ФАРС ІДЗЕ

posted Sep 23, 2012, 4:43 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 23, 2012, 4:43 AM ]
Наша партыя падрыхтавала і праводзіць па ўсёй краіне байкот галасаваньня, які дзейнічае. Дзесяць гадоў працы не змарнаваліся. Цяпер мы кантралюем становішча ў Менску і выбарачна па ўсёй Беларусі. Псэўдаапазыцыйных крыкуноў, каб менш перашкаджалі, простым манэўрам сабралі ў адной менскай акрузе (самы сябе загналі).

Першы агляд паказвае, што на папярэдняе галасаваньне рэжым сагнаў каля 10% выбаршчыкаў па Менску. Афіцыйныя зьвесткі завышаныя (сфальсіфікаваныя) па Менску ў 2-4 разы; па Беларусі — ў 3-5 разоў. (Па краіне на папярэдняе галасаваньне сагналі яшчэ менш. Паўсюдна відаць пасыўнае супраціўленьне ашуканцкім выбарам). Цяпер адбываецца асноўнае галасаваньне. Па Менску ўчасткі амаль пустыя.

У 13.00 спушчана афіцыйнае распараджэньне на ўсе выбарчыя ўчасткі Менска. Частка членаў камісіі (часам палова) здымаюцца з участкаў і адпраўляюцца з урнамі па кватэрах і хатах (Адразу зазначаю — гэта грубае парушэньне: прымус да галасаваньня). Частка функцыянераў камісіяў адпраўляюцца бяз урнаў. Іхняя задача — угаворваць, страшыць і заганяць на галасаваньне.

Журналісты “незалежных” СМІ даюць шмат пустой інфармацыі, зьвесткі часам даволі фантастычныя. Дзеля кур'ёзу даю перадрук з сайту радыё Свабода, дзе нехта піша пра байкот, але “забыўся” адзначыць арганізатараў і ідэолагаў байкоту (КХП — БНФ). Цікава для каго такая інфармацыя? Цытата:

“А шэсьць дэмакратычных партыяў і рухаў заклікалі жыхароў Беларусі байкатаваць выбары. Такой пазыцыі прытрымліваюцца:

АГП
Ствараная Партыя БХД
Рада беларускай інтэлігенцыі
“Беларускі рух”
“Малады фронт”
Беларускі незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці”.

Пасьля сканчэньгя выбарчага фарсу будзе больш падрабязная інфармацыя пра фалсіфікацыю галасаваньня і байкот рэжымнага мерапрыемства.

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і БНФ “Адраджэньне”

23 верасьня 2012 г.