ЗАМЕЖНЫ ДРУК (02-05.09.2012)

posted Sep 8, 2012, 11:35 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 8, 2012, 11:38 AM ]
Грубае парушэньне правоў чалавека ў Вялікабрытаніі 

4 верасьня 2012 г. славацкая газэта “SME” напісала пра дыскрымінацыю хрысьціянаў у Вялікай Брытаніі. Варта прывесьці ўвесь тэкст артыкула: “Сцюардэса Надзя Эвэйд згубіла працу, бо насіла на шыі крыжык на ланцужку. Яна звольнілася з фірмы British Airways у 2006 г., калі адмовілася ад заменнай працы ў бюро, дзе ня мела б кантактаў з кліентамі і магла б крыжык насіць. Перад брытанскімі судамі Эвэйд тлумачыла, што як хрысьціянка ня можа рабіць на працы тое, што могуць мусульмане або сікхі, якія носяць хіджабы і цюрбаны, а ў працоўны час маюць перапынак на абавязкавую малітву. Суды сьцьвярджалі, што тут няма рэлігійнай дэскрымінацыі, таму што нашэньне крыжыка ня ёсьць для хрысьціянаў абавязкавым, а вось мусульмане і сікхі маюць абавязак насіць пэўную адзежу і выконваць малітву. За крыжык на шыі згубіла працу і мэдсястра Шырлі Чаплін. Дзяржаўная служачая Ліліян Лэдэлэ таксама беспрацоўная, бо не заключыла шлюб паміж гомасэксуальнай парай, а сэксапатолага Гары Макфарлі выкінулі з працы, калі на лекцыі ён сказаў, што для яго ёсьць праблемай даваць парады гомасэксуальным партнёрам. З аўторка справы чатырох брытанскіх хрысьціянаў у Эўрапейскім судзе па правах чалавека. Паводле Бі-Бі-Сі вэрдыкт азначаў бы прэцэдэнс для ўсяго Эўразьвязу”.

Наш камэнтар: Якія тут камэнтары?! Усё зразумела, да чаго дакацілася лібэральная Эўропа ў сваім бязбожжы.

Алесь Хадасевіч


Ніхто і ніколі...

2 верасьня 2012 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла пра імпрэзу, што адбылася на маскоўскім напрамку. 165 тысячаў гледачоў (сярод іх быў Пуцін) сачылі за рэканструкцыяй Барадзінскай бітвы, якая адбылася ў гэтых мясьцінах роўна 200 гадоў таму, у 1812 годзе. Амаль 4 тысячы статыстаў у гістарычных строях паказалі асноўныя эпізоды бітвы.

Наш камэнтар: Зразумела, што на “поле рускай славы” (як абсурдальна маскоўцы называюць Барадзіно, бо ў бітве перамаглі французы) ніхто і ніколі ня ўспомніў пра беларусаў. Як 4-я і 29-я пяхотныя дывізіі, цалкам складзеныя зь беларусаў, загінулі, баронячы важнейшы ўчастак расейскай абароны — батарэі Раеўскага. Ніхто і ніколі... Лекцыя ўсім нам — беларусы не павінны бараніць Маскву і паміраць за яе.

Алесь Хадасевіч


Прыйдзецца ўцякаць лясамі ў Расею...

3 верасьня 2012 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Наступная рэвалюцыя ва Украіне ня будзе мірнай: сьцьвярджае Цімашэнка”. Газэта напісала пра набліжэньне парляманцкіх выбараў ва Украіне, якія маюць адбыцца 28 кастрычніка сёлета. Юлія Цімашэнка дала свае камэнтары, засьцерагаючы ўладу прэзыдэнта Януковіча ад фальшаваньня вынікаў выбараў.

Наш камэнтар: Юлія Цімашэнка — постаць неадназначная, але ў палітыцы разьбіраецца і гэтым разам сказала праўду. Калі навязаная Масквой хунта зьбіраецца бясконца падманваць народ фальшывым электаральным шоў, то яна абавязкава нарвецца на магутны народны супраціў. І позна будзе заклікаць да дыялёгу, да круглых сталоў і мягкіх крэслаў. Народ можна давесьці да сур'ёзных гвалтоўных дзеяньняў. І тады прыйдзецца ўцякаць лясамі ў Расею...

Юрка Марозаў


І ён яшчэ не акадэмік?

5 верасьня 2012 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала пра доктарскую дысэртацыю Алены Чаўшэску, жонкі камуністычнага дыктатара. Вядома, што яна скончыла толькі чатыры класы, але за жыцьцё атрымала нямала розных акадэмічных тытулаў. Усё пачалося ў 1967 г., калі яна абараніла доктарскую дысэртацыю па хіміі. Дысэртацыю за яе напісалі вядомыя спэцыялісты ў вузкай хімічнай галіне. Пазьней яе пераклалі на ангельскую мову. Цяпер гэты тэкст можна купіць у Сеціве за 50 даляраў у Брытаніі і ЗША. У Румыніі кошты ніжэй — па 35 леяў.

Наш камэнтар: У чалавечай гісторыі маштабныя зьнішчальнікі сваіх народаў — пагалоўна неадукаваныя асобы, але з прэтэнзіямі на акадэмічнае прызнаньне ўласных навуковых дасягненьняў. І як гэта Лукашэнка дагэтуль не дадумаўся да кандыдацкай або доктарскай ступені? Мабыць яму не падказаў ніхто. За яго і пісаць ня трэба было б. Гэты такога надыктаваў бы і столькі, што хапіла б на некалькі тамоў у любой навуцы: хоць у мірным атаме, хоць у калгаснай гаспадарцы. А можа і пра “Скарыну ў Піцеры”... Успомнім, як даволі доўга насіліся арганізатары культа “маладога прэзыдэнта” зь ягонымі двума дыплёмамі магілеўскіх ВНУ. Ды зьдзьмуўся культ, усе пачалі сьмяяцца.

Юрка Марозаў


Халтура

5 верасьня 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” у сваім артыкуле напісала, што Вярхоўны Суд РБ канчаткова адмовіў А. Мілінкевічу (названаму ў газэце “лідэрам руху “За свабоду”) ў яго рэгістрацыі кандыдатам на цяперашнія парляманцкія выбары. Мілінкевіч раздаў камэнтары пра тое, як “людзі саспелі да дыскусій у парляманце, а ўлады не сасьпелі”.

Наш камэнтар: Салідная газэта ў чарговы раз падносіць польскаму грамадзтву як яркую сэнсацыю апэрэтачны эпізод з надзьмутай пустышкай. Раней яны называлі яго “лідэрам беларускага дэмакратычнага руху” і гучала ўсё манумэнтальна і эпічна. Цікава, што пра ўсенародны байкот псэўдавыбараў, які разгортваецца па ўсёй Беларусі, газэта маўчыць як вады ў рот набраўшы. І гэта не пра падзеі ў якой-небудзь Зімбабвэ, а ў суседняй краіне. Ну і халтура!

Алесь Хадасевіч


Немцы супраць вольнай Беларусі

5 верасьня 2012 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла пра заяву нам. міністра фінасаў Грэцыі Хрыстаса Стайроўкаса. Дзяржаўны дзеяч заявіў, што зараз міністэрства фінансаў краіны падлічвае суму, якую Нямеччына павінна будзе выплаціць Грэцыі за ваенныя злачынствы падчас Другой сусьветнай вайны. Яшчэ ў 2010 г. тадышні віцэ-прэм'ер Грэцыі Тэадорас Пангалосас абвінаваціў Нямеччыну ў тым, што падчас вайны немцы вывезьлі з Грэцыі залаты дзяржзапас і падарвалі эканоміку краіны. Пытаньне было паднята ў сувязі з абвастрэньнем эканамічнага крызісу ў Грэцыі.

Наш камэнтар: Вольны беларускі ўрад можа таксама выставіць Нямеччыне сур'ёзныя рахункі за ўсе злачынствы і зьверствы, якія немцы тварылі на нашай зямлі. Забыць гэтага нельга, бо і цяпер ФРГ дзейнічае супраць дэмакратызацыі Беларусі і вызваленьня яе ад прамаскоўскай дыктатуры.

Юрка Марозаў