МАСКВА “ПАЛІЦЬ” АГЕНТУРУ

posted Oct 22, 2012, 11:02 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 22, 2012, 11:03 AM ]
Днямі на ўсю Расею і на частку постсавецкай тэрыторыі расейскі тэлеканал РТР паказаў аблічальны фільм пра маскоўскую псэўдаапазыцыю пад тытулам “Анатомія пратэсту-2”. Беларусам стыль гэтай стужкі нагадаў сфабрыкаваны менскай тэлегэбельсаўшчынай фільм “Железом по стеклу” пра падзеі 19 сьнежня 2010 года. Бачна, што маскоўская тэлегэбельсаўшчына творчы пераасэнсавала гэты лабараторны вопыт, праведзены на нашай зямлі.

Паўтарэньне таго, што адбылося ў Беларусі, працягваецца ў Маскве ў падобных формах. Напрыклад, зьбіраюцца саджаць у турму лубянскага правакатара Удальцова, які пад сьцягам “левай апазыцыі” павёў сёлета ў красавіку “дорогіх россіян” на фальшывыя прэзыдэнцкія выбары, а потым пачаў арганізоўваць дэманстрацыі пратэсту. Распавялі нешта і пра ягоную “паліткар'еру”. Аказваецца, гэты “левы аматар сацыяльнай справядлівасьці” шэраг гадоў таму актыўна дзейнічаў у групоўцы “Трудовая Россія” вядомага тады бальшавіка-правакатара Анпілава.

У Анпілава ён вызначыўся заклікамі “нападаць, падпальваць, граміць”. Нават анпілаўцы пастараліся пазбавіцца ад гэтага дзеяча. Цяпер яму абяцаюць турэмны тэрмін да 10 гадоў. Можна ўявіць, што будзе далей. А будзе новая глава “паліткар'еры”, як гэта было з менскімі папамі-гапонамі, якія завялі на фальшывыя выбары Лукашэнкі нашых людзей. Глава будзе называцца “Сіделец за народное дело”. Такая ёсьць удзячнасьць канторы сваім правакатарам за зробленую працу. Яны для яе пасьля выкананьня заданьня становяцца “адпрацаваным матэр'ялам”.

Але беларусаў у маскоўскай стужцы зацікавіў не лёс Удальцова, а згадка пра другога, больш знаёмага нам пэрсанажа — старшыню партыі АГП А. Лябедзьку (ён жа — Лебедько). Не, лубянскія кінематаграфісты не распавялі аб “паліткар'еры” сп. Лебедько: аб тым, як ён быў прафэсійным сакратаром савецкага Камсамола, потым бараніў капіталы ВЛКСМ з трыбуны Вярхоўнага Савету РБ, як ён разам з групай “маладых таварышаў” удзельнічаў ва ўсталяваньні ва ўладзе А. Лукашэнкі, як узбуджана абвяргаў Народны Байкот выбарчых фарсаў рэжыму... Маскоўцы ўзяліся за апошні пэрыяд дзейнасьці сп. Лебедько, а менавіта за главу “А. Лебедько — апазыцыянэр”.

Паказаны кадры кінахронікі. А. Лебедько ў Тбілісі сустракаецца з мясцовымі дзеячамі. Грузінскі дзеяч кажа яму па-расейску: “Вам хватит четыре миллиона для свержения власти?” А. Лебедько задаволена адказвае: “Я думаю, хватит...” (Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/24740129.html). Сюжэт цікавы. Але, як кажуць у мафіі: “А деньгі где?” Сп. Лебедько “власть так і не сверг”. Куды ж падзеліся 4 000 000 даляраў на “сверженіе”?

15 кастрычніка Радыё Свабода паспрабавала (неяк няўпэўнена і квола) пракамэнтаваць згаданы тэлесюжэт. Маўляў, гэта можа быць і мантаж. У той жа дзень сп. Лебедько тэмпэрамэнтна “ізоблічал” на хвалях Радыё Свабода А. Лукашэнку ў атрыманьні хабара аўтамабілем (вось маўляў, які змагар з карупцыяй).

Мы не бярэмся выносіць вэрдыкт наконт дакумэнтальнасьці згаданага маскоўскага тэлефільма. Але возьмемся памеркаваць аб тым, што адбылося б вакол сп. Лебедько пасьля такой шырокай тэлепублікацыі (для дзесяткаў мільёнаў людзей у розных краінах) на тэму ягонай “апазыцыйнай дзейнасьці”. Па-першае, гэты спадар зрабіў бы публічную заяву наконт таго, што ўсё гэта паклёп і правакацыя (калі гэта так на самой справе). Па-другое, яму б на працягу некалькіх сутак зрабілі аблогу дзесяткі журналістаў. Гэта ж якая сэнсацыя: а што скажа галоўны герой? Па-трэцяе... Але ня будзем пра трэцяе, бо гэта рэакцыя рэжыму, які сп. Лебедько зьбіраўся “свергать”.

Прамінула некалькі дзён пасьля маскоўскага “разаблачэньня”. І што? А нічога, ні першага, ні другога, ні трэцяга. Як з гусі вада! “Незалежныя дэмСМІ” маўчаць як вады ў рот набраўшы. Ім гэта не сэнсацыя. Яны, пэўна, спадзяюцца, што беларусы дурныя і прапусьцяць гэты сюжэт пра аднаго прыкметнага дзеяча, які бясконца езьдзіў з сваімі калегамі па псэўдаапазыцыі ў Маскву і вучыўся там дэмакратыі. Але беларусы сюжэт не прапусьцілі і задаюць рытарычныя пытаньні. Як жа так, чаму Масква раптам раскрыла грамадзтву (“спаліла”) свайго даўняга агента? Чаму паказала яго ў такім непрывабным сьвятле?

Мяркуем, што А. Лебедько надакучыў ягоным гаспадарам, прымільгаўся за больш чым два дзесяцігоддзі сваіх візытаў і свайго псэўдаапазыцыйнага мельцяшэньня. Ад яго пазбавіліся, скінулі яго з рахункаў. Ён цяпер для Лубянкі “адпрацаваны матэр'ял”. А ён, падобна, нават не здагадаўся аб тым, што адбылося. Адбыўся палітычны канец псэўдаапазыцыйнага дзеяча, інтарэсам якога заўсёды былі маскоўскія халяўныя грошы. Цяпер яму лепш схавацца ад людзей. Ад людзей, якіх ён падманваў і давер якіх выкарыстоўваў на працягу доўгіх гадоў. Трэба вярнуцца ў камсамольскую кар'еру або ў прыватнае жыцьцё. Тым больш, што яно абяцае быць бязбедным.

Але мяркуем, што хавацца наш герой нікуды ня будзе. Ён палітычна несьмяротны, ён — вечны, як вечная ў палітычным жыцьці палітычная прадажнасьць.

Янка Базыль