАЎНОЧНАЕ АМЭРЫКІ

posted Sep 5, 2012, 4:17 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 6, 2012, 3:51 PM ]
У суботу і нядзелю (1 і 2 верасьня) у Таронта (Канада) адбылася 30-я Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі, гэта значыць Злучаных Штатаў Амэрыкі і Канады. Прыехалі беларусы з гарадоў Нью Ёрка, Атавы, шэрагу мейсцаў правінцыяў Антарыё, Квэбэк (Канада), са штатаў Ню Джэрзі, Невада, Мінесота (ЗША), а таксама госьці зь Беларусі й Польшчы.

Адбыліся даклады і дыскусіі (круглыя сталы) па тэмах “Рынак працы ў Канадзе і Амэрыцы”, “Захаваньне і падтрымка беларускае культуры на эміграцыі”, “Сям'я і эміграцыя”. Ідэі, выказаныя падчас абмеркаваньняў, знайшлі адлюстраваньне ў рэзалюцыях Сустрэчы. Вечарам ўсіх прысутных уразілі сваім мастацтвам Улада Шамецька і Міхась Рыкаў (дуэт “Кантабіле”) і фальклёрны гурт “Яваровы людзі”, які прадэманстраваў аўтэнтычныя беларускія народныя сьпевы. Канцэрт быў горача ўспрыняты прысутнымі.






Другога верасьня удзельнікі сустрэчы шэсьцем з Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і вышыванай Пагоняй (аўтар Ірына Варабей) наведалі Памятны Крыж у Мідлянды, Антарыё. Падчас ўрачыстасьцяў, што адбыліся ў гэтым сьвятым для канадыйскіх беларусаў мейсцы, мелі прамовы Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, Старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк, Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Валянціна Шаўчэнка, Старшыня Галоўнае Ўправы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Ганна Сурмач (ЗША), а таксама пісьменьніца Вольга Іпатава (Беларусь), паэты Пётра Мурзёнак і Юрась Шамецька (Атава, Канада). Гаварылі аб памяці продкаў, узаемаадносінах рэлігіі і Беларускага Адраджэньня, аб паэзіі і літаратуры, аб новых беларускіх кнігах. Чыталіся вершы і паэмы.

Скончылася Сустрэча беларусаў Паўночнаамэрыканскага кантыненту фальклорным канцэртам (мюзіклам) і аўтэнтычнымі беларускімі танцамі ўсіх прысутных у залі.





Народныя песьні выконвае салістка Беларускага Дзяржаўнага Народнага хору Імя Цітовіча Сьвятлана Ліцьвінава, якая зараз жыве ў Канадзе

У агульнай рэзалюцыі, прынятай ўдзельнікамі, адзначана неабходнасьць падтрымкі беларускае мовы і культуры, а таксама абавязак інфармаваць палітычныя колы Амэрыкі і Канады аб мэтанакіраваным нішчэньні беларускае мовы культуры антыдэмакратычным рэжымам Лукашэнкі.

Алесь Кот