СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

posted Jan 9, 2013, 6:54 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 9, 2013, 6:54 AM ]
11 сьнежня Радыё Свабода дало інфармацыю з ЗША пад тытулам “Два гады пасьля разгрому: галасы беларускіх праваабаронцаў”. Цытуем: “Такую назву мае імпрэза, якая адбываецца ў Вашынгтоне з удзелам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаны Літвіной, жонкі палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук і Тацьцяны Равякі, прэзыдэнта Беларускага Дому правоў чалавека” (канец цытаваньня). Дарэчы спытацца: а дзе знаходзіцца гэты Равякін “Дом правой чалавека” і “хто ў церамочку жыве”? Сустрэчу арганізавалі некалькі амэрыканскіх праваабарончых арганізацый. Пад згаданым “разгромам” менскія асобы мелі на ўвазе крывавыя падзеі 19 сьнежня 2010 года.

Цікава пракамэнтавалі гэтую падзею слухачы-чытачы Радыё Свабода.

Імя:: Вінцэнт
Горад:: Слонім
11.12.2012 07:12
“Два гады пасля РАЗГРОМУ(???) — цікава, а пра які РАЗГРОМ (???) тут ідзе гаворка, калі падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску прывялі, у прыватнасці, да ФАКТЫЧНАГА байкоту “парламенцкіх выбараў” 2012 года ў Беларусі і сталі ТОЛЬКІ пачаткам САПРАЎДНАЙ барацьбы супраць ДЫКТАТУРЫ ў нашай краіне (прытым, менавіта пасля гэтых падзей нават сам Лукашэнка ВЫМУШАНЫ быў прызнаць сябе дыктатарам)!

Імя:: Юрген
11.12.2012 15:16
“Разгром” — як патэтычна заяўлена! І нешта гэтыя “разгромленыя антычалавечым рэжымам” нікуды не падзеліся. В меру упітанны, візы атрымліваюць, у ваяжы за акіян катаюцца, экспазыцыйкі інаўгуруюць. Пакатаюцца ды й зноў у антычалавечы рэжым вяртаюцца. Да наступнага “разгрому”? Ну, амэрыканцам, скажам, яны могуць сваю туфту загружаць, а вось нам ужо ня трэба. Слушна кажа Зянон — пара гнаць гэтую фальшывую публіку прэч з беларускай сцэны.

* * *

У пагарэлы тэатр ніхто ня ходзіць. 9 сьнежня ў сядзібе псэўда-БНФ адбылася чарговая разрэкламаваная імпрэза. Прышлі на яе чалавекі тры, ну максімальна чатыры. Выстаўлялі выцінанкі “на тэму правоў чалавека”, выступала з нажніцамі ў руках аўтарэса гэтых папяровых опусаў. Усё было накручана на відэакамэру і паказана на сайце Радыё Свабода. Пасыпаліся камэнтары:

Імя:: Марта
Горад:: Менск
11.12.2012 09:30
Таварышы, а можна мне прынесьці на выставу ў псэўда-БНФ сваю выцінанку? Гэта — дынамічная кампазыцыя і ідэальны вобраз: волат Вінцук Вячорка борае ўсіх сваіх ворагаў.

Імя:: Сахара
11.12.2012 15:21
Чарговы акт піяраньня канторы Янукевіча со товарішчі. Пані Выцінанкіна выдае свой маналёг і трасе сваёй прадукцыяй. Але перад кім? Залю камэра не паказвае (як, зрэшты, увесь апошні час). Чаму? А таму што заля ў канторы пустая. Ну, 3-4 чалавечкі схохліліся на стулах. Каму вы хочаце ўцюхаць гэтую балалайку?!

* * *

У сувязі з інтэнсіфікацыяй русіфікатарскага пагрому беларускіх дзіцячых і навучальных установаў і заклікам патрыётаў-фронтаўцаў супраціўляцца гэтаму злачынству ў грамадзтве адбываецца дыскусія аб тым, што трэба рабіць. Прагучалі ўжо галасы, што “трэба патрабаваць ад уладаў выкананьня прынятай імі “праграмы Пралеска”. Сапраўды, рэжым шумнуў аднойчы пра гэтую “Пралеску” і паабяцаў арганізаваць, каб у кожным дзіцячым садку адзін дзень на тыдзень абслуга размаўляла з дзецьмі па-беларуску. Вядома, што адразу ўзьніклі пярэчаньні наконт таго, што “по-белорусскі мы не умеем”, на гэтым уся “Пралеска” скончылася (як, зрэшты, і ўсе папярэднія дэмагагічныя праекты рэжыму). Згаданыя галасы прапануюць, каб беларускія бацькі прыходзілі ў дзіцячыя ўстановы і строга патрабавалі выкананьня рэжымнай праграмы: “А вы чыталі сёньня вершык з “Пралескі”? А вы навучылі дзяцей вымаўляць “дзэ”?” І г.д.

На гэта навучаныя жыцьцём і акупацыямі беларусы кажуць: “Рэжым адназначна паказаў, для чаго ён існуе — для зьнішчэньня беларускай мовы і культуры. У канчатковым выніку — для зьнішчэньня нас з вамі, нашай нацыі. Нельга верыць фальшывым праграмам рэжыму-зьнішчальніка, у якіх усё пабудавана на блюзьнерскім зьдзеку з беларусаў (“раз в неделю поговорим по-белорусски”). Мы на сваёй зямлі і ніхто ня будзе навязваць нам сваю русскоязычную душагубку. Няхай рэжым дагнівае ў абцугах сваіх “праграм” і ў ізаляцыі ад беларускага грамадзтва. Трэба ўтвараць свае, незалежныя ад рэжыму асяродкі беларускай мовы і культуры, аб'ядноўвацца сем'ямі, размаўляць з дзецьмі на роднай мове. Трэба беларусам зьбірацца разам незалежна ад рэжыма, паралельна яму. Так выратаваліся многія народы, становішча якіх было значна горшым, чым у нас у цяперашні час. Трэба перастаць азірацца на антыбеларускі рэжым ды цешыцца ілюзіямі”.

* * *

Падлогі ў пад'ездах жылых дамоў у Менску зноў засыпаны “печатной продукціей”. Людзі дэманстрацыйна кідаюць пад ногі і топчуць чарговы прапагандысцкі опус ад “Говправды”. Усё ў ім на акупанцкай мове. Называецца ён — “Гражданский договор”. На вокладцы — аптымістычныя фізіяноміі гэбоўскага правакатара Андрэя Дзімітрыева і яшчэ аднаго дзеяча, які пададзены як “Игорь Драко, депутат команды “Гражданского договора”. У прэамбуле дзеячыкі гукаюць: “Мы обещали: после выборов не уйдём!”

Правакатары, сапраўды, нікуды не сышлі, хаця іхныя гаспадары і аб'ектыўныя абставіны “спалілі” іх, можна сказаць, ушчэнт. Але агентура, як той Фэнікс, матэрыялізавалася з попелу ды зноў за сваё — заклікае на нейкія “местные выборы”.

На “говпраўдаўскай” паперцы ёсьць нават карта Беларусі з пазначанымі офісамі і тэлефонамі “депутатов ГД”. У іх канторы і ў Белазёрску, і ў Хоцімску, і ў Рагачове. Усяго 18 кантор па ўсёй краіне. Людзям, якія пабылі там, запомніліся бадзёрыя супрацоўнікі “Говправды” і “ГД”, а таксама важнейшы элемэнт інтэр'ера канторскіх — вялікія сэйфы з валютай.

Людзі зноў пытаюцца: адкуль у гэтых мітусьлівых балбатуноў столькі грошай? Аналіз паказвае, што шлях фінансаваньня тут класічны. Рэжым шчодра дазваляе Захаду фінансаваць рэжымную агентуру.

* * *

На пачатку сьнежня інфармацыйную прастору пару разоў скаланулі нештодзённыя паведамленьні аб “преследованіі режімом русской культуры в Белоруссіі”. Аказваецца, і так бывае ва ўмовах позьняга лукашызма. “Незалежныя дэмСМІ” апісалі, як міліцыя ўварвалася на спэктакль Свободного театра ў Менску і перапісала пашпартныя дадзеныя ўсіх, хто там знаходзіўся. Потым высьветлілася, што міліцыя сапраўды прыходзіла ў арэндны будынак гэтага “тэатру”, але нікога не палохала, а высьветліла асобу, якая прэзэнтуецца як дапаможніца рэжысёра, ды папрасіла праз тыдзень паведаміць дадзеныя акцёраў. “Преследованіе” аказалася чарговым пустым шумавіньнем і кволай спробай піяру гэтай русскоязычной канторы, асноўныя дзеячы якой (Халезін і іншыя) папрасіліся на эміграцыю на Захадзе.

* * *

Дурачкі зноў засьвяціліся з плюшавымі мядзьведзікамі. 10 сьнежня маладзёвае крыло “Говправды” пад крыптонімам “Zмена” зноў куражылася ў сталіцы. У сумёт непадалёк ад “Чупа-чупса” (“Національной бібліотекі”) дзеячыкі пасадзілі некалькі цацачных мядзьведзікаў і ўтыркнулі ў сьнег плакацікі на палачках. Тэксьцікі выкананы на ламанай пад трасянку расейшчыне, яны пра “кое-кто у руля 18 лет” і “люді сідят”. У сувязі з гэтым міліцыя затрымала (ужо ў кватэры) “грамадзкага актывіста” Паўла Вінаградава. Зразумела, што з гэтай шпаны СМІ цяпер будуць ляпіць герояў і пакутнікаў.

* * *

Класікі растуць, як на дражжах. Вядомы лукашэнкаўскі цэнзар (ён жа “боец революціі, соратнік товарішчей Калякіна, Янукевіча, Саннікава і інш.”) А. Фядута атрымаў прэмію ад мясцовага ПЭН-цэнтру. Прэмія прызначана за “турэмную лірыку” пад экзатычным тытулам “Американские стихи”. Вядомая падканторская структурка паўдзельнічала, такім чынам, у стварэньні вобраза сучаснага графа Монтэ-Крыста на матэр'яле заслужанага балалаечніка раньняга лукашызма Фядуты. Чакаем лаўровых вянкоў і бюстаў “на родіне героя” для Алкаева, Ціцянкова, таго ж Саннікава і іншых поп-зорак, якія спачатку рабілі кар'еру ў падтанцоўцы антыбеларускага рэжыму, а потым запісаліся ў кардэбалет “оппозіціі”.

Янка Базыль