САТЫРЫЧНАЯ КАМЭДЫЯ Ў ВІЦЕБСКУ

posted Feb 7, 2013, 7:46 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 7, 2013, 7:46 PM ]
Псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам А. Янукевіча ў чарговы раз парадаваў нас відэасюжэтам (http://www.youtube.com/watch?v=DvNzcD01RZM).

Гэтым разам сюжэт прысьвечаны канфэрэнцыі “віцебскай абласной арганізацыі” структуркі Янукевіча, якая адбылася 12 сьнежня 2012 г. Цяжка нават уявіць сябе, што гэтая апэрэтачная дзея адбываецца ў горадзе, дзе жывуць і дзейнічаюць герой-фронтавец Сяргей Каваленка і яго паплечнікі — сябры сапраўднага Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Калі глядзіш гэтыя кадры і слухаеш прамовы, то нават ня верыцца, што такое можа быць на пачатку ХХІ стагоддзя праз два дзесяцігоддзі існаваньня незалежнай Беларусі. Прамовы гэтых асобаў просяцца ў сцэнічны тэкст лепшых комікаў беларускай і сусьветнай класікі. Яраслаў Гашэк, Ільф-Пятроў, Кандрат Крапіва высока ацанілі б узровень гэтай падзеі і абяссьмерцілі б яе ў сваіх творах.

На жаль, нам невядомыя імёны герояў віцебскай дзеі абласнога маштабу. Пазнаецца толькі сам А. Янукевіч, які сядзіць ціха, як мышка. Цікава, што выканаўцы гэтых кур'ёзных выступаў заяўляюць, што іхная задача — “прысьці да ўлады ў вобласьці” і што “мы — нацыяналісты”. З усяго гэтага вынікае ўражаньне і выснова, што відэадзея ёсьць класічным узорам агентурнай прафанацыі фронтаўскай ідэі і фронтаўскай дзейнасьці.

Ян Булыга