СЯРГЕЙ КАВАЛЕНКА НА ВОЛІ

posted Sep 27, 2012, 2:39 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 28, 2012, 10:31 AM ]
Віншую Сяргея Каваленку і ўсю яго сям'ю з датэрміновым вызваленьнем з лукашысцкай турмы. Каваленка трымаўся як моцны змагар, высока падняў гонар беларуса і веліч Беларускага Нацыянальнага Сьцяга. Ні катаваньні, ні карцар, ні правакацыі — нішто не зламала яго асобу, ня вымусіла яго агаварыць сябе ды прызнаць пад страхам катаваньняў сябе вінаватым перад законам у той час, калі ва ўсім вінаваты выключна і толькі антынародны антыбеларускі рэжым.

За вызваленьне з-пад несправядлівага прысуду і лукашысцкіх кратаў змагаўся ён сам, ягоная жонка Алена, наша Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ, уся вольналюбная беларуская супольнасьць, польскі дэпутат Эўрапарляманту Марэк Мігальскі, вядомыя палітыкі ў Эўропе і салідарныя вольныя людзі.

На прыкладзе арышту Каваленкі, суду над ім, заключэньня яго ў турму, зьдзеку над яго асобай, на прыкладзе яго змаганьня за волю і годнасьць з усёй гэтай рэжымнай пошасьцю — людзі ўбачылі, якое подлае, жорсткае, антынацыянальнае, нялюдзкае аблічча мае антыбеларускі акупацыйны рэжым. Шмат хто, раней дызарыентаваны хлусьлівай прапагандай, цяпер убачыў і зразумеў палітычную сутнасьць антыбеларускага рэжыму і яго стаўленьніка Лукашэнкі. Гэтая сутнасьць — вынішчэньне ўсяго беларускага, высокага, добрага, годнага, сьветлага. Гэтая сутнасьць — апусьціць, укінуць усіх беларусаў у цемру, брыдоту і паняверку, каб усе сталі нізкімі і цёмнымі, як вырадак з народу, такімі, як гэтыя зладзеі, што прыватызавалі краіну і скралі ў народа будучыню.

Каваленка сваім змагарным учынкам засьведчыў, што ня будуць вечна маскоўскія халуі пляваць беларусам у твар. 23 верасьня празьвінеў званочак, які папярэдзіў, што дэмагогія ашуканцтва на людзей больш ня дзейнічае. Грамадзтва адварочваецца ад рэжыму, і час расплаты набліжаецца. Для рэжыма выгадней было б хутчэй выпусьціць усіх, бо пакуты беларусаў у лукашысцкіх турмах забытымі ня будуць.

Зразумела таксама, што рэжым вызваліў Каваленку, каб гэтай навіной перабіць падзею байкоту фальшывых выбараў і адцягнуць увагу ад фальсіфікацыяў, якую зрабіла рэжымная адміністрацыя разам зь Ярмошынай. Але нічога іх ужо не ўратуе. Людзі разьбяруцца.

27 верасьня 2012 г.

Зянон ПАЗЬНЯК