ЗАТРЫМАНЫ І АСУДЖАНЫ ВАЛЕРЫ БУЙВАЛ

posted Sep 21, 2012, 9:26 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 21, 2012, 9:26 AM ]
20 верасьня а 12.10 на вуліцы Грыцаўца ў Менску быў затрыманы міліцыяй Валеры Буйвал, сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, падчас распаўсюду ўлётак і налепак з заклікам да байкоту фальшывых выбараў. Кур'ёзна, што затрыманьне зьдзейсьніў патруль ДАІ. З гэтага зразумела, што рэжым мабілізаваў на палітычны вышук і рэпрэсіі ўсе свае структуры.

Патруль даставіў В. Буйвала ў РАУС Партызанскага раёну сталіцы і пачалося доўгае разьбіральніцтва. А 18.30 В. Буйвала даставілі ў Палац Правасуддзя на вул. Сямашкі. Суддзя Партызанскага раённага суда Марыянна Валчкова (унесена ў сьпіс невыяздных у Эўразьвяз за ўдзел у сфальшаваных палітычных працэсах) вяла працэс. Міліцыянты-даішнікі маёр А. Хурсевіч і яшчэ адзін капітан, якія выступалі сьведкамі па справе, фальшыва сьведчылі, даказваючы, што В. Буйвал “аказваў супраціў пры затрыманьні, тузаў за ўніформу, спрабаваў вырвацца, не падпарадкоўваўся”. В. Буйвал абвяргаў безпадстаўныя абвінавачваньні і папярэджваў міліцыянтаў аб крымінальнай адказнасьці за ілжэсьведчаньні.

А 19.15 быў вынесены прысуд, паводле арт 23.4 Кодэксу Адміністрацыйных парушэньняў РБ, — адміністрацыйны штраф у памеры 25 базавых адзінак (2,5 мільёны беларускіх рублёў).

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

20 верасьня 2012 г.