СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

posted Sep 23, 2012, 8:35 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 23, 2012, 8:36 PM ]
Сёлета ў садах па ўсёй Беларусі багаты ўраджай яблыкаў. Людзі паспрабавалі рэалізаваць сваю прадукцыю, але аказалася, што ўсё канчаецца звычайным рэжымным зьдзекам зь беларусаў. Большасьць людзей так і не дабраліся да прыемных пунктаў садавіны. Іх няма ў рэгіёнах, а ехаць далёка — больш выдаткуеш на паліва. Там, дзе такія пункты ёсьць, яблыкі прымаюць па зьдзеклівых коштах — 300 рублёў за кілю. Беларусы праклінаюць начальства і з адчаем назіраюць, як гніе плён іхных садоў. Усе разумеюць, што ўзімку прыйдзецца купляць яблычны імпарт па вельмі высокіх коштах у крамах.

* * *

Рэжым мабілізаваў “усе свае сілы” на сваю “выбарчую кампанію”. Райвыканкамы на месцах паказваюць “цуды гераізма і стойкасьці” на фоне абсалютнай электаральнай абыякавасьці грамадзтва. Тыповай стала сцэна, якая паўтараецца ва ўсіх кутках вясковай і местачковай Беларусі. На самым бойкім месцы вёскі або мястэчка (прыпынак транспарта або пляцоўка каля рынку) з аўтобуса выгружаюцца выканкамаўскія сакратары і іхная “група падтрымкі” — ансамблік з 3-4 чалавек у канцэртных строях з музычнымі інструмэнтамі. Іх сустракае мясцовы электарат: часам два, часам 4-6 чалавек, якія выпадкова затрымаліся на гэтым месцы. Сакратар разгублена азіраецца, а потым махае рукой і дае каманду: “Пачынайце!” Ансамбль сьпявае і танцуе, каламуцячы верасьнёўскі пыл. Нешматлікія гледачы круцяць у руках рэжымныя ўлёткі пра рэжымных “кандыдатаў”. Мізэрная сцэна...

У псэўдаапазыцыі свае “канцэрты”. 12 верасьня Радыё Свабода паведаміла тэкстам і фотаздымкамі пра “пікет” каля сталічнай Філармоніі, наладжаны “Говправду”. Пасярод пляцоўкі сталі радком Ул. Някляеў, вядомы лубянскі правакатар А. Дзімітрыеў і псэўдаапазыцыйны палітоляг Ул. Мацкевіч. Яны паставілі інсталяцыю з заклікамі сваёй “Говправду” і пачалі дыскусію пра сваю кандыдатку у “палатку” Т. Караткевіч (яна таксама прысутнічала і спрабавала раздаваць мінакам свае ўлёткі).

Нагадаем, што “палітоляг” сп. Мацкевіч на працягу гадоў у асноўным займаецца стварэньнем “незалежніцкага” вобразу А. Лукашэнкі. На парачку зь яшчэ адным псэўдаапазыцыйным “палітолягам” Роўдам ён прысутнічаў на шэрагу сэмінараў і публічных выступаў у Беларусі і ў замежжы. Парачка называла начальніка рэжыму і так і гэтак, але заўсёды тлуста падкрэсьлівала, што “Лукашэнка — самастойная постаць, няма ніякай сувязі з расейскімі ўплывамі, ніякі гэта не стаўленік Масквы...”. Перад Філармоніяй сп. Мацкевіч выказваўся неяк цьмяна і блытана (добра, што вакол не было аніводнага слухача): “У нас няма палітыкі... Калі я казаў без мацюкоў. Я магу і з мацюкамі...”. Мінакі русскоязычныя ўлёткі ад іх не бралі і да іх не падыходзілі. Затое было цэлых 20 журналістаў (якія шукалі сэнсацыі, а атрымалі надзьмуты пшык). У філарманічнай дзейнасьці такое называецца “праваленым канцэртам”.

Складваецца ўражаньне, што кур'ёзны “каляфіларманічны канцэрт” канкрэтных падстаўных ня ёсьць паасобным эпізодам “выбарчай кампаніі”. На апошняй яе стомэтроўцы рэжым даў усім падстаўным адмашку на стылёвую карэкцыю паводзінаў і лексікі. Цяперашні стыль — гэта гарохавае блазенства з мэтай канчаткова апусьціць і высьмеяць “оппозіцію” намаганьнямі самой “оппозіціі”. Пры чым заўважана, што найбольш расперазана ў сваім блазенстве паводзяць сябе “кандыдаты” ад псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам Янукевіча. Адзін такі “фронтавец” на тэлеканале ў Лунінцы падчас “тэледэбатаў” махаў кілбасой і шумеў, што ён працуе і вырабляе якасны прадукт. Другі “фронтавец” сп. Падгол выставіў перад сабой на тэледэбатах сьцяжкі Эўразьвязу і ЗША, намякаючы, што яго, маўляў, аплочваюць гэтыя юрыдычныя целы. Сп. Падго зусім ня ведаў, што такое тармазы і гукнуў з тэлеэкрана: “Я больш за ўсіх люблю Лукашэнку!”

Бачна, што падстаўная псэўдаапазыцыя ахвотна дае завесьці сябе ў тупік. За грошы гэтыя часам нават тытулаваныя людзі гатовыя выстаўляцца блазнамі і сьмяшыць іншых людзей — абы тыя пайшлі б за імі на “выбарчыя ўчасткі” дыктатуры. Але людзі ня пойдуць...

* * *

Народ называў яго “чалавекам, які сьмяецца”. Такі вечны выраз у былога дырэктара Нацбанка РБ П. Пракаповіча. Некаторыя грамадзяне паверылі былі ў вечную ўсьмешку лукашыстоўскага банкіра і нанесьлі сваіх грошай у рэжымныя банкі. Тым больш, што дырэктарская ўсьмешка была падмацавана друкаванымі матэр'яламі, што віселі ў кожным банку па ўсёй краіне. У іх гаварылася, што П. Пракаповіч гарантуе: больш дэвальвацыі беларускага рубля ня будзе, ніколі ня будзе. Як вядома, 24 траўня 2011 г. рубель абваліўся і даверлівыя людзі страцілі на сваіх рахунках па 2/3 сваіх укладаў.

Банкір Пракаповіч адразу ж захварэў і зьнік з рэжымнай арэны. Але вось нядаўна, у сёлетнім жніўні, ён аздаравіўся і зноў зьявіўся на арэне, цяпер у амплуа памочніка Лукашэнкі. У леташнім траўні здавалася, што яго ніколі не падпусьцяць да фінансаў. Але дзе там, памочнік Пракаповіч займаецца менавіта эканамічнымі пытаньнямі. Больш таго, ён выступіў з крытыкай “нізкага выніку па росту Унутранага Валавога Прадукта”. Сп. Пракаповіч нагадаў, што “Беларусь здолела ўжо пакарыстацца перавагамі Адзінай эканамічнай прасторы”.

Цяпер людзі ўжо не ўсьміхаюцца, бачачы ягоную ўсьмешку. Яны слухаюць, што паабяцаюць лукашэнкаўскія банкіры і зробяць роўна наадварот. А Лукашэнка ўзяў ды заявіў 12 верасьня: “Няма такой неабходнасьці сёньня дэвальваваць нацыянальную валюту”. Беларусы зразумелі: сёньня можа і няма неабходнасьці, а вось пасьля выбарчага фарсу 23 верасьня такая неабходнасьць зьявіцца.

Янка Базыль