АБ ГРУПАХ ПАДТРЫМКІ АДРАДЖЭНЬНЯ

posted Nov 22, 2012, 12:13 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 22, 2012, 12:14 PM ]
На сёньняшні дзень можна канстатаваць, што дэмапазыцыя, якую заклаў у Беларусі Ганс Вік, амаль цалкам разваліла змаганьне за вольную Беларусь і Адраджэньне краіны. Сэрыя правакацыяў, у якіх была скарыстана гэтая “апазыцыя”, выклікала пэрманэнтную хвалю рэпрэсіяў супраць усяго беларускага, яшчэ жывога, вольнага і разумнага. Палітычная ўлада гэбізму ўзмацняецца на вачах, імкнецца задушыць тое беларускае, што яшчэ дыхае.

Стала відавочна, што вікаўская “дэмапазыцыя” ня толькі несамастойная, залежная, безідэйная, прасякнутая агентурай, ня толькі нацыянальна адсталая і ні на што няздольная, стала бачна, што яна ёсьць тормазам, перашкодай беларускаму дэмакратычнаму разьвіцьцю. І пакуль яна будзе існаваць, ніякага станоўчага руху наперад ужо ня зьявіцца. Гнілую калоду трэба прыняць з дарогі. Павінны зьявіцца новыя асобы арыентаваныя на Беларусь, на вольнае беларускае жыцьцё, на рэальную (а не збочаную) дэмакратыю, на беларускую культуру і дзяржаву. Зарукай гэтаму ёсьць бачныя зьмены ў думках і паводзінах людзей, якія адбываюцца ў беларускім грамадзтве.

Выяўленьнем пераменаў у сьвядомасьці стаў сёлетні татальны народны байкот фальшывых выбараў рэжыму. Зьмены будуць, трэба іх чакаць, вітаць і дапамагаць.

Мы прапануем найперш людзям актыўным і дзеля Беларусі неабыякавым гуртавацца ў групы падтрымкі народнага Адраджэньня і Беларускай салідарнасьці. Найбліжэй на гэтай плятформе стаіць Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ. Асобам, якія падтрымліваюць адраджэнскую і салідарную праграму КХП-БНФ прапануем ствараць групы падтрымкі народнай партыі (КХП-БНФ).

Гэта не парушае рэжымнага заканадаўства. Група падтрымкі ня ёсьць партыяй і самастойнай арганізацыяй, якую трэба рэгістраваць у Мінюсьце. Яны могуць узьнікаць па ўсёй Беларусі на прынцыпах гарызантальнай каардынацыі і кантактах з КХП-БНФ. Поле дзейнасьці групаў падтрымкі — ад мясцовых праблем да агульнадзяржаўных. Але зацікаўленасьць мясцовымі праблемамі мусіць быць абавязковай і прыярытэтнай.

Па такім жа прынцыпе ў 1980-х гадах ствараўся Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”. У пэрспэктыве рушэньне можна аформіць у народны рух Беларускай Салідарнасьці.

Цяпер гэта тэма для абмеркаваньня і пачатку арганізацыі. Развагі, прапановы і прыклады працы будуць зьмяшчацца на старонцы РУХ - http://www.biel-ruch.org і НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ - http://www.narodnaja-partyja.org. На пачатку (у выпадку неабходнасьці кантакту) можна выкарыстоўваць э-по РУХу - zanbv11@gmail.com. Потым будуць іншыя каардынаты сувязі. Беларусы адразу мусяць улічвыць умовы, якія існуюць у краіне.

Ад кіраўніцтва КХП-БНФ Зянон Пазьняк