УШАНАВАНЬНЕ ДЗЯДОЎ У МЕНСКУ

posted Oct 29, 2012, 3:23 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 29, 2012, 3:29 PM ]









28 кастрычніка на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ у цэнтры Менску сабралася вялікая грамада беларусаў. Ад Гадзіньнікавага завода па праспэкце Скарыны рушыла мэмарыяльнае шэсьце пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. Людзі несьлі крыжы, кветкі і транспаранты “Ушануйма ахвяраў Курапат”, “Дзяды”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!” Шматкілёмэтровы шлях праз цэнтар сталіцы завяршыўся ў Курапатах. Бальшыня з больш за тысячу ўдзельнікаў шэсьця і мітынгу — маладыя хлопцы і дзяўчаты. Многія зь іх упершыню прайшлі Крыжовым шляхам і наведалі Народны Мэмарыял у Курапатах.

Мэмарыяльны мітынг у Курапатах распачаўся каля Трох Крыжоў на Кальварыі. Быў заслуханы зварот Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянона Пазьняка — “Курапаты-2012” (публікуецца). Да людзей зьвярнуліся з прамовамі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра народную трагедыю і сёньняшні дзень. Сотні людзей праз непагадзь і холад прайшлі праз сваю сталіцу ва ўмовах дзікай антыбеларускай дыктатуры — гэта ёсьць грамадзянскі ўчынак нашай нацыянальнай эліты. Нягледзячы ні на што жывою застаецца памяць пра нашых продкаў і сьвятых пакутнікаў. А гэта значыць, жыве народ і будзе жыць вечна.

Існуючая ўлада прадэманстравала, што яна ненавідзіць нашыя нацыянальныя і агульначалавечыя, хрысьціянскія каштоўнасьці і сьвятыні. Рэстаран-бардэль каля Народнага мэмарыялу Курапаты — гэта характэрнае таму сьведчаньне. Беларусафобы расперазаліся, нахабна паводзяць сябе на нашай зямлі. Але яны павінны ведаць — мы памятаем усё. Нашая нацыянальная памяць не забітая. І мы ўспомнім усё, ня будзе ім месца ў нашай вызваленай дзяржаве. Наш народ пагоніць акупанцкую гадзіну з роднай Беларусі.

Тое, што творыць з нашай зямлёй і з нашым народам гэты рэжым, можа тварыць толькі чужая, акупанцкая ўлада. Яна заснавана на нянавісьці да ўсяго беларускага, яна — з 1937-га года. Таму памяць пра нашых продкаў павінна натхняць нас на абарону нашых нацыянальных духоўных каштоўнасьцяў. “Каб ня ўмерлі”. — як казаў Францішак Багушэвіч. І мы не памрэм, мы будзем перамагаць, таму што на нашым баку Боская праўда, з намі нашыя сьвятыя продкі. Мы ўсьведамляем адказнасьць сёньняшніх пакаленьняў за цяпершчыну і будучыню Беларусі. Нас ня ўдасца скарыць брутальным і падступным спосабам. Пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, пад якім змагаліся і гінулі нашыя продкі, будзе змагацца, перамагаць і вечна жыць вольная Беларусь!

Грамада засьпявала гімн “Магутны Божа”, усклала кветкі на магілы пакутнікаў, запаліла знічкі. Былі ўсталяваны крыжы, якія людзі пранесьлі праз горад.

У той жа дзень сябры Каліноўскай рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ усклалі кветкі і запалілі зьнічкі каля Крыжа на месцы расстрэлаў беларускіх людзей катамі НКВД у менскім парку Чалюскінцаў.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

28 кастрычніка 2012 г.