АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (26-28.01.2013)

posted Feb 7, 2013, 7:47 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 7, 2013, 7:48 PM ]
Нядоўга музыка іграла...

26 студзеня 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што ЗША выводзяць сваіх прадстаўнікоў з амэрыканска-расейскай працоўнай групы, якая займалася разьвіцьцём грамадзянскіх супольнасьцяў. Гэта ёсьць пратэст супраць абмежаваньняў, накладзеных Крамлём на недзяржаўныя арганізацыі і палітычных праціўнікаў. Камісію былі ўтварылі ў 2011 г. пасьля візыту ў Маскву прэзыдэнта Абамы.

Наш камэнтар: Нядоўга ж супрацоўнічалі амэрыканцы з крамлёўскімі спэцамі ад грамадзянскай супольнасьці. Нядоўга музыка іграла...

Алесь Хадасевіч


40-я ўгодкі заканчэньня В'етнамскай вайны

26 студзеня 2013 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” апублікавала артыкул, прысьвечаны 40-м угодкам заканчэньня В'етнамскай вайны. 27 студзеня 1973 г. у Парыжы прадстаўнікі ЗША , а таксама Паўночнага і Паўднёвага Вьетнама падпісалі пагадненьне пра заканчэньне вайны і ўсталяваньне міру. Але вайна скончылася толькі для амэрыканцаў. Ваенныя дзеяньні працягваліся да 1975 г., калі Паўднёвы Вьетнам быў захоплены паўночнымі камуністамі.

Наш камэнтар: Гэтыя ўгодкі прайшлі зусім незаўважанымі ў Беларусі. А многія тысячы беларускіх вайскоўцаў і маракоў гандлёвага флёту пабылі ў агні Вьетнамскай вайны. Ваенныя дарадчыкі, камандзёры і інструктары непасрэдна ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях. Маракі траплялі пад бамбардоўкі амэрыканскай авіяцыі. Там загінула шмат нашых людзей. Наперадзе праца над гэтай тэмай беларускіх гісторыкаў і высьвятленьне праўды пра гэтую народную драму.

Алесь Хадасевіч


Нават не паморшчыўся

27 студзеня 2013 г. угорская газэта “Magyar Nemzet” паведаміла з швайцарскага Давоса. Там выступаў на міжнародным форуме прэм'ер Расеі Медведев. У яго спыталі пра Сірыю. Ён заявіў: “Усё павінен вырашаць сірыйскі народ. Не Расея, не Злучаныя Штаты, а народ”.

Наш камэнтар: Усім вядома, што крывавая дыктатура Асада трымаецца выключна на падтрымцы Масквы, на расейскай зброі і расейскіх дарадчыках (яны добра ведаюць, як душыць свой народ). Асад сядзіць на караблі ў моры пад аховай расейскага спэцназу. А Медведев нават не паморшчыўся, кажучы нешта пра народ...

Юрка Марозаў


Жырыноўскага зноў ганяюць

28 студзеня 2013 г. латвійская газэта “Neatkariga Rita Avize” паведаміла пра візыт маскоўскага дзеяча Жырыноўскага ў Кіеў. Падчас прэс-канфэрэнцыі маладая журналістка кінула ў яго капусныя лісты і назвала яго “украінафобам”. Яна гукнула: “Шавіністы, прэч з Украіны!”

Наш камэнтар: Жырыноўскага рэгулярна ганяюць у розных месцах постсавецкай прасторы. У 1992 г., напрыклад, менская патрыятычная моладзь надавала па мордзе і пагнала яго з трыбуны каля палацу спорту. Аказалася, што ён умее шпарка бегаць. Толькі шапку згубіў. Студэнты доўга хадзілі тады ў амбасаду Расеі, хацелі шапку назад аддаць.

Алесь Хадасевіч


Няма мазгоў — лічы калека

28 студзеня 2013 г. нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” апублікавала артыкул пад тытулам “Сьмерць дзеля маніі вялікасьці”. У гамбургскім шпіталі памерла падчас апэрацыі 23-гадовая Каралін Васьніца, вядомая як “Сэксі Кора”. Маладзіца была папулярнай сэкс-зоркай на подыюмах. Яна вырашыла зрабіць сябе апэрацыю па павелічэньні грудзей і ня вытрымала анастэзіі.

Наш камэнтар: Яшчэ адна дзікая старонка заходняга лібэралізма. Дзяўчаты глумяцца над сваёй душой і целам. Вельмі важна, каб нашы беларускія жанчыны не паддаваліся на гэтую збачэнскую моду.

Алесь Хадасевіч


Кашмарныя наступствы яшчэ наперадзе

28 студзеня 2013 г. італьянская газэта “Repubblica” напісала пра тэлевыступ каралевы Нідэрляндаў Бэатрыкс. Яна паведаміла, што перадае карону свайму сыну. У той жа дзень газэта напісала з Малі. Там ісламскія радыкалы пакінулі гістарычны горад Тамбукту пад ударамі французкіх войскаў і ўрадавых малійскіх частак. Экстрэмісты падпалілі мясцовую бібліятэку, дзе захоўваюцца каштоўнейшыя ісламскія рукапісы.

Наш камэнтар: Здавалася б, адбыліся дзьве розныя падзеі ў розных краінах. А паміж імі ёсьць тэматычная сувязь. Каралева Бэатрыкс падвяла пэўныя вынікі свайго кіраваньня краінай і падзякавала народу. Зазначым, што адным з вынікаў гэтага пэрыяду ў нідэрляндскай гісторыі быў прыезд у каралеўства сотняў тысячаў асобаў, абсалютна чужых эўрапейскай і хрысьціянскай цывілізацыі (вельмі часта адкрыта варожых). На кожнай вуліцы маленькай эўрапейскай краіны цяпер стаіць мячэць. Паўсюль людзі ў бурках і чалмах. Самае распаўсюджанае імя ў нованароджаных у Амстэрдаме — Магамэд. Нідэрляндцы са старахам думаюць пра будучыню сваёй зямлі, сваёй культуры і сваіх дзяцей-унукаў. Што чужынцы-ненавісьнікі робяць з уласнай спадчынай на сваёй зямлі — пра гэта расказана ў другім паведамленьні газэты.

Кашмарныя наступствы крывадушнага лібэралізма яшчэ наперадзе. Але гэтая будучыня ўжо вырысоўваецца цяпер. Хрысьціянскую Эўропу трэба ратаваць салідарнымі сіламі народаў.

Алесь Хадасевіч


Мафія зноў чубіцца

28 студзеня 2013 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла, што Украіна адмовілася аплаціць расейскаму энэргагіганту Газпрому выстаўлены рахунак на 7 мільярдаў даляраў за газ, які Кіеў летась так і не атрымаў, хаця была заключана дамова на пастаўку.

Наш камэнтар: Усе з цікаўнасьцю назіраюць за знакамі чарговай газавай вайны, якую Масква гатова распаліць супраць Украіны. Наколькі сур'ёзныя намеры ўкраінскага кіраўніцтва, пакажа бліжэйшы час. Беларусы добра памятаюць, што ўсе “газавыя”, “малочныя” і іншыя “войны” паміж Масквой і лукашызмам былі тэатрам для публікі. Менскія васалы ўдавалі абаронцаў Беларусі, а потым заўсёды “саступалі” сваім маскоўскім гаспадарам.

Алесь Хадасевіч