АБАРОНА КУРАПАТАЎ

posted Nov 20, 2012, 6:10 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 20, 2012, 6:11 AM ]
Апошнім часам у інфармацыйнай прасторы адбыліся пэўныя падзеі, прагучалі заявы. Усё пачалося з наступнага дня пасьля мэмарыяльнага шэсьця і мітынга, якія патрыёты-фронтаўцы правялі на Дзяды 28 кастрычніка 2012 года. Праз цэнтар сталіцы ў Курапаты больш за тысячу людзей прайшлі пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, нясучы крыжы, якія былі потым усталяваныя на магілах ахвяраў расейскага тэрору ў Беларусі.

29 кастрычніка ў Курапатах сабралася невялічкая група асобаў, імі кіраваў І. Кузняцоў, які пазыцыянуе сябе як “гісторык” і выступае ў ролі галоўнага экспэрта па сталінскіх рэпрэсіях і месцах пакутніцтва, перш за ўсё ў Курапатах. Сярод прысутных быў заўважаны таксама В. Арэшка, А. Дзімітрыеў, В. Рымашэўскі і некалькі іншых асобаў з мясцовай прамаскоўскай псэўдаапазыцыі.

Трэба падкрэсьліць, што гэтыя асобы ніколі не займаліся якімі-кольвечы дасьледваньнямі Курапатаў і наогул тэмай генацыду беларускага народу пад расейскай акупацыяй. У любой іншай краіне іх назвалі б “аматарамі” і як да аматараў ставіліся б адпаведна. Зьявіліся яны ў Курапатах нечакана, праз пару тыдняў пасьля пачатку абароны Курапацкай сьвятыні патрыётамі-фронтаўцамі пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка ўвосень 2001 года. Ні тады, ні на працягу наступных гадоў гэтыя асобы не паставілі ў Курапатах ніводнага крыжа, не ўзялі ўдзелу ні ў аднай талацэ. Яны займаліся толькі дэкаратыўнымі функцыямі, “дамаўляліся з уладамі”, рабілі заявы і давялі сваё дэкаратыўнае майстэрства да “дасканаласьці”. Калі В. Арэшка зьнік з тэмы праз некалькі месяцаў яшчэ ў 2001 годзе, то І. Кузняцоў так і застаўся яе саманазваным “класікам”. Дакладней будзе сказаць, што зь яго робяць “класіка” пэўныя структуры (пры ўдзеле так званых “незалежных дэмСМІ”). Ён любіць вадзіць па Курапатах замежных дыпляматаў, выступаць на розных кангрэсах (хаця па-беларуску зусім ня ўмее размаўляць, проста двух слоў ня ведае).

З купкай асобаў сп. Кузняцоў адкрыў 29 кастрычніка сёлета задэклараваны як вялікая падзея “знак” (традыцыйнай савецкай формы маленькі чырвоны “слупок-пірамідку”) у памяць “афіцэраў польскага войска, расстраляных у Беларусі”. Але на сёньняшні дзень ні дакуманты, ні археалягічныя раскопкі не даюць падставы казаць, што ў Курапатах расстраляныя і пахаваныя польскія афіцэры. І Кузьняцоў гэта ведае. У правакацыю з слупком-тумбай закладзены міжнародны зьмест — сутыкнуць беларусаў з палякамі.

На наступны дзень ён прывёў у Курапаты замежных дыпляматаў і моцна разгубіўся, бо ягонага “знака” там ужо не было. І пайшло-паехала, чаго ён толькі не нагаварыў, спадзяючыся на кароткую памяць беларускіх людзей. Але памяць ёсьць, ёсьць успаміны ўдзельнікаў падзей, кнігі, запісы і фільмы. Мы прыводзім тут фрагмэнты з апошняга кніжнага выданьня на тэму Народнага мэмарыялу ў Курапатах (З. Пазьняк, В. Буйвал. Абарона Курапатаў. Народны Мэмарыял. Варшава-Нью-Ёрк-Вільня, — 2012 г., 215 старонак з ілюстрацыямі). Прадстаўляем вашай увазе дзьве главы з гэтай кнігі.

Янка Базыль


Курапаты. Абаронцы і імітатары

Магіл дарагіх людзей няма. Што рабіць? Гэтае пытаньне задавалі сябе многія людзі ў 1988-м — 90-я гады, калі мацнела народнае рушаньне, зьнікаў страх, калі сэрца шукала аднадумцаў. Курапаты сталі для беларусаў такім месцам, дзе кожны мог памянуць ахвяры сваёй сям'і, паставіць свой Крыж у памяць блізкіх людзей, магілы якіх невядома дзе на прасторах ГУЛАГа. І ў той жа час кожны далучаўся да ўсенароднай драмы і ўсенароднай памяці. У Курапатах паўстаў Народны мэмарыял.

Сьвятыню вярнуў нацыі Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”. Фронт на працягу гадоў абараняе Народны мэмарыял ад зьнішчальнікаў-сатаністаў. Фронт зьдзяйсьняе працу па стварэньню мэмарыяла. Адкрыў Курапаты Зянон Пазьняк. Ён упершыню на ўвесь сьвет сказаў праўду аб генацыдзе беларускага народа. Гэтыя неабвержныя факты ўвесь час спрабуюць абвергнуць рознага кшталту балбатуны і фальсіфікатары. Барацьба ў абарону сьвятых магілаў і Крыжоў працягваецца штодня і завершыцца толькі тады, калі Беларусь вызваліцца ад акупацыйнага гэбоўскага рэжыма.

Людзям недасьведчаным здаецца дзіўным, чаму саветы раней і лукашысты цяпер так упарта імкнуліся і імкнуцца зьнішчыць курапацкія магілы? Чаму яны так баяцца мёртвых? Чаму намагаюцца заблытаць грамадзтва гуканьнем падстаўных гукальшчыкаў: “А вообще-то неизвестно ещё, кого расстреляли в Куропатах. Говорят, там сплошь литовские офицеры. А может быть поляки...” “Да там немцы евреев расстрелівалі”... Для іх важна даказаць нам, што пахаваныя ў Курапатах ахвяры — “сплошь” не былі беларусамі (у іншых варыяцыях канторскай хлусьні даказваецца, што ўсе, хто расстрэльваў у Курапатах, “сплошь” былі беларусамі).

Магілы ахвяраў генацыду ірляндскага народу ў Кэлсе і па ўсёй Ірляндыі не былі зьнішчаны брытанскімі акупантамі. І не толькі таму, што брытанцы ў цывілізацыйным сэнсе — не расейцы. Акупанты ведалі, што ірляндцы не дапусьцяць, каб яны зьдзейсьнілі гэта злачынства. Змагарны народ адназначна ўстаў на абарону сваіх палеглых. Наогул, цяжка ўспомніць у новай гісторыі Эўропы прыклады зьнішчэньня дзяржаўнымі ўладамі магіл ахвяраў вайны або рэпрэсіяў. Акрамя, зразумела, людажэрскай практыкі нямецкага фашызма, які з расейскім фашызмам-бальшавізмам — “близнецы-братья”. Больш нічога падобнага ў вялікіх маштабах не тварылася.

Да моманту падзеньня камуністычнай дыктатуры ва Угоршчыне невядомыя (зразумела, што пад патранажам спэцслужбаў) рэгулярна апаганьвалі на могілках у Будапэшце магілы Імрэ Надзя і іншых лідэраў народнай рэвалюцыі 1956 года, расстраляных па загаду з Масквы. Улады “народнай” Польшчы зараўнялі на могілках некалькі магіл рабочых, якія загінулі падчас антыкамуністычных выступаў у 1970 годзе. Але тут йдзецца пра сатэлітныя рэжымы. Як толькі народы пагналі прэч халуёў Масквы, усё зьмянілася. Людзі ўшанавалі памяць герояў і пакутнікаў помнікамі.

Рушаньне Беларускага Народнага Фронту, наша народная рэвалюцыя пачыналіся ў 1988 годзе з Курапатаў, з першых мэмарыяльных мітынгаў, дзе людзі ўпершыню пачулі праўду аб народнай драме і заявілі аб тым, што ня хочуць далей жыць пад камандай спадкаемцаў забойцаў. Гэта ёсьць класічны шлях адраджэньня хрысьціянскага народа. Мы не былі першымі на гэтым шляху.

Калі скончылася вайна, французкі народ імкнуўся да аднаўленьня паўнавартаснага нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця пасьля прыніжэньняў акупацыі і калабарацыі з акупантамі. На дзяржаўнае сьвята ў Дзень Перамір'я 11 лістапада 1945 года па вуліцах Парыжа прайшлі сотні тысячаў людзей начале з генэралам Шарлем Дэголем. Яны несьлі 15 трунаў з целамі патрыётаў, забітых немцамі. Экзгумаваныя з гестапаўскіх ям целы герояў былі пахаваны на дзяржаўных могілках. Народ выкляў здраднікаў і калабарантаў, назаўжды вызначыў для сябе, хто падчас вайны быў сапраўднай Францыяй.

У чэрвені 1988 года сотні тысячаў людзей прайшлі па Будапэшту за трунамі з целамі лідэраў рэвалюцыі 1956 года, каб перазахаваць іх у дастойным месцы. Як замітусілася тады прамаскоўская хунта, як закрычала: “Гэта незаконна, на гэта не было рашэньня ЦК!” Калабаранты адчулі, што іхнай уладзе засталося трываць нядоўга. Яны не памыляліся, праз лічаныя месяцы маскоўскі камунізм з грукатам паваліўся ва Угоршчыне.

Вось яшчэ прыклад. 17 лістапада 1989 года пражскія студэнты вырашылі адзначыць мэмарыяльнымі мерапрыемствамі ўгодкі антыфашыстоўскага студэнцкага мітынгу 1939-га году, жорстка падаўленага нямецкімі акупантамі. Вялікія масы моладзі з кветкамі і сьвечкамі пасьля мітынгу пайшлі на могілкі да магілы Яна Палаха. Пражскі студэнт публічна спаліў быў сябе ў 1969, пратэстуючы перад усім сьветам супраць маскоўскай акупацыі радзімы і здушэньня Пражскай Вясны. Рэжым кінуў супраць моладзі паліцэйшчыну. Але на наступны дзень па ўсёй краіне мільёны людзей пачалі агульнанацыянальны палітычны страйк пратэсту, у выніку якога прамаскоўская дыктатура абвалілася.

Ня так даўно гэбоўская агентура пачала атручваць беларускае грамадзтва чарговай гнюснасьцю на тэму Курапатаў і абаронцаў сьвятыні. Маўляў, “гэтая КХП-БНФ толькі тым і займаецца, што падмятае на курапацкіх могілках... заняліся б лепш сапраўднай палітыкай” і г.д. Але “криводушничают” таварышы. Цудоўна ведаюць яны ў сваёй лубянскай канторы, якое ачышчальнае сьвятло можа ўзьняцца ад сьціплых курапацкіх сьвечак і азорыць мільёны беларускіх душаў. Баіцца бязбожны акупант курапацкіх Крыжоў.

Аўтарам ідэі і канцэпцыі Народнага мэмарыялу “Купапаты — Лес Крыжоў” зьяўляецца Зянон Пазьняк. На працягу гадоў над увасабленьнем гэтага праекта працавалі многія людзі. Нават той, хто хаця б адзін раз удзельнічаў у талацэ, дапамагаў у добраўпарадкаваньні могілак, стаўленьні Крыжоў, можа з гонарам казаць — “У Народным мэмарыяле ёсьць частка і маёй працы”.

Усе ведаюць фронтаўцаў Алеся Чахольскага і Уладзімера Юхо, якія ўклалі ў справу мэмарыяла найбольшы індывідуальны ўнёсак. Яны працуюць на кожнай талацэ, вырашаюць практычныя праблемы, натхняюць людзей, паказваюць прыклад. Падчас абароны Курапатаў у 2001 годзе Уладзімер Юхо быў арыштаваны і зьбіты амонамі. Іншым разам, калі яго арыштавалі і павезьлі на рэжымны суд, Юхо моцна трымаў у руках вялікі Крыж, які не даваў апаганіць акупантам. Сапраўдныя работнікі і абаронцы Народнага мэмарыялу — гэта фронтаўцы Віктар Рабушка, Аліна Дуброўская, Пятро Шашкель, Ангеліна Масюта, Тацьцяна Цяцёркіна, Рыгор Кійко і многія, многія іншыя. Да фронтаўцаў далучаюцца людзі зь Менску і ўсяе Беларусі. У кампазіцыі Народнага мэмарыялу ёсьць ужо шэраг Крыжоў, прывезеных беларусамі з Летувы і розных рэгіёнаў нашай краіны.

Сваё жыцьцё прысьвяціла справе Народнага Мэмарыялу Мая Тодараўна Кляшторная. Пасьля расстрэлу яе бацькі, — таленавітага паэта Тодара Кляшторнага (1903-1937), — яна апынулася з сям'ёй у ГУЛАГу, у спэцлягеры для сем'яў “ворагаў народу”. Ёй было тады два гады... З першых дзён змаганьня Народнага Фронту за Беларусь Мая Тодараўна разам з намі. На нашых вачах вырасла яе ўнучка Хрысьцінка. Яна заўсёды ўдзельнічае ў мэмарыяльных мерапрыемствах у Курапатах.

Тут дарэчы будзе ўспомніць пра нібыта “удзел” у справе мэмарыялізацыі Курапатаў “нашей православной організаціі” (як называе РПЦ А. Лукашэнка). “Організація” шэраг гадоў не заўважала Курапаты. Потым на ўскрайку курапацкага лесу людзі ўбачылі нейкую дзейнасьць групы асобаў, якія нешта будавалі з квадраў. Недабудаваную канструкцыю РПЦ назвала “подворьем”. Час ад часу туды прыходзіў бацюшка з будынка РПЦ, што непадалёк ад Курапатаў. Ён разьвёў побач з “подворьем” (якое так і не было дабудавана) невялікі гарод. Да гэтага гарода ў прызначаны час хадзілі нейкія жанчыны і атрымлівалі там гуманітарныя пакункі. Хто яго ведае, можа паводле статуту РПЦ так і трэба. Але немагчыма сябе ўявіць, каб палякі ў Асьвенцыме, немцы ў Дахаў або французы ў Арадуры закладалі гароды, вырошчвалі капусту і буракі...

Патрыёты з горада Узды вырабілі вялікі Крыж у форме паводле праваслаўнай традыцыі і павезьлі яго ў Курапаты. Раней яны ніколі не былі там. Убачыўшы “подворье”, яны падумалі, што гэта і ёсьць сапраўдны цэнтар кампазіцыі мэмарыялу. Паставілі каля бацюшкінага гарода Крыж і паехалі дадому. На наступны дзень Крыжа ўжо не было. Спачатку мы меркавалі, што “організація” зьнішчыла яго. А потым убачылі, што Крыж стаіць побач з недабудаваным будынкам РПЦ на вул. Мірашнічэнкі непадалёк ад Курапатаў. Бацюшка і ягоная “організація” хватка пакарысталіся нагодай і сэканомілі на “утварі” (як называюцца ў іх прадметы хрысьціянскага рытуалу). Мяркуем, што ў такім выпадку ім трэба было б прынамсі спытаць у людзей, якія ад імя ўсіх сваіх землякоў вырабілі і прывезьлі ў сьвятыню Крыж, дазволу на выдаленьне яго з тэрыторыі мэмарыялу.

Аднак, гародніцтвам і дэзарыентацыяй людзей у Курапатах РПЦ займалася нядоўга. Мабыць у Маскве зразумелі, што не ўдалося падпарадкаваць Курапаты ідэалагеме “святой Руси”, і адтуль пайшоў загад трымацца падалей ад беларускай сьвятыні. Аднойчы прыехалі рабочыя ў камбінэзонах і вывезьлі прэч квадры недабудаванага “подворья”. Дзе-нідзе засталіся ляжаць толькі камяні з алейнымі выявамі і цытатамі па-расейску (паводле РПЦ, цытаваць Біблію можна толькі на гэтай мове).

У 2001 годзе рэжым заявіў пра “неабходнасьць пашырэньня абвадной дарогі” вакол Менска. Расейскае тэлебачаньне арганізавала цэлую тэлепраграму, прысьвечаную гэтай “неабходнасьці”. Тэлевядучую вазіў на аўтамабілі сам Лукашэнка. Седзячы за рулём, ён гукаў: “Мы начнём страіцельства ат Курапат і дальше, дальше...” Беларусы зразумелі, што над сьвятыняй навісла пагроза поўнага зьнішчэньня. Беларускі Народны Фронт і ягоная Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ актывізавалі талокі, людзі ставілі на магілах ахвяраў новыя Крыжы.

Сінхронна з заявай начальніка дыктатуры пачала дзейнічаць агентура рэжыма. На паверхні гэтым разам паказаліся дзьве фігуры: І. Жыхар, супрацоўніца Свабоднага прафсаюза, і В. Арэшка (ён дагэтуль падпісваецца як “культуролаг”) з “Сойму” былога псэўда-БНФ “былога” В. Вячоркі. Яны і яшчэ некалькі пэрсанажаў публічна тэарэтызавалі наконт недапушчальнасьці “несанкцыянаванага стаўленьня крыжоў у Курапатах”, пра “неабходнасьць супрацоўніцтва з уладамі ў справе мэмарыялу” і г.д.

Паводзілі яны сябе вельмі актыўна. Адчувалася, што ня могучы зьнішчыць Курапаты, кантора спрабуе перахапіць у патрыётаў ініцыятыву і выпусьціць наперад сваіх людзей пад нейкім цёмным сьцягам. Канторскія абвясьцілі пра стварэньне нейкага “камітэта па мэмарыялу ў Курапатах”, запрасілі на паседжаньне некалькі былых вязьняў ГУЛАГу і прадстаўнікоў інтэлігенцыі (нават Янку Брыля). Там яны зьбіраліся далучыць усіх да “мэмарыялізацыі” пад патранажам Фонду Міра і яшчэ некалькіх даўніх гэбоўскіх арганізацый. Фронт паслаў на гэты сход нашага Уладзімера Юхо. Ён доўга там не сядзеў, а раздаў усім прысутным нашу заяву. Там гаварылася аб тым, што нельга давяраць падстаўным і фальшывым, нельга ствараць мэмарыял разам з канторскімі прадстаўнікамі. Адзіным вынікам такога супрацоўніцтва з спадкаемцамі злачынных спраў будзе апаганьваньне Курапатаў якой небудзь жалеза-бэтоннай “родіной-матерью” з чырвонай зоркай. Людзі прачыталі наш зварот. Першым падняўся з месца і пайшоў на выхад Янка Брыль, за ім пайшлі іншыя інтэлектуалы. Спроба пакарыстацца нацыянальнай элітай з грукатам правалілася. Але яны не супакойваліся.

На фронтаўцаў напусьцілі журналісцкую цемру, якая паводзіла сябе агрэсіўна, патрабуючы “спыніць нехарошае дзела”. Мне запомніўся адзін такі “журналісцкі запыт”. У пятніцу зазваніў тэлефон. У слухаўцы малады жаночы голас пранізьліва крычаў: “Я из АПН. Как вы смеете ставить кресты в Куропатах?! А что делать евреям и мусульманам?! Что вы делаете?! Почему вы не поддерживаете комитет Жихарь-Орешко?! Прекратите немедленно!..” Назаўтра была субота, фронтаўцы сабраліся на талаку ў Курапатах. Людзі пачалі працу. І раптам бачым, начале групы нейкіх грамадзянаў шпарка перасоўваецца І. Жыхар. Паслухалі, што яна распавядае на сваёй “экскурсіі”. Асоба бадзёра апавядала, як яна з таварышамі ставіць у Курапатах крыжы, рыхтуе мэмарыял і г.д.

Пазьней з купкай замежнікаў прыбег В. Арэшка і пад перакладчыка апавядаў тое ж самае. Мы ня ведалі, што рабіць: сьмяяцца або плакаць. Аказалася, што ўчорашні “журналісцкі запыт” быў апошнім. У ноч з пятніцы на суботу кантора прыняла рашэньне спыніць супраціў крыжаўзьвіжаньню і загадала сваім узначаліць ініцыятыву ў Курапатах. “Свае” адразу ж пачалі збор грошай “на агароджу Курапатаў”, шмат шумелі, але так і не паставілі аніводнага Крыжа.

Шкодзілі яны нядоўга. Пэрсанажы такой пароды не трымаюцца там, дзе няма сталага прытоку грошай. А людзі грошай ім не давалі (у тым ліку і зазвычай наіўныя замежнікі). Праз пэўны час Жыхар была выдалена з прафсаюза, Арэшка перакінуўся на больш хлебнае месца на грантаўскай ніве.

У верасьні-лістападзе 2001 года рэжым арганізаваў адкрыты зьнішчальны наступ на Курапацкую сьвятыню. Дзень чарговай фальшывай інаўгурацыі Лукашэнкі 20 верасьня 2001 года рэжым адзначыў пачаткам атакі на Курапаты. Пра бульдозэры на магілах усім нам патэлефанаваў Уладзімер Юхо. Фронтаўцы пачалі зьбірацца ў Курапатах і гнаць зьнішчальнікаў (якія называліся “будаўнікамі”) прэч. Людзі несьлі ў Курапаты Крыжы і ставілі іх на шляху трактараў і бульдозэраў. Супраціў у першыя тры дні абароны арганізоўваў Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні БНФ “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Немалады чалавек невысокага росту, ён першым ставаў перад бульдозэрам, да яго далучаліся іншыя фронтаўцы. Стала вядома, што “будаўнікі” былі прывезены рэжымам з правінцыі. Яны ня ведалі, што іх прыслалі зьнішчаць магілы. Найменшы супраціў спыняў гэтых людзей. Пазьней мы даведаліся, што рэжым вымушаны быў цалкам мяняць склад брыгады кожныя два тыдні, часам яшчэ часьцей. Людзі адмаўляліся выконваць злачынныя загады начальства пасьля нашых тлумачэньняў.

Найбольш актыўная атака на сьвятыню пачалася на наступны дзень пасьля бальшавіцкага “праздніка октябрьской революціі”. 8 лістапада 2001 года рэжым кінуў на Курапаты жалезную хвалю тэхнікі і цемру ОМОНа, міліцыі і КГБ. Я прыехаў у Курапаты прыкладна а 18.30. Усе, хто знаходзіўся там у той дзень былі схоплены і вывезены паліцэйшчынай. Стала вядома, што вельмі пацярпеў фронтавец Рыгор Кійко, якога жорстка катавалі азьвярэлыя амоны. Пад вострым сьвятлом пражэктараў бульдозэры валілі Крыжы... Мабыць, рэжым быў упэўнены, што дасягнуў перамогі.

Але раніцай 9 лістапада Сяргей Папкоў пачаў арганізоўваць ланцуг абаронцаў. Іх атакавалі амоны. Арыштаваных людзей вывезьлі на суд (калі можна так назваць рэжымнае судзілішча, якое ў тыя дні раздавала абаронцам прысуды на штрафы і адміністрацыйныя арышты). Недзе каля 14.00 з фронтаўцаў у Курапатах засталіся толькі я і Уладзімер Раманцоў (астатніх пахапалі). Было шмат журналістаў. Раптам усе яны і частка амонаў сарваліся з месца і гуртом пабеглі па дарозе ў бок горада. Пазьней мы даведаліся, што ў паўкілёмэтры ад Курапатаў была наладжана шумная акцыя псэўдаапазыцыі, магчыма навзат зрэжысіраваная КГБ. Група асобаў начале зь вядомымі Лебедько і Бандарэнкам нібыта маршыравала “вызваляць Курапаты”. Іх сустрэў амонаўскі ланцуг і куча журналістаў, гатовых асьвятляць “сэнсацыю”. На наступны дзень у прэсе зьявіліся карцінныя кампазіцыі: Лебедько і Бандарэнка махаюць рукамі перад амонаўскімі здаравякамі, твары “рашучыя”... Цікава, што ўжо праз год журналісты-“дэмакраты” схавалі гэтыя здымкі пад спод і ўрэшце апублікавалі здымак з сапраўднымі абаронцамі Курапатаў начале з С. Папковым. Нават журналістам стала няёмка працягваць гэтую імітацыйную хлусьню.

Мяне з Ул. Раманцовым скруцілі і адвезьлі ў РАУС Менскай вобласьці. На наступны дзень лукашэнкаўская Фэміда прысудзіла нам штраф. Тады пацярпела шмат людзей. Але зьвесткі пра жорсткія рэпрэсіі сёньняшняга рэжыму над мірнымі абаронцамі магілаў на месцы камуністычных рэпрэсіяў распаўсюджваліся па ўсім сьвеце.

Кіраўніцтва БНФ таксама не губляла часу. Зянон Пазьняк сустракаўся з журналістамі і палітыкамі з розных краінаў, накіроўваў звароты, заклікаў выратаваць беларускую сьвятыню. Фронт зьвярнуўся з адозвай да Папы Рымскага Яна-Паўла ІІ, да грамадзтваў, парлямантаў, палітычных і рэлігійных дзеячаў цывілізаваных краінаў. Афіцыйны Менск пачаў атрымліваць пратэсты і запыты з розных краінаў. Міжнародная супольнасьць адназначна трактавала спробу разбурэньня Курапатаў як злачынства. Убачыўшы правал брутальнай атакі сваіх сатрапаў і баючыся міжнароднага скандалу, Масква аддала загад спыніць акцыю. Было зьнішчана больш за 100 крыжоў, пашкоджаны магілы, пацярпелі абаронцы, але фронтаўцам удалося адбіць атакі. Было даказана, што нават абмежаваная колькасьць абаронцаў можа спыніць усю магутнасьць антычалавечага рэжыму. Трэба толькі дзейнічаць салідарна і разумна.

У гэтым месцы неабходна закрануць справу гэтак званых “валанцёраў”, а больш дакладна імітатараў абароны Курапатаў. Як было ўжо сказана, на працягу трох дзён фронтаўцы баранілі сьвятыню, не задумваючыся пра рэкляму або самарэкляму. На чацьверты дзень (23 верасьня 2001 г.) на невялікай пляцоўцы каля Крыжа Пакутаў зьявілася некалькі маладзёнаў. Яны актыўна раздавалі інтэрв'ю, пачалі раскладаць вогнішча. У наступныя дні яны так і сядзелі каля гэтага вогнішча, грэліся, смажылі кілбаскі. Потым паставілі вялікі намёт, у якім пачалі начаваць. Час ад часу ў Курапатах зьяўляўся Паша Севярынец і з уласьцівым яму бадзёрым інфантылізмам “кіраваў усім працэсам”. Гэты працэс быў апэратыўна прадстаўлены журналістамі ўсяму грамадзтву як “дзейнасьць абаронцаў Курапатаў”.

Мы мелі магчымасьць даволі доўга назіраць за іхнай “дзейнасьцю” і за імі. Калі фронтаўцы ставілі Крыжы на магілах, яны смажылі кілбаскі і нават не глядзелі ў наш бок. Калі ў Курапаты прыходзілі сьвятары і шмат людзей зьбіралася на малітву перад Крыжом Пакутаў, “абаронцы” грэліся каля вогнішча і нават не ўставалі, адвярнуўшыся плячыма. Даведаўшыся з журналісцкай рэклямы пра “маладых абаронцаў”, беларускія жанчыны пайшлі ў Курапаты і панесьлі ім ежу. Іх з іхнымі гасьцінцамі сустракалі няветліва, намякаючы, што трэба лепш здаваць грошы “на абаронцаў”. Твары і манеры часткі з “абаронцаў” мелі незмывальную пячатку вулічнай шпаны.

Людзі з зьдзіўленьнем прыглядаліся да гэтай стракатай публікі. Некалькі разоў сярод іх зьяўляліся маладзёны нападпітку, паводзілі сябе агрэсіўна ў адносінах да фронтаўцаў. І яшчэ адна красамоўная дэталь. Калі журналісты або грамадзяне-аматары фатаграфавалі купку “абаронцаў”, то частка зь іх адварочвалася і хавала твары. Калі пахаладала, каля вогнішча “абаронцаў” прыязна грэліся амоны, якія ахоўвалі ад людзей будаўніцтва кальцавой дарогі па курапацкіх магілах. Стала зразумела, што ўсё гэта кіруецца спэцслужбамі рэжыму з мэтай дэзарыентацыі грамадзтва. Імітатары, што прыляпіліся да тэмы, павінны былі запоўніць сабой інфармацыйную прастору і засьціць барацьбу за сьвятыню, якую вялі фронтаўцы. Трэба прызнаць, што ў значнай меры ім гэта ўдалося дзякуючы намаганьням журналістаў (якія таксама мелі сваё “рэдакцыйнае заданьне”). Праз колькі месяцаў гэтай камэдыі намёт камэдыянтаў запаліўся ўначы і дашчэнту згарэў. П. Севярынец пачаў трубіць адбой. Яны сышлі з Курапатаў. І вось жа цікава, нікога з гэтых “маладых абаронцаў” мы ў Курапатах больш ніколі ня бачылі.

Імітатарства на гэтым ня скончылася. На працягу апошніх трох гадоў актывізаваліся асобы, якіх раней ня бачылі ў Курапатах: “гісторык” Кузняцоў, “грамадзкі дзеяч” (вось гэта фармулёвачка!) Сіўчык і некалькі іншых. Яны робяць пампезныя заявы на тэму, зьбіраюць вакол сябе невялікія купкі людзей, вельмі актыўна прадстаўляюцца “абаронцамі” у замежных амбасадах. Іхнае камэрнае разважаньне вельмі шырока рэклямуецца ў мясцовай “незалежнай” прэсе. Ніводнага крыжа яны не паставілі, затое колькі гадоў таму з помпай адсланялі ў Курапатах “мэмарыяльную шыльду”. На наступны дзень фронтаўцы ўбачылі, што “шыльда” зроблена з плястыліну і пафарбавана срэбнай фарбай...

У апошнія гады мы назіраем таксама новую сюжэтную лінію імітатарства, гэтым разам больш шкодную, чым дзейнасьць згаданых камэдыянтаў. Час ад часу у Курапатах адбываюцца “экскурсіі”. Перад публікай выступаюць маладзёны 25-28 гадоў. Яны ня могуць сказаць, дзе знаходзіцца іхнае “экскурсбюро”, хто яны такія і хто іх рыхтаваў. На талоках або на Дзядах мы гэтых “экскурсаводаў” ніколі ня бачылі. Іхнае апавяданьне льецца даволі нудна, шматслоўна. Але заўважаны дэталі, якія становяцца стрыжнявай лініяй у іхнай “тэорыі” аб Курапатах. Прывяду прыклады. Кожны зь іх адкрыта кажа: “У Курапатах беларускі народ забіваў сам сябе”. Далей: “Зянон Пазьняк хадзіў па навакольных вёсках, зьбіраючы зьвесткі пра Курапаты. Да яго з двароў выходзілі адстаўныя энкавэдзісты і казалі: “Так, я ганаруся тым, што страляў ворагаў у Курапатах”. І г.д. Галоўная задача “экскурсаводаў” заключаецца ў тым, каб пераканаць беларусаў і замежнікаў: Курапаты — гэта не злачынства расейскай акупацыі, тут “беларусы забівалі беларусаў”. Яны ні слова ня кажуць пра тое, што ў змаганьні за Курапаты паўстаў Беларускі Народны Фронт. Прычым, гэтая няпраўда ўнітавана ў шэраг праўдзівых фактаў (што не змяншае меру подласьці такіх аратараў). Людзі старэйшага ўзросту ведаюць, што пасьля 1953 года ніхто адкрыта не выхваляўся тым, што расстрэліваў пры Сталіне людзей. І ніводзін з катаў не жыве ў навакольлі Курапатаў. Вядома, што зьбірае экскурсантаў пад такія “экскурсіі” менавіта групоўка пад абрэвіятурай БХД.

Фальсіфікатарам ня ўдасца абвергнуць даказаныя чалавечымі ўспамінамі і матэрыяльнымі сьведчаньнямі факты. Археалагічныя раскопкі, праведзеныя пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, прадэманстравалі маштабы і характар злачынства. Курапацкая машына сьмерці напружана працавала штодня і штоначы на працягу амаль пяці гадоў. Расейскія акупанты расстрэльвалі тут беларускіх людзей і закапвалі ў ямах іхныя трупы з 1937 года па 23 чэрвеня 1941 года. Толькі ў Курапатах было забіта каля 250 тысячаў чалавек. Ужо на прыканцы 1940-х гадоў акупанты прадпрынялі спробу зьнішчыць сьляды свайго злачынства. Тады яны ў першы раз выкапвалі з зямлі парэшткі людзей і вывозілі іх у невядомым накірунку. Пасьля таго варварскія “эксгумацыі” праводзіліся шэраг разоў. Акупанты будавалі на магілах дарогу і газаправод, водазаборнік і запланавалі нават пабудову побач з Курапатамі элітнага паселішча “для обеспеченных граждан” пад назовам “Солнечный город” з рэклямай у газэтах: “Рядом находится экологически чистая лесная зона”...

Апошнім прыкметным эпізодам шкоднай імітацыі стаў публічны выступ на тэму рэжымнага газэтнага рэдактара П. Якубовіча. Ён заявіў сярод іншага, што ў Курапатах усе павінны прымірыцца і што даглядаць магілы павінны актывісты БРСМ. На гэта сумленныя беларусы адказваюць, што немагчыма прымірыцца з тым, хто не пакаяўся. І лукашэнкавым бэрэсэмам няма што рабіць у сьвятыні.

Барацьба за Курапаты працягваецца як частка барацьбы за Беларусь. Даўно вызначыўся падзел сілаў у гэтым змаганьні. З аднаго боку гэта Беларускі народ, хрысьціянская духоўнасьць, эўрапейская традыцыя. З другога боку — акупанцкая цемра, кіруемая з Масквы. Гэта — істоты, апантаныя сатаной, тыя, хто ненавідзіць Беларусь і ня мае нічога сьвятога. Наперадзе перамога Беларусі і справядлівы суд над тымі, хто падняў руку на нашу сьвятыню.

Гартаючы старонкі “адной гісторыі”

З чым бы параўнаць дакумэнтальнае выданьне пад эгідай Радыё “Свабоды”, што зьявілася ў сьвет вельмі апэратыўна ў 2002 годзе (“Дарога праз Курапаты”. Рэдактар С. Дубавец)? З цяжкасьцю шукаеш параўнаньні і ўрэшце ўспамінаеш студэнцкую маладосьць. Як аднойчы на мае словы скепсісу і іроніі наконт якасьці і карысьці лекцый, напрыклад, па марксізму-ленінізму калежанка лагічна адрэагавала: “А ведаеш, у прынцыпе нешта карыснае можна ўзяць з любой лекцыі, ад любога выкладчыка, нават ленініста. Ну, прынамсі павучыцца таму, як ня трэба выкладаць матэр'ял...”

Згаданае выданьне “Свабоды” нельга назваць паўнавартаснай кнігай. Гэта хутчэй брашура пашыранага аб'ёму. Для выдаўцоў яна была вельмі важным момантам іхнай прафэсійнай біяграфіі. Яны зрабілі яе “у рэкордныя тэрміны”, “па сьвежых сьлядах”, як “сваечасовае журналісцкае рэагаваньне”. Але на жаль, яркім момантам у духоўным жыцьці Беларусі або шэдэўрам беларускай журналістыкі выданьне так і не стала. І ўсё ж хочацца найперш зьвярнуць увагу на тыя старонкі брашуры, якія сапраўды зьяўляюцца каштоўным дакумэнтальным матэр'ялам.

У бясконцым шэрагу рэпартажоў, інтэрв'ю, камэнтароў і сюжэтных карцінак усё ж удаецца знайсьці аб'ектыўнае адлюстраваньне падзеяў і тэндэнцыяў 2001-2002 гадоў. Трэба прызнаць, што некаторыя адлюстраваныя на гэтых старонках асобы шмат аддалі б за тое, каб брашура не існавала і не існавалі б іхныя выказваньні ды апісаньні іхных дзеяньняў падчас абароны Курапатаў ад атакаў антыбеларускага рэжыму. Але з песьні слова ня выкінеш...

На пачатку трэба зазначыць, як цьмяна і невыразна ў брашуры пазначаны падзеі самага пачатку курапацкай абароны. Галоўнае апавяданьне разгортваецца з 24 верасьня 2001 года, калі там зьявіліся “маладыя абаронцы”. Чытачу цяжка ўявіць, што адбывалася ў Курапатах з 20 верасьня (калі на магілы пакутнікаў заехалі першыя бульдозэры) па 23 верасьня. Трэба нагадаць, што ў гэтыя дні Курапаты абаранялі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (яны баранілі Курапаты і ў наступныя дні, бароняць сьвятыню й цяпер). Кіраваў імі намесьнік старшыні Партыі і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Сяргей Папкоў. Аўтары рэпартажоў і брашуры неяк “не заўважылі” гэтых фактаў. Ну што ж, бывае... У тагачасных рэпартажах і ў брашуры імя Зянона Пазьняка ўпершыню згадваецца ажно 5 кастрычніка 2001 года ( на трэці тыдзень актуальных падзеяў), згадка прысьвечана даўнім падзеям адкрыцьця Курапатаў. З першых дзён атакаў рэжыму на сьвятыню журналістаў “Свабоды” неяк не цікавіла думка адкрывальніка Курапатаў наконт драмы. Можа яны ня ведалі, што менавіта Зянон Пазьняк мабілізаваў беларускіх патрыётаў на абарону сьвятыні, што з першых гадзінаў драмы ён інфармаваў міжнародную супольнасьць аб падзеях, патрабаваў, прасіў падтрымкі і рэагаваньня ад урадаў, палітычных, рэлігійных і грамадзкіх дзеячаў па ўсім сьвеце. На “Свабодзе” пра гэта мабыць “ня ведалі”. Што ж, бывае...

Але мы абяцалі прадставіць цікавыя факты дзеяньняў пэўных асобаў. Першы такі факт адлюстраваны ў брашуры ў рэпартажы ад 8 кастрычніка 2001 г. Распавядае П. Севярынец: “Ноч прайшла спакойна, а вось раніцай адбыўся інцыдэнт. Некалькі актывістаў КХП БНФ выкапалі пастаўленую ўчора будаўнікамі жалезную агароджу, зьнялі стужку ў раёне каля крыжоў. Гэтай стужкай была вызначана мяжа плянаванай дарогі. Неўзабаве ў Курапаты прыехаў кіраўнік арганізацыі “Магістральаўтадор”, якая каардынуе работы пашырэньня дарогі, А. Ліцын. Ён абвінаваціў актывістаў КХП БНФ у самаўпраўстве, парушэньні дамоўленасьцяў паміж уладамі і грамадзкімі арганізацыямі. Паводле Ліцына, усталяваньне агароджы прадугледжана дамовай. Сябры КХП БНФ заявілі, што не дапусьцяць пашырэньня дарогі, таму вызначэньне дарогі ня мае сэнсу”.

Якія ж “нехарошыя” гэтыя актывісты КХП! Паша Севярынец уладкаваў свой атрад на начлег у Курапатах, ёсьць дамоўленасьці аб пабудове дарогі праз Курапаты “паміж уладамі і грамадзкімі арганізацыямі”. А тут зьяўляецца С. Папкоў “са сваімі баевікамі” (як казалі ў жніўні 1991 г. напалоханыя камуністы ў Вярхоўным Савеце) і арганізоўвае прыкры інцыдэнт, ламае слупкі для пашырэньня дарогі на магілах і разам зь імі ламае згаданыя дамоўленасьці. У тым жа рэпартажы П. Севярынец распавядае пра раскопкі, якія вядзе “ён” (?) з моладдзю і археолагамі на месцы, вызначаным для пашырэньня дарогі. І касьцей людзей на гэтым месцы яны не знаходзяць. Вось як, аказваецца. Прышлі “маладыя абаронцы”, ёсьць дамова з уладамі на пашырэньне дарогі, касьцей няма, таварыш Ліцын незадаволены — а гэтыя актывісты з Папковым ўсё паламалі...

Узьнікае пытаньне: а што за “грамадзкія арганізацыі” і ад чыйго імя заключалі дамоўленасьці з уладамі на пашырэньне дарогі ў Курапатах? Ужо 9 кастрычніка “Свабода” бярэ інтэрв'ю ў “сакратаркі грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне Курапатаў” Ірыны Жыхар”. Тая распавядае, што на паседжаньні Асамблеі няўрадавых арганізацыяў быў прыняты зварот у вайсковую пракуратуру з патрабаваньнем рассакрэціць усе матэр'ялы пра рэпрэсіраваных (урэшце рэшт свой “зварот” яны нікуды так і не накіравалі). Пра Жыхар, яе “грамадзкую ініцыятыву”, “гісторыка” Ігара Кузняцова ў гэты дзень мы пачулі ўпершыню. Раней ні першае, ні другое, ні трэцяе не былі заўважаны ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў, нейкіх апазыцыйных або беларускіх культурніцкіх справах. Яны, як бачым, нечакана ўзьніклі на трэці тыдзень драмы ў Курапатах, калі рэжым зразумеў, што атака на сьвятыню з наскоку правальваецца і трэба пачынаць аблогу. Нагадаем, што Жыхар зь яе “камітэтам” пашумелі пэўны час і растварыліся ў паветры. А вось “гісторык Кузняцоў” дагэтуль фігурыруе як галоўны экспэрт па народных мэмарыялах.

На працягу ўсяго тэксту зрэдку робяцца адэкватныя адлюстраваньні фактаў. Напрыклад, у рэпартажы Ганны Соусь ад 11 кастрычніка: “... большасьць — сябры КХП БНФ”. Але можна заўважыць, што нават сумленныя журналісты вымушаны прытрымлівацца фармулёўкі “рэдакцыйнага заданьня”. Паступова матэрыялізуецца фантом “маладых абаронцаў”, набывае пэўныя структурныя і партрэтныя рысы. На працягу шэрагу рэпартажоў галоўным партрэтам групавога фантома зьяўляецца такі Алесь Гетман з Партыі Свабоды. Цікава пачытаць, што ён сказаў 26 кастрычніка: “Моладзь і партыя КХП БНФ вырашылі стварыць свой аргкамітэт, які ўвесь час знаходзіцца ў Курапатах, а не засядае недзе за круглымі сталамі”. Калі прадстаўнікі нашай Партыі заявілі, што ні аб чым не дамаўляліся з Гетманам і нават не размаўлялі зь ім, Гетман удакладніў 3 лістапада: “КХП БНФ будзе ў нас у якасьці кансультанта”. Пра дзеяньні гэтага “маладзёвага камітэту” мы яшчэ скажам пару словаў, але ў выступе галоўнага партрэта вызначылася цэнтральная сюжэтная лінія шэрагу рэпартажоў з Курапатаў: Вось мы тут усё робім, ну а час ад часу да нас далучаюцца гэтыя з КХП, кансультанты, маргінальныя дзеячы ў канцы сьпіса.

Але вось настае 8 лістапада 2001 г., калі рэжым кінуў на Курапаты сваю армаду зьнішчэньня, вырашыўшы скончыць усё і назаўсёды. Недзе пасярод радкоў мільгаюць прозьвішчы сяброў КХП-БНФ. Але галоўныя абаронцы ў брашуры зусім іншыя. Распавядаецца пра ланцуг, які яны выстаўлялі перад Курапатамі 8 і 9 лістапада: “У ланцугу былі В. Сіўчык, З. Бандарэнка, І. Жыхар, П. Севярынец, сябры БПС, Маладога Фронту і “Зубра”. Рэпарцёры забыліся ўдакладніць, што свой “ланцуг” згаданая публіка выстаўляла чамусьці ў 500-600 мэтрах ад Курапатаў. У Курапаты яна ў той дзень не прыходзіла. Але шуму было шмат.

Ужо ў рэпартажы за 12 лістапада мы чытаем: “Камітэт “За ўратаваньне Курапатаў” і валанцёры сустрэліся з будаўнікамі. У выніку перамоваў былі вызначаны шэсьць наглядальнікаў, якія штодзень будуць сачыць, як ідуць будаўнічыя работы”. Сярод “наглядальнікаў” зьвяртаюць на сябе ўвагу прозьвішчы Жыхар (якая становіцца ўнівэрсальнай удзельніцай ўсяго магчымага), а таксама дзеячаў прагматычнага псэўда-БНФ С. Міхнова і Ул. Кішкурны (засьведчаныя кадры). Упершыню тых, хто начуе ў Курапатах, назвалі “валанцёрамі” (рамантычны тэрмін). Трэба зазначыць, што сапраўдныя абаронцы Курапатаў заўсёды кваліфікавалі арганізатараў і выканаўцаў працаў на курапацкай дарозе як разбуральнікаў і вандалаў. У “камітэціка” і “валанцёраў” на гэты конт была свая ідэя...

Згодніцтва з вандальскім рэжымам і ўласнае імітатарства трэба было ўсё ж нечым прыкрыць. І вось за 17 лістапада мы чытаем: “Днямі маладзёвы курапацкі камітэт абвесьціў конкурс на стварэньне ва ўрочышчы помніка ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Да канца году валанцёры зьбіраюцца ўсталяваць у Курапатах праваслаўную і каталіцкую каплічкі, а таксама знак у гонар закатаваных габрэяў”.

З рэтраспэктывы часу вядома, што імітатары нічога ў Курапатах не ўсталявалі. Але з гэтага паведамленьня пачалося кур'ёзнае шумавіньне наконт неабходнасьці стварэньня “помніка”. Сотні крыжоў, якія беларусы ўсталявалі на магілах ахвяраў, для гэтай публікі не былі помнікам. З рэпартажу за 19 лістапада: “Сёньня ўвечары прайшла сустрэча актывістаў грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” (цяпер яно назвалася так) з прадстаўнікамі дзяржаўных установаў. Абмяркоўваўся праект стварэньня мэмарыялу. Дырэктар дзяржаўнага інстытуту “Менскград” А. Калантай нават прапанаваў грамадзкасьці выпрацаваць свой праект мэмарыялу ў Курапатах і даць яго на разгляд нечарговай навуковай рады ягонай установы... Грамадзкая інцыятыва падтрымала гэтую прапанову....”. Пакуль патрыёты абаранялі сьвятыню, за іхнымі плячыма вяліся перамовы з арганізатарамі зьнішчэньня сьвятыні. Тав. Калантай празрыста намякнуў: мы разбураем крыжы і магілы, у хуткім часе іх разбурым, а вы нам прадстаўце свой праекцік.

Але што робяць, чым займаюцца “прызначаныя грамадзкасьцю наглядальнікі”? З рэпартажу ад 28 лістапада: “Кішкурна і Міхноў з ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” дамовіліся на выдаленьне крыжоў паабапал дарогі”. Вось чым яны займаліся. На наступны дзень рэпарцёры паведамілі: “Паводле папярэдняга праекту сьцёкавыя воды будуць накіраваныя ў бок урочышча (за гэтым эўфэмізмам рэпарцёры не ўдакладнілі, што “урочышча” — гэта магілы пакутнікаў). Аднак падобна, што з гэтым пагадзіліся й назіральнікі з грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” і валанцёры”. Мяркуем, што камэнтары тут не патрэбныя.

Час ад часу свае заявы і дзеяньні імітатарская публіка спрабуе прыкрыць імёнамі патрыётаў і патрыятычных арганізацыяў. У рэпартажы за 10 сьнежня 2001 г. згаданы А. Гетман распавядае: “У Курапатах працягваюцца земляныя работы. Валанцёры падаравалі будаўнікам кнігу Зянона Пазьняка...” А 13 красавіка 2002 г. у рэпартажы прагучала: “Думку спадара Высоцкага (генсек імітацыйнай Партыі Свабоды) падтрымліваюць і многія актывісты КХП БНФ”. У паліталогіі і палітычнай практыцы такі прыём называецца “прыліпаньнем”. Гэта калі паводле закону абсурда нейкія дзеячы спрабуюць узначаліць дзеяньні, якія праводзяцца зусім іншымі асобамі і арганізацыямі. І яшчэ горш, спрабуюць дэскрыдытаваць іншых асобаў і арганізацыі, прыпадабняючы іх да сабе самых.

У рэпартажы за 28 сакавіка 2002 г. чытаем: “Сябры КХП БНФ прывезьлі ў Курапаты крыжы”. За 30 сакавіка: “У Курапатах паўстала алея крыжоў...” У гэты самы час актывізуецца дзейнасьць імітатараў. 27 сакавіка зьбіраецца нейкае “абмеркаваньне мэмарыялу”. Тэарэтызуюць Я. Басін (ён у адкрытую супраць усталяваньня крыжоў), прафэсар Ю. Хадыка, журналістка В. Трыгубовіч, “культуроляг” В. Арэшка. Усім даў фору “гісторык” І. Кузняцоў. Ён заявіў: маўляў, як жа ставіць крыжы, калі ў Курапатах могуць быць пахаваны і атэісты-камуністы?!

У рэпартажы за 1 красавіка паведамлялася пра вынікі гэтых абмеркаваньняў: “Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў падпісалі зварот да ўраду Беларусі, у якім прапануюць стварыць адмысловую камісію ў справе мэмарыялізацыі Курапат”. На першых ролях выступаюць І. Жыхар, В. Арэшка і Фонд міру (савецкая арганізацыя з канторскай мінуўшчынай). Рэпартаж завяршаецца заявай Сяргея Папкова, намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, зробленай ім у Курапатах: “Мы лічым, што помнік ужо ёсьць. Гэта крыжовы помнік народнай памяці”.

Пакуль падстаўныя дамаўляюцца з рэжымам (які ненавідзіць і зьнішчае Курапацкую сьвятыню), патрыёты ставяць крыжы на магілах пакутнікаў. У рэпартажы за 29 красавіка В. Трыгубовіч заявіла: “Я не лічу, што тое, што робіцца цяпер у Курапатах, ёсьць найлепшым выйсьцем. Устаноўка крыжоў уздоўж прасекі, так бы мовіць, явачным парадкам, гэта таксама праява таталітарызму”. Ну, як вам сэнтэнцыя? Савецкае студэнцтва называла такую зьяву вельмі вымоўна — “штатнае распісаньне”.

Вось, здаецца, і ўсё з таго цікавага і кур'ёзнага, што ёсьць у брашуры. Іншыя старонкі запоўнены ў асноўным апісаньнем таго, як “валанцёры” лупілі бульбу, палілі агонь у “буржуйцы”, секлі дровы. У цэлым распрацаваная акцыя “прыліпаньня” мела часовы тактычны посьпех. Пакуль патрыёты ставілі крыжы і стваралі Народны Мэмарыял, імітатары давалі інтэрв'ю, прымалі камплімэнты ад заходніх дыпляматаў. Час ад часу, праўда, успыхвалі скандалы. Яны з крыкам не маглі падзяліць між сабой грантаўскую грашовую прэмію. А потым успыхнуў іхны намёт. У траўні 2002 г. яны заявілі, што іхная місія скончылася. Маўляў, Курапаты ўжо больш бараніць ня трэба. І сышлі прэч. У гісторыі засталася толькі брашура ад “Свабоды”.

І ўсё ж брашура ёсьць матэрыялам для развагаў над стратэгічным значэньнем імітатарскай акцыі. У тэксьце фігуруюць так званыя маладзёвыя дзеячы З. Каспяровіч, А. Ляўковіч, М. Сасім, Я. Афнагель, А. Шэін, С. Высоцкі. За гады, што прамінулі з тае пары, гэтыя асобы актыўна засьвяціліся ў справе кіруемага разгрому маладзёвага руху на Беларусі. Зьніклі недзе “гераічныя Зубры”, але паўстала процьма груповачак, якія кланіруюцца і мітусяцца, блытаючы моладзь. Згаданы ў тэксьце В. Сіўчык быў выдалены за ногі-рукі з паседжаньня псэўда-БНФ (пад загадам В. Вячоркі). А нядаўна маладая “порасьль” выдалілі В. Вячорку з камандзёрства ў гэтай арганізацыі.

Такая вось падзеі былі ў той час. І самае галоўнае, згаданых пайменна і менш вядомых імітацыйных абаронцаў людзі потым больш ніколі ня бачылі ў Курапатах.

Для таго, каб стала вядомай праўда пра нейкія падзеі, у наш век не патрэбныя адлегласьці ў дзесяткі і сотні гадоў. Праўда праб'ецца, нягледзячы ні на што.