ГЛЯДЗІМ У БУДУЧЫНЮ!

posted Feb 7, 2013, 7:54 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 8, 2013, 12:57 PM ]
Будучыня патрабуе разумных, інтэлектуальных людзей. Праз 15-20 гадоў кардынальна зьменяцца ўмовы жыцьця і працы, многія сёньняшнія прафэсіі за гэты пэрыяд будуць непатрэбныя і зьнікнуць, новыя тэхналёгіі запатрабуюць новых прафэсій. Па прагнозах, да 80% будучых прафэсій сёньня нават ня маюць назваў. Галоўным рэсурсам ужо сёньня зьяўляецца не нафта, газ, металы ды іншая сыравінныя і энэргетычныя рэсурсы, а чалавек, яго розум і інтэлект.

Па прыродзе беларусы разумныя людзі з высокім інтэлектуальным патэнцыялам. Больш за сто пакаленьняў продкаў фармавалі наш розум, наш інтэлект. Яны нам у спадчыну перадалі праграму фізічнага цела праз прыроду нараджэньня, а таксама праграму духоўнай настройкі нашага цела. У якасьці праграмы фізічнага цела выступае генетычная матэрыялная праграма. У якасьці духоўнай праграмнай настройкі — арганічна структураваная наша беларуская мова, мільёны слоў, багаты фальклёр і культура жыцьця, якія фармаваліся нашымі продкамі ў згодзе з прыродай нашага краю. Толькі ў спалучэньні праграмы фізічнага цела і сугучна адпаведнай ёй духоўнай праграмы настройкі фармуецца максімальна цэласны інтэлект беларуса.

Аднак сучасная сытуацыя склалася такім чынам, што для большасьці беларусаў духоўную праграму падмянілі на чужую. Калі ў беларускай сям'і дзіцё выхоўваецца ў рускамоўным асяродку, то ён не дабірае ў інтэлекце да 30%. Гэтая страта нічым ня можа быць кампэнсаваная.

Усім вядомы казачны сцэнар, у якім закладзены глыбокі сэнс: — зьнясілены ваяр вяртаецца ў родны край, да маці і прыпадае да роднай зямлі, і гэтым набірае моцы духу і новай сілы, — ідзе на сечу і перамагае зло.

Каб вырасьціць сваіх дзяцей інтэлектуальна канкурэнтнымі ў сьвеце, здольнымі і свабоднымі ў імкліва зьменных ўмовах жыцьця 21 стагоддзя, трэба бацькам пастарацца напоўніцу ўключыць іхны інтэлектуальны патэнцыял. Трэба цьвёрда паставіць сваіх дзяцей на плечы сваіх продкаў. Нельга паддавацца штучна створаным абставінам і дапусьціць, каб беларускія дзеці былі ссунутыя на ўскрайкі чалавечай цывілізацыі.

У фармаваньні і станаўленьні інтэлекту вызначальнымі пэрыядамі ў разьвіцьці чалавека зьяўляюцца пэрыяд маленства ад нараджэньня да 6-ці гадоў і падлеткавы пэрыяд ад 6-ці да 13 гадоў. 80% інтэлектуальных здольнасьцяў закладаецца менавіта ў пэрыяд маленства. На малюнку паказана разьвіцьцё сувязяў (сінапсаў) паміж нэрвовымі клеткамі мазгоў чалавека ад нараджэньня да сталага веку (дадзеныя, атрыманыя навукоўцамі з выкарыстаньнем новых бясьпечных тэхналёгій назіраньня за жывымі людзьмі і функцыяваньнем іхных мазгоў).


Колькасьць сінапсаў у дзіцяці ад году да шасьці больш чым ў два разы перавышае колькасьць сінапсаў дарослага. Пасьля шасьці гадоў пачынаецца пэрыяд “абрэзкі” незадзенічаных (падчас выхаваньня) сінапсаў і ў 13-14 гадоў колькасць сінапсаў стабілізуецца на ўзроўні дарослага.

Такім чынам пэрыяд разьвіцьця дзіця ад нараджэньня да шасьці гадоў зьяўляецца найбольш адказным за фармаваньне яго інтэлектуальных і фізічных здольнасьцяў. І, канешне, гэтая адказнасьць кладзецца на бацькоў.

Бацькам неабходна ўлічыць наступнае:
1. У пэрыяд маленства сінапсы “высыпаюць” не па нейкай адвольнай матрыцы, а па структуры, якая зьяўляецца камбінацыяй генетычнай інфармацыі маці і бацькі і якая ёсьць напрацоўкай продкаў па лініі маці і бацькі. Дзіцёнак нараджаецца не як “чысты ліст”, а з бацькоўскай генетычнай наладкай.
2. Дзіцё на працягу двух гадоў авалодвае ў пачатковым аб'ёме ўсімі функцыямі чалавека: пачынае хадзіць, гаварыць, арыентавацца ў прасторы. Гавораць, што ён гэтаму навучаецца. З погляду нейрапсіхалогіі гэтае навучаньне ёсьць вынік ўзаемадзеяньня (праз рухі, зрок і слых) генетычнай сінаптычнай матрыцы дзіцяці з умовамі і сродкамі выхаваньня, якія выкарыстоўваюць бацькі. Здольнасьць дзіцяці арыентавацца ў прасторы, хадзіць, гаварыць — ёсьць зьнешняя праява гэтага навучаньня.
3. Найважнейшае ў гэтым працэсе навучаньня застаецца нябачным. Не бачна тое, што навучаньне — гэта ўзаемадзеяньне інфармацыі (якая паступае праз рухі, зрок і слых) і генетычнай сінаптычнай матрыцы і праз гэта замацаваньне на ўсё жыцьцё міжнейронных сувязяў у мазгах, якія ў далейшым праяўляюцца праз інтэлектуальныя здольнасьці.
4. Вось тут і выступаюць пытаньні стварэньня бацькамі ўмоваў асяроддзя і выкарыстаньня мэтодык выхаваньня падчас росту і разьвіцьця дзіцяці. Каб максімальна сфармаваліся інтэлектуальныя здольнасьці дзіцёнка, трэба каб умовы асяроддзя і мэтодыкі выхаваньня былі сугучнымі генетычнай сінаптычнай матрыцы (як бы патрапілі ў рэзананс з схемай сувязяў гэтай сінаптычнай матрыцы).
5. Для беларускіх сем'яў, ссунутых у рускамоўнае асяроддзе, тут маюцца праблемы. Свайму роднаму дзіцёнку па прыродзе бацькі-беларусы перадаюць генетычную сінаптычную матрыцу, якая арыентаваная на мову іх продкаў (беларускую мову), а выхоўваюць на іншай мове. Рэсурсаў генетычнай сінаптычнай матрыцы дастаткова для таго, каб дзіцёнак авалодаў іншай мовай і нават не адной. У гэтым выпадку для арыентацыі ў жыцьцёвай прасторы, камунікацыі і атрыманьня ведаў на сярэднім узроўні праблем не ўзьнікае. А вось з інэлектам — тут праблемы.
6. Мова зьяўляецца галоўнай інфармацыйнай сілай, што фармуе тыя структуры мозгу, якія адказныя за інтэлект чалавека. 50-70% інтэлектуальных здольнасьцяў фармуецца мовай.Як піша вядомы нейрапсіхолаг Н. Хомскі (Масачузэтс, ЗША): “У працэсе авалоданьня дзіцём мовы ёсьць нават нейкія словы, якія нібыта ключыкам уключаюць яго інтэлект”. Аб інфармацыйнай сіле нашай мовы сьведчыць наш інтэлектуальны патэнцыял. За доказамі далёка хадзіць ня трэба. Узгадаем сярэднія гады мінулага стагоддзя. Толькі дзякуючы высокаму інтэлектуальнаму рэсурсу беларусаў, пераважная бальшыня каторых выхоўвалася ў вёсках ва ўмовах роднай мовы і роднай культуры, на нашай тэрыторыі былі створаны і разьвіваліся высокатэхналагічныя (для таго часу) галіны вытворчасьці, інжынерна-канструктарскія, праектныя арганізацыі, навукова-даследчыя інстытуты, ВНУ.
7. Прасоўваньне рускай мовы ў нашай краіне прывяло да сур'ёзнага паніжэньня інтэлектуальных здольнасьцяў беларусаў. Дастаткова прааналізаваць вынікі іспытаў вучняў сярэдняй школы і абітурыентаў ВНУ.

Асіміляцыя ня толькі ў нас але і ва ўсім сьвеце вызначана як вельмі шкодная зьява для інтэлектуальнага разьвіцьця чалавецтва. Прывядзем тут вытрымкі з кнігі дырэктара Інстытута мазгоў пры Масачузэтскім унівэрсітэце (ЗША), нэйрапсіхолага, лінгвіста Стывена Пінкера “Мова як інстынкт”, якія дакладна тлумачыць гэтую зьяву:

“Мовы зьнікаюць таму, што разбураецца натуральнае асяроддзе існаваньня носьбітаў гэтай мовы, або супраць іх зьдзяйсьняецца генацыд, іх сілком асімілююць або ўводзяць асімілюючую адукацыю, зьдзяйсьняюць дэмаграфічнае зьліцьцё і бамбардуюць электроннымі сродкамі масавай інфармацыі, якія Майкл Краус (вучоны-лінгвіст) назваў “нэрвова-паралітычным газам культуры”.

Чаму людзям павінна быць неабыякава, што над мовамі навісла пагроза? ... Як піша Краус: “Любая мова зьяўляецца найвышэйшым дасягненьнем унікальнага чалавечага генія, таямніцай, такой жа Боскай і бясконцай як жывы арганізм”.

“Згуба мовы — гэта частка больш агульнай згубы, якую перажывае наш сьвет — згуба разнастайнасьці ва ўсім” — гаворыць лінгвіст Кен Нейл”.

Ці можна ўявіць такую сытуацыю? У беларускую сям'ю, дзе толькі нарадзілася дзіцё, заходзіць чалавек у белым халаце і кажа: “Давайце мы вашаму дзіцёнку зробім апэрацыю. Выражым частку мазгоў і ўставім туды “палепшаную”. Зь яго вырасьце добры работнік. Добра будзе капаць канавы, рабіць сьвідравіны ў зямлі, вадзіць транспарт, пераносіць грузы”. Відавочна, што бацькі дадуць такому “паляпшальніку” ад варот паварот.

Прырода інтэлекту патрабуе вяртаньня да роднай мовы. Патрабуе каб у беларускай хаце гучала беларуская мова, каб маці калыханку свайму любімаму дзіцятку сьпявала на мове свіх дзядоў і прадзедаў. Тады з інтэлектам будзе ўсё ў норме. І ня толькі з інтэлектам.

(У матэрыяле выкарыстаны сучасныя канцэпцыі кагнітыўнай нейрапсіхалогіі)

Беларуская Салідарнасьць, КХП — БНФ

Падрыхтаваў Сяргей Папкоў, намесьнік Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі — БНФ

студзень 2013 г.