МАЛАДЫЯ БЕЛАРУСЫ ПРАКЛІНАЮЦЬ ДЫКТАТУРУ. ХУНТА ВЫКРУЦІЛА ІМ РУКІ.

posted Sep 23, 2012, 8:38 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 23, 2012, 8:38 PM ]
Лукашэнкаўскі рэжым нацкаваў на беларускую моладзь усіх сваіх заганяльшчыкаў: дэканаў, куратараў, камэндантаў інтэрнатаў, стукачоў з БРСМ. Гэтыя рэжымныя падпявалы ў чарговы раз выкарысталі свой арсэнал застрашэньняў і правакацый, каб толькі даць справаздачу пра “стопрацэнтовую яўку на выбары”. Гнюсны і непрывабны рэжым прымушае маладых любіць яго, падпарадкоўвацца яму і называць гэта “вольным выбарам”. Тысячы нашых разьвітых, адукаваных маладых дзяўчат і хлопцаў антыбеларуская хеўра зноў загнала на свае “выбарчыя ўчасткі” і фактычна выкруціла ім рукі.

Але “любові” да сябе і да сваёй хунты Лукашэнка ў маладых душах не абудзіў. Моладзь ніколі ня выбачыць гвалту над сабой, хамскага зьдзеку і куражу нікчэмнасьцяў над іхнымі грамадзянскімі і чалавечымі правамі. З усяе краіны паступаюць зьвесткі пра рэакцыю маладых на рэжымны загон. На “папярэднім галасаваньні” студэнты і навучэнцы прадэманстравалі розныя праявы вулічнага фальклору і распавялі пра гэта сябрам і сямейнікам. На бюлетэнях яны нарысавалі карыкатуры на начальніка рэжыму і напісалі праклёны яму і ягонай хеўры. Сябры выбарчых камісій пацьвердзяць гэта, калі будуць ускрытыя урны (калі іх ужо ня ўскрывалі раней). Зрэшты, так было на кожным электаральным загоне, арганізаваным рэжымам.

23 верасьня ў Менску адбываліся таксама адкрытыя дэманстрацыі непрыняцьця лукашызму. У асноўным гэта рабілі маладыя хлопцы, старэйшыя векам за студэнтаў (28-30 гадоў). Іх ужо не напалохаеш высяленьнем з інтэрнату, але адміністрацыя націснула на нейкія іншыя аспэкты іхнага жыцьця. Некаторых зь іх начальства сьлёзна прасіла “не падвясьці і не падставіць”. І вось яны прыходзілі на “выбарчыя ўчасткі”, рэгістраваліся, бралі бюлетэні. Некаторыя зь іх камечылі бюлетэні на вачах у камісіі і сыходзілі прэч. Некаторыя заходзілі ў кабінкі і выходзілі адтуль са скамечаным бюлетнём, сьціснутым у кулаку.

Гэтым разам рэжым пакарыстаецца гэтымі гвалтоўна зарэгістраванымі людзьмі ў сваёй гэбельсаўскай статыстыцы. Але па ўсім адчуваецца, што ліміт на гвалт і хлусьню ўжо вычарпаны. Сьціснутыя кулакі маладых мужчын — кепскі знак для бліжэйшай будучыні антыбеларускага рэжыму.

Алесь Хадасевіч