НЕПРЫЯЦЕЛІ ВЫПУСКАЮЦЬ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСІ АГЕНТУРНЫХ КАМІКАДЗЭ

posted Jan 11, 2013, 2:58 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 11, 2013, 2:59 PM ]
За гады панаваньня на нашай зямлі лукашызма (акупанцкай формы маскоўскага гэбізма) беларусы наслухаліся і начыталіся шмат фальшывага і злоснага пра сябе, сваю культуру, мову і гісторыю. Любімы “аргумант” ненавісьнікаў усяго беларускага: “да нет такого белорусского языка...” Начальнік рэжыму і Гітлера пахваліў, і пра “стихи Василия Быкова” распавёў і пра “Скорину в Питере”. Беларусафобства, як правіла, выступала публічна ў вельмі непрывабным выглядзе (ну хто будзе абражацца на псіхічна хворую асобу або на асадніка-акупанта, якога калоціць, калі ён чуе беларускую мову?).

И вось настаў новы пэрыяд, кантора падняла ў атаку свае даўно заканспіраваныя “сілы”. Лукашэнкаўскага зьвяганьня-зьдзеку з беларускіх каштоўнасьцяў і герояў аказалася недастаткова. З канспірацыі выйшлі асобы, якія ўмеюць размаўляць па-беларуску і нават засьвяціліся ў некаторых жанрах беларускай дзейнасьці. Рэжым, відаць, палічыў, што яны дастаткова “набраліся аўтарытэту”, беларусы іх паслухаюць і пераканаюцца ў праўдзівасьці іхных “тэзісаў”.

8 студзеня сёлета беларуская рэдакцыя Польскага Радыё агучыла інтэрвію з менскім выдаўцом і журналістам Віктарам Хурсікам пад тытулам “Каліноўскі не змагаўся за Беларусь і ніякі ён не нацыянальны герой”. Ужо з назову бачна, што В. Хурсік “разьвенчывае міфы” і даносіць беларусам на беларускага нацыянальнага героя. Мы ня будзем паўтараць “аргуманты” гэтага В. Хурсіка. (Крыніца: http://www.radyjo.net/4/91/Artykul/123461, “Каліноўскі-не-змагаўся-за-Беларусь-і-ніякі-ён-не-нацыянальны-герой”). Зь ягоным опусам людзі самы могуць азнаёміцца ў Сеціве. Спрачацца зь ім узяліся некалькі беларускіх гісторыкаў і журналістаў.

Пачытаўшы-паслухаўшы інтэрвію з В. Хурсікам, людзі пытаюцца: “А з чаго раптам Польскае Радыё пачало браць інтэрвію ў такіх асобаў? Яны што там, з глузду зьехалі? Няма больш з кім паразмаўляць?” Хто ведае, можа яны на Польскім Радыё сапраўды вырашылі пагаманіць з “выдатным беларускім мысьляром”, а ён ім нечакана выдаў такую сваю “сэнсацыю”? Можа быць.

З другога боку В. Хурсік вядомы як адзіны ў нашай акупаванай краіне прыватны выдавец беларускіх кніжак. Ён выдаваў, даваў інтэрв'ю, прадстаўляў беларускую кнігу на міжнародных кніжных кірмашах. Гаварыў, як правіла, гладка і на беларусафоба не быў падобны. Праўда, многія людзі, якія сутыкаліся зь ім у выдавецкай справе, заўважылі, што “Хурсік — чалавек нейкі склізкі і жулікаваты”. Але як жа ты інакш пражывеш пад лукашыстоўскім рэжымам ды захаваеш свой бізнэс? Круціцца трэба ўмець. Больш таго, з В. Хурсікам час ад часу здараліся сытуацыі, пра якія паведамлялі СМІ.

Вось, напрыклад, 15 траўня 2008 інтэрнэт-старонка “Правозащитный альянс” выдала ў інфармацыйную прастору такое паведамленьне (падаем яго цалкам):

Журналіст і выдаўца Віктар Хурсік арыштаваны на 15 сутак

Суд Старых Дарогаў пакараў на 15 сутак аўтара кнігі “Кроў і попел Дражна” Віктара Хурсіка, са сьведчаньнямі аб забойстве савецкімі партызанамі мірных жыхароў, паведамляе Радыё Свабода.

“Пасьля ўсталяваньня крыжа “ў памяць ахвяраў злачынстваў савецкіх партызан” у вёсцы Дражна Хурсіку тэлефанавалі на працу і на кватэру, а нядаўна даслалі позву ў суд. Сёньня аб 11 гадзіне ён мне паведаміў, што яго засудзілі на 15 сутак і апранулі наручнікі. Я нават пачуў бразгат дзьвярэй камэры”, — паведаміў Радыё Свабода менскі гісторык Яўген Анішчык, які апошні размаўляў са спадаром Хурсікам па тэлефоне.

Нагадаем, раней па гэтай справе 15 сутак адсядзеў актывіст апазыцыі Вячаслаў Сіўчык. Крыж быў зьнішчаны па загаду мясцовых уладаў.

Паводле спадара Анішчыка, цяпер вымушаны хавацца сьвятар Леанід Акаловіч, які асьвячаў гэты крыж.

“Гэта спроба ўшанаваць памяць ахвяраў партызанаў ніяк ня ўпісваецца ў сучасныя ўяўленьні ўладаў наконт гісторыі апошняй вайны, таму яны і вырашылі расправіцца і з крыжом, і з тымі, хто яго ставіў, і з аўтарам кнігі”, — зазначыў спадар Анішчык.

(Крыніца: http://www.belpa.org, трэба набраць таксама ў пашукавіку — хурсік выдавец).

Цікавы эпізод, можна сказаць, гераічны. У ім задзейнічаны таксама іншы вядомы пэрсанаж — Вячаслаў Сіўчык (яго ўспрымаюць за правакатара), якога нават з паседжаньня псэўда-БНФ В. Вячоркі выкінулі на вуліцу за рукі-ногі. Пра сваю адсідку на сутках В. Хурсік нікому больш не паведаміў. І цікава, пасьля такога свайго “гераічнага ўчынку” ён застаўся ў сваім амплуа адзінага прыватнага выдаўца ды прадстаўляльніка беларускай кнігі ў СМІ і за мяжой. Вядома, што ўсё жывое і творчае, якое было ў выдавецкай справе ў Беларусі, ужо даўно разгромлена рэжымам. Навошта спатрэбілася надаваць гэтаму В. Хурсіку (непатапляльнаму дзеячу-прыватніку ва ўмовах антыбеларускага рэжыму) лоск героя і пакутніка? Пра гэта мы даведаліся цяпер на хвалях Польскага Радыё. Хурсік “напачкаў” на сакральную асобу беларускай гісторыі барацьбы за волю, зрабіў нішто з нашага нацыянальнага героя, які аддаў жыцьцё за народ і будучыню Беларусі.

Масква і яе васальны рэжым на Беларусі, відаць, думаюць, што пасьля гэтага выступа “мясцовага аўтарытэта” беларусы сапраўды раскаюцца і перастануць шанаваць Кастуся Каліноўскага і іншых нашых вялікіх змагароў.

Для ворагаў Беларусі важна, каб наш народ згубіў веру ў сябе, у сваю гісторыю, сваю сілу, у сваю будучыню. Каб пад мярзотнае тэарэтызаваньне сумніўных “аўтарытэтаў” беларусы ўпалі б на калені і зрусіфікаваліся. Для выкананьня гэтай справы кантора не шкадуе свае кадры. Шцірліцаў прымусілі падняцца ў поўны рост і накіравалі на іх яркія агні рампы. Так зусім нядаўна адбылося ў Празе, дзе “беларускі дом” зарэгістравала і ўзначаліла “аўтарытэтная дама” Н. Маковік. Пра яе даўно забыліся ў Беларусі ды раптам успомнілі, што гэтая спадарынька на працягу шэрагу гадоў абслугоўвае ў Чэхіі інтарэсы расейскага мафійнага бізэсу (за якім вядома хто стаіць). Канфуз аказаўся настолькі гучным, што ад Н. Маковік апэратыўна адмежаваліся ўсе, хто сядзеў на арганізаваным ёю паседжаньні на тэму “белдома” у сьнежні летась.

І вось цяпер “выдавец” В. Хурсік, таксама “спаліўся” і раскрыўся, як кажуць расейцы, “во всей красе”. Гаспадарам не шкада гэты адпрацаваны матэр'ял, у іх, мабыць, ёсьць рэзэрвы. Мяркуем, што ў бліжэйшы час мы ўбачым і пачуем яшчэ шэраг такіх камікадзэ, якіх выпусьцяць на сцэну з заданьнем зьнішчэньня беларускіх сьвятынь і каштоўнасьцяў. Але марныя намаганьні гэтай нікчэмнай публікі. Нічога ў іх ня выйдзе.

Юрка Марозаў