ПРАВАЛЬНАЕ БУДАЎНІЦТВА

posted Sep 26, 2012, 4:25 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 26, 2012, 4:32 PM ]
Апошнімі днямі ў Сеціве і іншых інфармацыйных каналах антыбеларускага рэжыму зазьвінелі фанфары. Рэжым абяцае, што ў 2013 годзе пабудуе першы ў Беларусі хмарачос. Толькі гэтага нам і не хапала... 

З “каронных” будаўнічых пляцовак позьняга лукашызма паступаюць кур'ёзныя зьвесткі, у якіх зьмяшчаецца сьмяротная небясьпека для блізкай будучыні нашай краіны, жыцьця і здароўя нашых людзей.

Там дзе працуюць разрэклямаваныя Лукашэнкам кітайцы, беларускія прарабы хапаюцца за галаву. Над кожным кітайцам трэба стаяць і сачыць за тым, каб ён не псаваў працу. Варта толькі адвярнуцца або адысьці ў бок, і кітаец ужо робіць зварку ў адно шво (такое лясьне ў першы ж дзень эксплуатацыі), замешвае пясок замест цэмэнту і г.д. За такое ў Кітаі могуць і расстраляць, там яны так ня робяць. Але тут акупаваная Беларусь, чужына, якую яны ня любяць, — тут можна ўсё. І гэта толькі пачатак “вечнай рэжымна-кітайскай дружбы” і мільённых кітайскіх гарадоў на беларускай зямлі. Ад гэтага ўсяго мароз па скуры.

Ня лепш справы і на другім лукашыстоўскім “фронце тэхнічнага прагрэсу”. Маецца на ўвазе “трыюмф мірнага атама” або Чарнобыль №2, які мясцовая дыктатура разам з Масквой наладжваюць нам у Астраўцы.

Грошы раскрадаюцца на гэтым будаўніцтве шалёнымі тэмпамі. Але нават ня ў гэтым праблема. На сатанінскім нэачарнобыльскім месцы людзей ахоплівае масавая дэмаралізацыя (гэта ёсьць адлюстраваньне агульнага стану рэжыму). Рабочых-будаўнікоў начальства вымушана наймаць штодня з раніцы. Новая брыгада заступае на працу, але ўжо перад абедам бальшыня работнікаў становяцца непрацаздольнымі. Мужчыны ўжо зьбегалі ў краму, купілі некалькі пляшак гарэлкі... Людзі засынаюць на працоўных месцах і ў навакольных прысадах. Начальства расштурхоўвае іх і вымушана выслухоўваць, што беларусы думаюць пра “мірны атам” і начальніка дыктатуры. Назаўтра ўсё пачынаецца зноў...

Крый Божа, каб дзікія праекты дыктатуры ладзіліся пасьпяхова і з фанфарным звонам. Гэта была б сапраўдная катастрофа для Беларусі. Але Госпад не дае, не дазваляе акупантам беспакарана зьдзеквацца са здаровага сэнсу і нашай сьвятой зямлі. Запушчаны ненавісьнікамі Беларусі мэханізм зьнішчэньня пракручваецца ўпустую, рыпіць і тарахціць на месцы. Бальшыні беларусаў ужо зразумела, што гэтую махіну трэба тэрмінова спыняць і выдаляць яе з нашай тэрыторыі — няхай праводзяць антыгуманныя экспэрымэнты ў сябе ў Маскве і ў Кітаі.

Янка Базыль