АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (7-11.12.2012)

posted Jan 2, 2013, 8:41 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 2, 2013, 8:41 PM ]
“Прыгоннае права”

7 сьнежня 2012 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” напісала: “Беларускі прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, які кіруе аўтарытарным мэтадам, забараніў тысячам рабочых пад пагрозай драконаўскіх грашовых штрафаў звальняцца з рабочых месцаў. Крытыкі кажуць пра “прыгоннае права”.

Наш камэнтар: Маюцца на ўвазе наладжаныя апошнімі днямі лукашэнкаўскія “шухеры” на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах. Людзі ў Беларусі адназначна зразумелі гэтую скандальную актыўнасьць рэжымнага пахана, які хоча завалодаць прыбытковымі прадпрыемствамі і работнікамі.

Юрка Марозаў


Твораць міфы

7 сьнежня 2012 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра дыскусію, якая разгортваецца ў Італіі. Там рыхтуюцца да прэм'еры польска-італьянскага гістарычнага фільма “Бітва пад Венай” пра вызваленьне аўстрыйскай сталіцы ад турэцкай аблогі ў 1683 г. Гучаць галасы аб тым, што фільм можа выклікаць пратэсты мусульманаў.

Наш камэнтар: Вось дажыліся, баяцца паказаць праўду пра падзеі такой аддаленай даўніны. У беларусаў, аднак, узьнікаюць свае пытаньні. Ці паказана ў фільме роля нашага рыцарства ў той гістарычнай бітве? Мяркуем, што не. Пачытаеш пра тыя падзеі польскіх гісторыкаў, дык беларусаў там і не было. Нават калі згадаюць часам пра 12 тысячаў кавалерыі з Вялікага Княства, то так згадаюць, што зусім не зразумела, ці яны ўдзельнічалі ў Венскай бітве ці спазьніліся на перамогу. Панове, можа досыць жывіцца міфамі? Гэта не прыносіць карысьці навуцы і мастацтву.

Алесь Хадасевіч


Мёртваму прыпарка

10 сьнежня 2012 г. румынская газэта “Adevarul” паведаміла, што ў Расеі ўтворана новая структура ў арміі: вайсковая паліцыя. Структура прызначана для аховы складоў, гаражоў і падобных аб'ектаў.

Наш камэнтар: Пажарнік-міністар Шайгу пачаў, як бачым, сваю “рэформу арміі”. Дапаможа гэта арміі, як мёртваму прыпарка. Расейская армія — гэта даўно вядомая крымінальная структура, дзе ўсё раскрадаецца і распрадаецца, дзе гінуць людзі і зьнікаюць вялізныя сродкі. Так было і так будзе.

Алесь Хадасевіч


Бачачы шклоўскага чучхэ, не сьмяюцца

10 сьнежня 2012 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала з Паўночнай Карэі. Там адклалі запуск новай баявой ракеты з прычыны “тэхнічных праблем”. На здымку ў газэце — “любімый вождь” Кім Чэн-іл у радасным атачэньні дзяўчат у ваенных уніформах.

Наш камэнтар: Як вядома, усе віды дыктатарскага “чучхэ” рана ці позна даюць збоі. Колькі гадоў таму мясцовы “вождь” таксама любіў выступаць перад жаночымі аўдыторыямі. Лукашэнка гукаў дамам: “Рожайте, всех накормім!” З залі жаночы голас бадзёра гукаў: “Было бы от кого!” і ўсе разам сьмяяліся. Ужо даволі даўно ніхто, бачачы шклоўскага чучхэ, не сьмяецца. Ад публікі яго трымаюць не бліжэй за 25-30 мэтраў.

Юрка Марозаў


Шатландыя да незалежнасьці

11 сьнежня 2012 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра набліжэньне рэфэрэндуму аб незалежнасьці ў Шатландыі. Брусэльскі дзеяч Эўразьвязу Барозу папярэдзіў шатландцаў, што калі яны выйдуць з складу Вялікай Брытаніі, то іх ня прымуць у Эўразьвяз. На здымку ў газэце — пікет шатландскіх нацыяналістаў з нацыянальным сьцягам. На майцы аднаго з патрыётаў — выява князя Воласа і выбарчы лёзунг “А што зрабіў бы Волас?”

Наш камэнтар: Патрыёты вядуць сваю радзіму да вызваленьня і незалежнасьці пад сьвятым нацыянальным сьцягам і натхняюцца памяцьцю аб нацыянальных героях змаганьня супраць брытанскіх імпэрыялістаў. Брусэльскі гном спрабуе іх напалохаць. Марныя спробы...

Алесь Хадасевіч


Памёр “суддзя-кат”

11 сьнежня 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла, што ў Чэхіі памёр былы камуністычны пракурор і суддзя Карэл Ваш. Яму было 96 гадоў. У 1940-я гады ён шмат разоў патрабаваў сьмяротныя прысуды палітычным падсудным. Гісторыкі кваліфікуюць яго дзейнасьць як удзел у юрыдычных забойствах. Палітвязьні называлі яго “суддзя-кат”.

Наш камэнтар: У вызваленай ад акупацыі Беларусі таксама будзе паведамляцца грамадзтву аб тым, што робяць былыя ўдзельнікі юрыдычных злачынстваў рэжыму: дзе сядзяць, колькі ім яшчэ сядзець...

Юрка Марозаў


Пуцін: ленінская мумія сьвятая

11 сьнежня 2012 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцін прыраўняў Леніна да сьвятых, грамадзкасьць узрушана”. Пуцін сказаў: “Кажуць, што маўзалей супярэчыць традыцыям. Што супярэчыць традыцыям? Хадзіце ў Кіева-Пячэрскую лаўру альбо паглядзіце на Пскоўска-Пячэрскі кляштар ці на грэцкі Афон! Там паўсюль ёсьць парэшткі сьвятых...”

Наш камэнтар: Пры ўсім марксістоўскім матэрыялізме гэбізм ня можа адмовіцца ад сваёй сатанінскай “сьвятыні” — ленінскай муміі. Толькі гэтая тандэтная містыка ня выратуе гнілога калоса, які згіне разам з сваёй муміяй.

Алесь Хадасевіч