СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

posted Jan 29, 2013, 5:35 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 29, 2013, 5:35 PM ]
Як вядома, у Новы год або адразу ж пасьля навагодніх сьвятаў беларусы чакалі чарговых лукашэнкаўскіх фінансава-эканамічных сюрпрызаў. Усе ўздыхнулі з аблягчэньнем, калі 2 студзеня “сюрпрызы” не пасыпаліся. Але ўжо літаральна на наступны дзень па краіне пайшла пагалоска, што па мабільнай сувязі адбываецца масавая рассылка папярэджаньняў аб тым, што 8 студзеня адбудзецца рэзкая зьмена курсаў валют (фактычна, дэвальвацыя беларускага рубля). Курсы даляра і эўра павінны былі вырасьці ў паўтара разы, на столькі ж павінны зьбяднець беларусы. Мяркуем, што сістэма дала шчыліну і чыноўнікі, далучныя да дэвальвацыі, пачалі “папярэджваць сваіх людзей”. Многія кінуліся да абменьнікаў здаваць рублі, купляць валюту, пакуль ня позна. Сур'ёзнасьць здарэньня пацьвердзіла рэакцыя рэжыму. Пасыпаліся бюракратычныя завярэньні, што “гэта ня так, гэта правакацыя”. Нават КГБ РБ абвясьціў, што шукае распаўсюднікаў гэтых смс-ак. Настаў дзень 8 студзеня, а потым насталі некалькі наступных дзён. “Сюрпрыза” няма. Ён абавязкава будзе, усе гэта ведаюць. Але гэтым разам апэратыўныя дзеяньні нейкіх прырэжымных шцірліцаў сарвалі плян рэжыму.

* * *

Гераічная “Говправду”. 10 студзеня “незалежныя дэмСМІ” паведамілі пра суды “над актывістамі Говорі правду” у Менску. С. Волкавай далі 5 сутак адміністрацыйнага арышту, а Ю. Фабішэўскаму і А. Марозаву па 10 сутак. Міліцыя забірала іх з кватэры і проста з вуліцы. На фотапартрэце, пададзеным у “дэмСМІ”, беларусы пазналі бадзёрую харашуню (з легіёна “А ну-ка, девушкі!”), якая хадзіла па кватэрах падчас апошняга выбарчага фарсу антыбеларускага рэжыму. Яна і яе маладыя паплечнікі на мове акупантаў Беларусі гукалі лёзунгі, заклікаючы “ісьці на выбары”, і раздавалі свае “рускаязычныя” ўлёткі і газэткі. Ад парогаў шэрагу кватэр беларусы імпэтна пагналі іх уніз па лесьвіцы.

За што ж цяпер замкнулі харашуню Волкаву і яе паплечнікаў? Некаторыя кажуць, што Говправде спатрэбілася піяр-кампанія і яна падставіла некалькіх маладых. Але нічога, там ёсць Дзімітрыеў. Ён праз пару тыдняў адчыніць свой сэйф і кампэнсуе арыштаваным іхныя прыгоды.

* * *

Псэўдаапазыцыя вырабляецца ў Гомелі. Мясцовыя дзеячы пад абрэвіятурай БХД паведамілі, што распачалі кампанію збору подпісаў за пабудову гіпэрмаркета ў Навабеліцкім раёне г. Гомеля. Людзі зь іх сьмяюцца. Жыхарам раёна хапае мясцовых прадуктовых крамаў. Яны ведаюць таксама, што (у адрозьненьні ад заходніх краін) цэны ў лукашыстоўскіх гіпэрмаркетах не бываюць ніжэй, а вельмі часта і вышэй за цэны ў меншых крамах. Затое будзе цяпер шуму ў інфармацыйнай прасторы пра гуманных паплечнікаў Рымашэўскага.

Два “гомельскія праваабаронцы” А. Паплаўны і Л. Судаленка заявай патрабуюць у мясцовай міліцыі аштрафаваць іх за фатаграфаваньне з партрэтам А. Бяляцкага. Яны паведамілі Радыё Свабода: “Сваёй заявай мы хочам аблегчыць працу гомельскай міліцыі...”

Даўно заўважана, што на правінцыі кантора прыкладае значныя намаганьні для таго, каб прыналежнасьць да паняцьця “оппозіція” асацыявалася ў насельніцтва з выключным і дэманстрацыйным глупствам.

* * *

На псэўдаапазыцыйным даляглядзе вырысоўваецца чарговы трыюмвірат: Янукевіч, Мілінкевіч і Някляеў. Абяцана, што да 25 сакавіка сёлета яны калектыўна вызначаць, якім чынам і спосабам яны будуць вызначаць “адзінага кандыдата” на выбары 2015 года. Як вядома, кожны да Дня Волі рыхтуецца па-свойму. Гэтыя такім вось чынам. Многія гэтым “адзіным” хацелі б пабачыць А. Янукевіча. Людзі заўважылі, што ён вельмі падобны на Пуціна фізіянамічна і манеркамі. Некаторыя нават называюць яго пуцінскім двайніком. Ну, відаць, ужо паборае ён Лукашэнку на чарговых элегантных “выбарах”!

* * *

11 студзеня ў амбасадзе Летувы ў Менску адбыліся мерапрыемствы Дня абаронцаў айчыны ў памяць герояў і ахвяраў трагічных падзеяў 13 студзеня 1991 г. Тады савецкія войскі і часткі КГБ СССР атакавалі тэлецэнтар у Вільні, які абаранялі бяззбройныя людзі. Загінула 14 асобаў, было паранена звыш 600 асобаў.

Невядома, паводле якога прынцыпу амбасада запрашала на мэмарыяльнае мерапрыемства гасьцей. Маленькая заля была паўпустая. З 15-17 асобаў, якія слухалі выступы і глядзелі фільм, мы не пазналі нікога, хто быў у Вільні ў студзені 1991 года і ў іншыя дні, калі на заклік Беларускага Народнага Фронту сотні беларусаў прыязджалі ў Вільню і пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі дэманстравалі салідарнасьць з абаронцамі Летувы. Гэтымі дзеяньнямі і дзейнасьцю дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі кіраваў быў Зянон Пазьняк. Ён выступаў на мітынгах у Вільні і Менску, арганізоўваў падтрымку летувіскіх патрыётаў і зрываў правакацыі менскай савецкай намэнклятуры супраць Летувы. Пра ўсё гэта засталіся відэа- і фотаматэр'ялы, жывыя беларускія ўдзельнікі тых падзеяў. Нічога і нікога з гэтага ў амбасадзе Летувы не было. Так, зрэшты, бывае штогод. Мяркуем, што тут ёсьць праблема з “кароткай памяцьцю” (і ня толькі).

Янка Базыль