НАКІПЕЛА НА ДУШЫ

posted Sep 23, 2012, 5:11 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 23, 2012, 5:13 AM ]
(Беларусы на “папярэднім галасаваньні”) 

Рэжым надрываецца, пераконвае праз усе даступныя каналы, што ў Беларусі, маўляў, прагаласавалі папярэдне звыш за 20% ад колькасьці выбаршчыкаў. Гэтую гэбельсаўшчыну паўтараюць звонкімі галасамі хлусоў іншыя рупары, што прэтэндуюць на “апазыцыйнасьць” (нават Радыё Свабода). У наяўнасьці ёсьць іншыя факты і іншая статыстыка. “Выбарчыя ўчасткі” стаяць пустыя. Іх наведваюць у асноўным прадстаўнікі залежных катэгорыяў нашага грамадзтва: людзі ва ўніформах, студэнты, навучэнцы і розныя гільдыі чынавенства. Вядома, што на ўсіх іх, нават разам узятых, нельга, проста нельга зрабіць такую эфэктную статыстыку. Абсалютная бальшыня грамадзтва не пасунулася на электаральную фальшыўку.

Але ў розных месцах назіраюцца арыгінальныя, нябачаныя раней сцэны. У прастору, дзе сядзіць выбарчая камісія, уваходзяць дзьве або нават больш асобаў і дастаюць свае пашпарты. Як правіла, гэта пажылыя людзі, у асноўным жанчыны. Узрадаваныя камісіянэры весела гартаюць сьпісы выбаршчыкаў, адшукваюць іхнія прозьвішчы і прапануюць расьпісацца ды ўзяць бюлетэнь. Але яны ня ведаюць, што гэта ёсьць толькі прэлюдыя да асноўнага сюжэту псэўдаэлектаральнай драмы. Старыя, замест рэгістрацыя і завалоданьня бюлетнём, пачынаюць групавыя маналёгі: “Чорт бы вас пабраў! Галасаваць за вас? Дулю вам! Гэты будзе сядзець да 2016-га года? Вось я пагляджу, што тады будзе. Дурыць нас бясконца? Задушыцеся! Ня буду галасаваць!..” Некаторыя зь іх са смакам выкарыстоўваюць “ненарматыўную лексіку” з “велікого і могучего русского языка”. Потым беларусы кладуць пашпарты ў кішэні, разварочваюцца і ідуць дахаты. У людзей накіпела на душы, яны хочуць выказаць свае адносіны ў дзень і ў месцы, якое лічаць вызначальнымі для антыбеларускага рэжыму. І выказваюць, і не даюць пакарыстацца сабой лукашыстоўскім жулікам.

Янка Базыль