ПАСЬЛЯ БАЙКОТУ

posted Jan 14, 2013, 11:53 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 14, 2013, 11:53 PM ]
(Ліст да сяброў Сойму КХП — БНФ) 

Ацэньваючы ўсё, што адбываецца цяпер у Беларусі (і там, дзе апынуліся беларусы), належыць не забывацца пра сацыяльна-палітычную сістэму гэбізму, у якую абрынулася Беларусь і Расея. Гэта сістэма, дзе галоўнай палітычнай сілай, якой належыць абсалютная ўлада ў краіне, ёсьць КГБ. Фармальныя адрозьненьні паміж рускім і беларускім гэбізмам не прынцыповыя. У Расеі карпаратыўны рэжым, у Беларусі — аўтарытарны на ўзроўні дыктатуры. Прынцыповай ёсьць залежнасьць акупацыйнага гэбізму ў Беларусі ад гэбісцкай сістэмы Крамля. Гэтая залежнасьць дазваляе Маскве маніпуляваць аўтарытарнай уладай і праводзіць праз яе антыбеларускую палітыку ў Буларусі.

Мэта гэбізму — прыватызацыя дзяржавы і ўзбагачэньне палітычнай групы ўлады за кошт народа і за кошт краіны. У зьнешняй палітыцы — гэта забесьпячэньне расейскіх імпэрскіх інтарэсаў. (Кожны гэбізм сам рабуе свой народ, але ў палітыцы забясьпечвае расейскія інтарэсы.)

Веданьне палітычнай сутнасьці сістэмы, дзе КГБ ёсьць абсалютная ўлада, дазваляе адэкватна ацэньваць гэбісцкую палітыку.

У апошні час яна актывізавалася ў антыбеларускім накірунку. У Беларусі йдзе глыбокая зачыстка грамадзянскай супольнасьці, эскалацыя страху і атака на сакральныя вобласьці беларускай нацыянальнай гісторыі, перш за ўсё, на Курапаты і на памяць пра Кастуся Каліноўскага.

За мяжой уведзены ў дзеяньне агентурныя сеткі, поўным ходам ідзе імітацыя розных дэмакратычных ініцыятываў, “беларускіх дамоў”, інфармацыйных бюро “за дэмакратыю” і г. д. Мэта гэтай дзейнасьці такая ж, як і ў Беларусі: стварыць падставу, імітацыю, замкнуць на сябе рэсурсы, узяць на сябе прадстаўніцтва ў палітыцы і задушыць сапраўдныя беларускія арганізацыі, што існавалі дагэтуль.

Трэба ведаць, што арганізацыйная задача агентуры ў стварэньні псэўдаапазыцыйных груп — гэта самаакупнасьць, г. зн. выкарыстаньне тых сродкаў, якія вылучаны Захадам для “падтрымкі дэмакратыі”, а таксама кантроль над гэтымі рэсурсамі. Сама ж агентура займаецца і выбіваньнем гэтых сродкаў “на дэмакратыю” (характэрны прыклад — “Говправду”).

Першая прыкмета падстаўной арганізацыі — расейская мова ў пісьме і дачыненьнях і адсутнасьць нацыянальных праблем ў зьмесьце і дэклярацыях імітацыйнай дзейнасьці, прытым ў імітацыю прыцягваюцца таксама (як правіла) і ворагі Беларушчыны (пад выглядам дэманстрацыі дэмакратычнага падыходу, аб'яднаньня ўсіх сіл і т.п.).

Рэжым цалкам кантралюе гэтую агентурную публіку, часам саджае некаторых у турму дзеля алібі ды прафілактыкі, ды гандлю з Эўропай. Пасьля 2010 года масы іх апынуліся за мяжой і даволі хутка структурызаваліся па грантах і офісах.

Сытуацыя ўскладняецца, практычна, поўнай адсутнасьцю беларускіх нацыянальных незалежных мэдыя-рэсурсаў масавага ўплыву. Мы ня маем нават такіх сродкаў інфармацыі, як мелі чэчэнцы ў пэрыяд вайны з Расеяй (“Чэчэн-прэс” і “Каўказ-Цэнтар”).

Галоўны інфармацыйны герой існуючых нібыта “незалежных” СМІ ёсьць Лукашэнка. Яго партрэты, каснаязычныя выказваньні і любыя “піскі” не зыходзяць са старонак такога квазісвабоднага друку. Бачачы актывізацыю жаўцізны ў гэтых сродках, актыўнасьць агентуры ў Беларусі і за мяжой, можа ўзьнікнуць думка, што беларускія справы дрэнныя, што йдзе трыюмф нечысьці.

Такая думка недакладная, бо актывізацыя нечысьці пачалася найбольш пасьля псэўдавыбараў у мінулым годзе, калі адбыўся пасыўны, але татальны, байкот галасаваньня па ўсёй краіне. Рэжым робіць адчайныя крокі, каб заштурхаць усё назад і ня даць разьвіцца грамадзкаму пратэсту, дзеля якога ўжо зьяўляюцца пэўныя ўмовы. Вось гэтым усё і тлумачыцца. Вось тут і ёсьць галоўнае поле бою, якое вядзем мы супраць рэжыму і ягонай “апазыцыі”. Гэта неабходна памятаць і працягваць змаганьне.

Псэўдаапазыцыя ня зьнікне, пакуль ня зьявіцца моцная беларуская альтэрнатыва рэжыму. Да гэтага часу псэўдаапазыцыйнае шкодніцтва будзе пастаянным. Цяпер некаторыя зь іх пачалі ўжо зноў тлуміць галовы людзям (тым, хто іх яшчэ слухае), што трэба рыхтавацца, маўляў, да выбараў 2015 года і ўжо цяпер абраць адзінага кандыдата на прэзыдэнта. І гэта пасьля правакацыі 2010 года. Вожык бы зразумеў. Але тут ня вожык. Кантора пачынае зноў гуляць у зацяганую сваю гульню, якая прапісана ім ад пачатку стварэньня і заганяць людзей на фальшывыя выбары рэжыму.

Зразумела, што ў псэўдавыбарчай афёры гэтай хунты ўдзельнічаць нельга, бо гэта ня выбары, і Лукашэнка не прэзыдэнт, а ўзурпатар улады. Не бывае прэзыдэнтаў па 20 гадоў запар.

Нашыя лёзунгі байкоту павінны быць:

1) “Ніякіх выбараў з Лукашэнкам!”; 2) “Выбары — без Лукашэнкі!”

Гэтыя лёзунгі мы паставілі яшчэ ў 2010 годзе. Яны актуальныя ўвесь час. Насельніцтву ня трэба ўдзельнічаць у псэўдавыбарах узурпатара і падтрымліваць гэтым яго існаваньне. У беларусаў тут свая пазыцыя, сваё меркаваньне і сваё законнае патрабаваньне. І ўсе правы за народам.

Перад беларусамі вельмі шмат працы, каб зьмяніць становішча. Ня трэба спадзявацца, што час працуе на нас, бо можна яго змарнаваць, калі самы ня будзем на гэты час працаваць.

Вельмі важна, каб пайшоў працэс стварэньня групаў падтрымкі Народнай партыі і паварот да Беларускага Вызвольнага Руху (у нашай сытуацыі гэта мірны рух). Тады можна будзе казаць аб іншай тактыцы змаганьня. Пакуль што нацыянальная асьвета, абарона і прапаганда нацыянальных каштоўнасьцяў, падрыхтоўка грамадзкага асяроддзя застаюцца неабходнай чыннасьцю нашай арганізацыі і ўсіх патрыётаў Бацькаўшчыны.

Жыве Беларусь! Слава героям!

13.01.2013 г.

Зянон ПАЗЬНЯК