“АПАЗЫЦЫЯ” ПАВІННА ЗЬНІКНУЦЬ. НАПЕРАДЗЕ ВЫЗВОЛЬНЫ РУХ

posted Dec 27, 2012, 4:15 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 27, 2012, 4:18 AM ]
У сярэдзіне сьнежня, прыехаўшы ў Нью-Ёрк з Варшавы, я меў гутарку па тэлефоне з адным вядомым старэйшым беларускім дзеячом К., які ў каторы раз выказаў мне абурэньне гэтай “апазыцыяй” зь Беларусі. “Слухайце, — кажа, — што гэта за людзі там пайшлі?! Якая ж гэта, да халеры, апазыцыя?! Нічога ж беларускага няма. У іх жа няма душы беларускай. Прыехалі зноў нейкія тры кабеты ў Вашынгтон. Ім даюць беларускіх перакладчыкаў, а яны: “Нет, мы по-русски, чтобы понятно было.” Каму “понятно”? Амэрыканцам? Амэрыканцы мне кажуць: “Вы цьвердзіце, што Лукашэнка нішчыць беларускую мову, мы вас падтрымліваем, але ж апазыцыя сама ня хоча мовы”. Што там за мазгаўня ў іх у тым Менску? — абураецца К. — Расея сто гадоў усё беларускае нішчыць, палітыку супроць нас вядуць, русіфікуюць, школы ліквідуюць, вырадка гэтага знайшлі, а яны — “нет, нам по-русски”. Ну, слухайце, яны ж хворыя! Прычым тут “апазыцыя”?”

Спадар К. выдатна ўсё ведае і пра “апазыцыю”, і пра Віка, і пра ўсё, што сталася ў Беларусі з гэтай “апазыцыяй”, якая выплыла на паверхню пасьля расколу БНФ. Але пры кожным сутыкненьні з асобамі той “апазыцыі” ён ня можа ня выявіць эмоцыяў, убачыўшы і адчуўшы, што гэта душэўна чужыя для Беларусі людзі. Ён разумее, што тут саўковасьць, але ўсяроўна ня можа стрымаць пачуцьцяў.

Выпадак такі мне прыдаўся, каб паразважаць, бо якраз у гэтыя дні на некаторых мэдыя-рэсурсах адзначалі другія ўгодкі правакацыі і пабіцьця людзей 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Выказаліся шмат якія ахвяры і правакатары, прадстаўляючы тыя трагічныя падзеі як гераічны чын “апазыцыі”.

У выніку пагрому грамадзкай супольнасьці мноства людзей апынулася тады за кратамі, і ўся ўвага грамадзтва (пры дапамозе СМІ) была пераключана з абмеркаваньня правакацыі і бязглуздых паводзінаў кандыдатаў, што ўдзельнічалі ў выбарчым фарсе, на пакуты вязьняў у турмах, замкнутых там незаконна, неадэкватна і несправядліва.

У цэлым усе размовы і дзеяньні “апазыцыі” такога роду (як тады, так і цяпер) маюць ня шмат сэнсу, бо тут адсутнічае рэальная нацыянальная барацьба, адэкватныя задачы барацьбы і, адпаведна, — нацыянальная сіла, якая магла б такую барацьбу пасьлядоўна ажыцьцяўляць.

Пры акупацыйным рэжыме і акупацыйнай дыктатуры, якая праводзіць антынацыянальную акупацыйную палітыку, ня можа існаваць апазыцыі (у дэмакратычным значэньні гэтага паняцьця). Ва ўмовах антынароднай акупацыйнай палітыкі змаганьне супраць такой палітыкі і рэжыму адбываецца ў формах супраціўленьня, вызвольнага руху ці нават партызанцкай паўстанцкай барацьбы (але не “апазыцыі”).

Апазыцыя — гэта адна са структур дэмакратыі і ўзьнікае там, дзе існуе хоць які парлямант, законнасьць і выбары. Тады, маючы прадстаўнікоў у парляманце і ў грамадзкай супольнасьці, апазыцыя прапаноўвае сваю сістэму бачаньня разьвіцьця і кіраўніцтва дзяржавай ды змагаецца за яе дэмакратычнымі законнымі мэтадамі (парлямант, дэманстрацыі, друк, грамадзкія ініцыятывы, крытыка існуючай палітыкі і г. д.). У гэтай сістэме адносін улада і апазыцыя ёсьць розналеглыя сілы-супернікі, непрыяцелі і спаборнікі, аб'яднаныя агульнай краінай, агульным правам, нацыяй, дзяржавай, нацыянальнымі каштоўнасьцямі і нацыянальнымі інтарэсамі.

Пры нацыянальнай дыктатуры і ліквідацыі дэмакратыі ў грамадзтва (пазбаўленага альтэрнатывы) застаюцца, аднак, усе пералічаныя мной супольныя з уладай чыньнікі, акрамя самой улады, ад якой народ адлучаны. Улада самаісна распараджаецца агульнымі народнымі і дзяржаўнымі каштоўнасьцямі.

Тым часам пры акупацыйнай дыктатуры, практычна, усе пералічаныя мной аб'яднаўчыя з грамадзтвам чыньнікі адсутнічаюць і (што важна) ператвараюцца ў чыньнікі разьяднаньня.

Акупацыйная дыктатура праводзіць антынацыянальную акупацыйную палітыку ў інтарэсах чужой дзяржавы і ў інтарэсах свайго самазахаваньня ва ўладзе. Тут падвойная дыктатура і падвойны ўціск. Для акупацыйнай улады і палітыкі характэрнымі ёсьць асэнсаванае і сістэмнае вынішчэньне нацыянальнай мовы, нацыянальнай культуры, нацыянальнай школы, нацыянальнага друку і выдаўніцтва, нацыянальнай асьветы і адукацыі.

Акупацыйная ўлада схільная гандляваць нацыянальным суверэнітэтам, нацыянальнымі каштоўнасьцямі і нацыянальнымі рэсурсамі. Яна імкнецца сацыяльнымі, эканамічнымі і адміністрацыйнымі мэтадамі зьмяніць нацыянальную дэмаграфію краіны, шляхам вымушанай унутранай і зьнешняй міграцыі і стварэньнем нецярпімых умоў для працы і свабоды асобы. Да народа антынацыянальны акупацыйны рэжым адносіцца як да чужога акупаванага насельніцтва (Прымусовае высяленьне, згон з зямлі, спаленьне жыльля, пазбаўленьня маёмасьці, прымусовая прывязка да месца працы, разбурэньне традыцыйных інфраструктураў, стварэньне штучнага беспрацоўя шляхам найму замежнай рабочай сілы і выцясьненьня карэнных людзей са сфэры вытворчасьці, непавага да нацыянальнай мовы, алкагалізацыя грамадзтва, хамскія жлобскія адносіны ўлады да людзей і г.д.)

Акупацыйная ўлада стварае ўмовы і заканадаўчыя акты, накіраваныя на ліквідацыю нацыянальнай творчасьці і творчага разьвіцьця асобы, паўсюдна ўводзячы заменьнікі чужой культуры, чужой мовы і чужых інтарэсаў, ад якіх залежным ёсьць антынародны акупацыйны рэжым.

Тут ва ўмовах такога тыпу ўлады і такой палітыкі ў прынцыпе ня можа існаваць апазыцыя. Тут іншыя формы барацьбы.

У 90-х гадах мы (фронтаўцы) падрабязна тлумачылі, што такое ўнутраная акупацыя краіны і якім чынам быў усталяваны такі тып рэжыму ў Беларусі. Тады ж, у 1997 годзе, мной было прапанавана стварэньне Беларускага Вызвольнага Руху на базе БНФ, які павінен быў аб'яднаць усе антырэжымныя беларускія сілы пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам нацыянальнай ідэі і вызваленьня з-пад акупацыйнай антыбеларускай улады. Па гэтым пытаньні была дыскусія ў Фронце, і ў 1997 годзе, на V-м Зьездзе БНФ было прынятае рашэньне аб стварэньні Вызвольнага Руху супраць акупацыйнай дыктатуры.

Менавіта ў гэты час (у адказ на нашу пэрспэктыву стварэньня салідарнай нацыянальнай альтэрнатывы рэжыму) былі кінутыя ў Беларусь шалёныя заходнія грошы на ўтварэньне па-за-нацыянальнай апазыцыі — створаны міжнародны рэсурсны цэнтар Хартыя-97 (праз які пайшло фінансаваньне), і ў Беларусь прыслалі Ганса Віка. Далейшыя падзеі шматкроць і поўна былі ўжо намі апісаныя і паўтораныя. Грошы і заходняя “халява” (дармаўшчына) зрабілі сваю справу.

(Тут зазначу, што ў нацыянальна скансалідаваным грамадзтве чужыя грошы наўрад ці стварылі б там сваю палітычную крэатуру, таму першай справай, за якую ўзяліся заходнія гансвікі, — гэта гуртаваньне саветызаваных маргіналаў і раскол Народнага Фронту

Структуру, якую назвалі “апазыцыя”, зшылі з неадраджэнцкіх (ненацыянальных) партыяў (створаных яшчэ пры саветах спэцслужбамі), з прагматыкаў — выхадцаў з БНФ, з камуністаў і з былых функцыянераў Лукашэнкі, якія аб'явілі сябе апазыцыянерамі.

Разбуральны эфэкт і параліч рэальнай барацьбы пасьля расколу БНФ і стварэньня падставы пад назовам “апазыцыя” быў адчувальны. Квітнела імітацыя змаганьня, накіраваная на адпрацоўку грантаў і дармовых грошай. Нам (КХП — БНФ) спатрэбілася больш 10-ці гадоў мэтанакіраванай працы з грамадзтвам, каб абыйсьці тое гнілое балота, створанае імітатарамі, выйсьці на стыхійны (пакуль што) байкот выбараў і новае грамадзкае думаньне аб палітыцы акупацыйнага рэжыму.

Групы падтрымкі Народнай партыі, якія мы прапануем ствараць на адраджэнцкай платформе, — гэта першы этап арганізацыі Вызвольнага Руху на новай народнай аснове. Пакуль ня ўзьнікне рэальная народная альтэрнатыва акупацыйнаму рэжыму — датуль гэтая вікаўская “апазыцыя” будзе яшчэ боўтацца ў палітыцы, выклікаючы злосьць, апатыю, расчараваньне і фальш.

Прыкметы імітацыйнага жыцьця ў змаразмацелай ужо “апазыцыі” праяўляе яшчэ “Говправду”, галоўны на сёньняшні дзень канторскі праект у змарнелым полі вікаўскай авантуры. Сувязь з “спэцпалітыкай” тут ужо нават не хаваюць. “Говправду” выступіла супраць байкоту, удзельнічала ў апошніх фальшывых выбарах рэжыму, падтрымлівае расейскую атаку на Курапаты (авантуру падпалкоўніка Кузьняцова) і рыхтуецца да фальш-выбараў 2015 года.

Ведаючы пра антынацыянальны характар “Говправду” і пра маскоўскую рыторыку ў Някляева, я ў 2010-11 гадах, нягледзячы на тое, прыклаў усё ж шмат намаганьняў (разам зь іншымі беларусамі), каб Някляеў застаўся жывым і не сядзеў за кратамі. Для беларускай культуры важны ёсьць яго літаратурны даробак і паэтычнае імя, а ня тая роля, у якой ён апынуўся па ўласным жаданьні. Пасьля здрадніцкіх паводзінаў функцыянера “Говправду” А. Дзімітрыева і выхаду паэта з турмы, У. Някляеў меў нагоду зьмяніць сваё становішча на больш ганаровае і пазбавіцца ад гэтай структуры. Таго не адбылося. Паэт застаўся ў дрэннай палітыцы, і тое, што ён цяпер робіць і кажа, вымагае палітычных ацэнак.

Шчыра кажучы, шкода, што Някляеў трапіў у чужую схему. З усіх 10-ці кандыдатаў на прэзыдэнта ў 2010 годзе рэальна толькі Някляеў (ня лічачы Лукашэнкі) сабраў патрэбную квоту подпісаў каб стаць кандыдатам. Але паколькі “дзявятка” была праектам рэжыму, Лукашэнка асабіста распарадзіўся, каб у кандыдаты залічылі ўсіх (нават тых, хто перапісаў тэлефонную кнігу).

Дзесьці за паўтары месяцы да галасаваньня недзяржаўныя сацыялагічныя дасьледваньні паказалі, што першым пасьля Лукашэнкі ідзе Някляеў (18 адсоткаў). За ім — усе астатнія: М. Статкевіч, А. Саньнікаў і г. д.

Гэтакі ж парадак паказала і рэальнае галасаваньне (маю факты). Але паколькі ў час галасаваньня Някляева па замове Лукашэнкі сьмяртэльна зьбілі рэжымныя службы, то яго (каб не рабіць аб'ектам асаблівай увагі) пракінулі на трэцяе месца, а на другое паставілі Саньнікава.

Агітпроп “Говправду” нідзе і аніяк не скарыстаў гэты факт (навошта такое канторы). Тым часам “Хартыя” і нешматлікі клан Саньнікава пакарысталіся падарункам Ярмошынай на сто адсоткаў. Раззванілі на ўвесь сьвет, ляпілі з Саньнікава галоўнага суперніка Лукашэнкі, якога той, маўляў, баіцца і г. д. і т. п.

Няма ўжо патрэбы ацэньваць усё тое спрэчнае, што паэт казаў і рабіў у 2010 годзе. Апошняя яго канфэрэнцыя ў Сеціве на радыё “Свабода” у пачатку сьнежня гэтага года паказала тое, што і раней, толькі больш сканцэнтравана, менавіта — адсутнасьць нацыянальнага палітычнага думаньня. Някляеў ня думае нацыянальнымі катэгорыямі беларускай палітыкі. А гэта (асабліва цяпер, пры антыбеларускім рэжыме) выглядае ня проста балесна, а фатальна для палітычнай пэрспэктывы такой асобы (ды і для Беларусі тым больш). У некаторых аспэктах нацыянальнага суверэнітэта (напрыклад, адмаўленьне моцнага беларускага войска) ён апускаецца нават ніжэй за ўзровень Лукашэнкі, не разумее стандартных складовых незалежнасьці (тым больш у нашых геапалітычных умовах) і гатовы ад іх адмовіцца.

У цэлым тут ёсьць таксама адбіцьцё поглядаў асяроддзя, у якое трапіў паэт, але тое не мяняе становішча. Гэтакая палітыка, гэтакія структуры і гэтакае словаблудзтва з функцыянерамі і вясельнымі генэраламі павінна ўжо скончыцца, скончыцца разам з рэжымам, які іх спарадзіў.

Новыя людзі прыйдуць, бо ёсьць ужо тыя, што думаюць па-новаму, не па-саўковаму, але па-своему, па-беларуску.

Без нацыянальна-культурнай беларускай асьветы цяперашняга грамадзтва перамены да лепшага ня будуць ажыцьцёўлены. Групы падтрымкі гэтым павінны займацца ў першую чаргу, пакуль іх ня створыцца шмат і ні пачнецца новы этап Вызвольнага Руху. Усе тыя суполкі (іх больш ста пяцідзесяці), якія стварыліся ў 2011 годзе пад лёзунгам “За новыя выбары без Лукашэнкі” маглі б уключыцца ў гэтую адраджэнцкую праграму дзеяньняў, не чакаючы ніякіх кіроўных указаньняў (іх ня будзе). Гуртуймася і працуйма. Нішто не прападзе. Беларусь наперадзе.

23 сьнежня 2012 г.

Зянон ПАЗЬНЯК