ІНТЭРВ'Ю ПРА ЛЯМАНТ ПСЭЎДААПАЗЫЦЫІ

posted Nov 2, 2012, 9:54 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 3, 2012, 10:02 AM ]
Еўрарадыё: Ці чакалі вы такога рэзанансу ад свайго інтэрв'ю з выкрыццём апазыцыі? 

Зянон Пазьняк: Я чалавек незалежны ад журналістыкі. Павінна быць асоба, якая будзе казаць праўду. Інакш праўда знікне. Сказанае — праўда. Гэта ўсё пацвярджаецца, гэта ўсё відавочна. Яны лямантуюць? Хай лямантуюць, што з таго?! Ім нічога ўжо не дапаможа, ім канец, яны поўныя банкруты! Не кажучы пра тое, якую вялікую шкоду яны зрабілі для Беларусі. Гэты рэжым трэба зьмятаць, разам з яго апазыцыяй. І ён будзе змецены разам з гэтымі прадажнымі людзьмі, якія прадалі і Беларусь, і палітыку, і Народны фронт, і нават Эўропу, якая ўсадзіла ў іх столькі мільёнаў. Раскралі, праелі, прафукалі і нічога не зрабілі. І Эўропа ад іх адвярнулася. Гэта — адпрацаваны матэрыял.

Еўрарадыё: Вы заклікаеце апазыцыю сысьці з палітыкі. Але хто прыйдзе на іх месца, адкуль хто возьмецца?

Зянон Пазьняк: Прыйдуць новыя людзі. Але да іх (да псэўда) ня пойдзе ніхто, бо яны сьмярдзяць. Людзі ёсць — Беларусь жыве, Беларусь жывая! Байкот адбыўся — народ падтрымаў. Чые ідэі падтрымаў народ — іхныя?! Мае падтрымаў ідэі, нашай Партыі ідэі падтрымаў. Мы — 10 гадоў працавалі. А народ выказаўся ясна: ён гэты рэжым не падтрымлівае, ён гэтаму рэжыму не верыць. Вось вынік!

Еўрарадыё: Чаму менавіта зараз вы ўсе свае прэтэнзіі выказалі, чаму не ўчора?

Зянон Пазьняк: Гэта гаварылася ад самага пачатку, як толькі была ўтвораная псэўдаапазыцыя — у канцы 1999 года, калі зьявіўся Вік (якога потым мы аб'явілі пэрсонай “нон-грата”). Гэта ўсё было сказана даўно, усё было надрукавана, пра гэта нават выпушчаныя кнігі. Гэта даўно ня новае, але зьвярнуліся да гэтай тэмы, таму што грамадства мяняецца. Байкот паказаў, што гэтых людзей (псэўдаапазыцыю) народ не падтрымлівае, народ падтрымлівае нашы ідэі (нашай народнай партыі). Бо мы народ не абзываем “чаркай і скваркай”, мы народ не абзываем “дурны”. Мы на народ па-іншаму глядзім, спадзяемся на наша грамадства. А гэтыя людзі вычарпалі свой рэсурс.

Яны ўвесь час рэальна (па выніках) падтрымлівалі рэжым, яны клікалі людзей на ўсе фальшывыя выбары — тады, калі хадзіць на галасаваньне было нельга і немагчыма. У 2004 годзе, калі Лукашэнка задумаў рэфэрэндум аб сваіх вечных паўнамоцтвах, ні ў якім разе не можна было падтрымліваць гэтыя выбары і гэты рэферэндум — гэта было злачынства. А яны прыдумалі лёзунг: “Ідзі і скажы яму сваё “Не”. Яны са скуры вылузваліся, каб загнаць людзей на рэферэндум. Бо задача была — каб выбаршчыкі прыйшлі галасаваць. А фальсіфікатарская машына выканае сваю справу. Хто зрабіў гэтага вечнага сатрапа, так званага “прэзыдэнта”? Яны! І яны нясуць палітычную адказнасць за гэтую бясконцую дыктатуру.

Еўрарадыё: Не думаеце, што інфармацыю пра 4,5 мільёна долараў, якія нібыта “Гавары праўду!” атрымала на прэзідэнцкія выбары 2010 года, вам спецыяльна злілі з КДБ, каб скарыстаць вас у змаганні рэжыму з апазыцыяй?

Зянон Пазьняк: У 1990-х гадах яшчэ да мяне прыязджалі кіраўнікі раёнаў і ў жаху расказвалі пра ўсю сытуацыю: яны даведваліся, што на кожнага з іх ёсць дасье. На кожнага бюракрата! І ў выпадку чаго яго шантажуюць. Гэта сутнасць рэжыму. Таму ён, гэты рэжым, у рэальнасьці ня мае моцнай апоры сярод выканаўцаў. Як толькі нешта хіснецца — яны ад яго адвернуцца. І калі гэтыя людзі могуць неяк бараніцца, даваць некуды інфармацыю — яны даюць. Халуі прадаюць сатрапа ў першую чаргу. І яны яго ўжо здаюць.

Я прыгадваў ня раз, як у 1994 годзе была прэзыдэнцкая кампанія. Была сфармавана група Лукашэнкі, у якой былі Булахаў, Лябедзька, Ганчар, Сініцын. У тым ліку і Фядута. Дык Фядута прысылаў да мяне двойчы ці тройчы сваіх прадстаўнікоў — ён хацеў перадаць кампрамат, дасье на Лукашэнку. Ён не ведаў, хто будзе прэзыдэнтам, і гуляў на два бакі. Я не стаў зь ім ні гаварыць, ні браць — усё, што трэба пра Лукашэнку, я ведаў без яго. Але я паказваю псіхалогію гэтых людзей. І цяпер яны пайшлі ў так званую “апазыцыю”! Яны ўжо сто разоў прадаліся і яшчэ нешта сьпяваюць! Яны будуць на галаву станавіцца, казаць, што КДБ злівае, а Пазьняк не разабраўся... Пазьняк даўно ў іх разабраўсяі, яшчэ калі яны ў камсамольцах хадзілі і толькі стукаць вучыліся.

Еўрарадыё: ...Пазьняк у эміграцыі адарваўся ад рэчаіснасці...

Зянон Пазьняк: Нічога я не адарваўся! Гэта яны даўно ад беларусаў адарваліся, нават мову забыліся. Усё, што я кажу, усе мае палітычныя ініцыятывы спраўджваюцца. Пра неабходнасьць байкоту я казаў 10 гадоў таму! Тое самае — пра расейскую палітыку, тое самае — пра заходнюю палітыку, пра двайныя стандарты. Яны (так званая “апазіцыя”) гэта самі цяпер убачылі, пасля таго як Эўропа іх выкінула. А чаму выкінула? Бо ўбачыла, што няма толку: грошы даюць і грошы крадуць. Хто пра гэта сказаў першы? Ён самы — квазі-апазыцыянер Аляксандр Фядута! (І прытым ня раз тое казаў). Цяпер ён ужо цьвердзіць, што “апазыцыя” скрала 24 мільёны даляраў — пра гэта ўсё напісана імі ж! Яны ж самы сябе здаюць. Тут ніякіх інфарматараў ня трэба. Таму ўвесь іхны вэрхал... Хай лепш маўчаць і дзе-небудзь сядзяць на грантах ды пэнсіі — іх час заканчваецца!

Еўрарадыё: А не таму што Зянон Пазьняк пакрыўдзіўся на тую ж “Гавары праўду!”, што яны распачалі кампанію па абароне Курапатаў? А гэта ж яго, тое, з чаго Пазьняк пачынаўся?

Зянон Пазьняк: Мы (сябры народнай партыі) ведаем, з кім маем справу, і ведаем, што такое Курапаты. І хто змагаецца супраць Курапатаў. І хай яны лепш маўчаць, такія абаронцы з канторы, як Дзьмітрыеў! Мы ведаем гэтую публіку і ведаем тэхналогію імітацыі гэтай іхняй нібыта “абароны”. Як толькі ўзнікае складанае пытанне з Курапатамі, як толькі ідзе навал на Курапаты — кантора адразу пачынае ствараць свае арганізацыі, якія быццам бы змагаюцца за Курапаты. Яны адразу пачынаюць дасылаць сваіх “спэцоў”, якія пачынаюць агітаваць за Курапаты — каб вылезці наперад, даваць камэнтары і завесьці ўсё ў сьляпы завулак. Гэта тэхналогія, якую мы бачылі ў 2001 годзе, калі рэжымныя ўлады аўтастраду вялі праз Курапаты. Ох які вэрхал паднялі гэтая падстаўныя структуркі: мэмарандумы, пагадненьні з разбуральнікамі, бясконцая балбатня ў мэдыях і г. д. Усё гэта нашыя партыйцы народнай партыі мусілі выцерпець, робячы рэальную справу. (Пра гэта падрабязна ў новай кнізе “Абарона Курапатаў. Народны Мэмарыял”.)

Вандалы дарогу зрабілі, але Курапаты мы адстаялі. Курапаты засталіся. Пасьля гэтага ад тых псэўда-энтузіястаў і духу іх не засталося — усе канторскія квазі-абаронцы выпарыліся, зьніклі, як дым, увесь інтэрас да Курапатаў у іх тут жа прапаў. Толькі аднаго “спэца” пакінулі — падпалкоўніка Кузняцова. Але і ён цяпер праваліўся са сваёй правакацыяй з польскімі жаўнерамі, аб якой палякі яго не прасілі (тут хутчэй за ўсё расейскі інтэрас).

Зьміцер Лукашук (Тэкст адрэдагаваны З. Пазьняком)