“ІМ ВЕСЯЛЕЙ ПАКУРАЖЫЦЦА НАД БЕЛАРУСАМІ”

posted Feb 11, 2013, 8:03 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 11, 2013, 8:04 PM ]
Пачатак лютага адметны некалькімі актамі дэманстрацыйнага запусканьня ў інфармацыйную прастору псэўдаапазыцыйных мыльных бурбалак. Мяркуем, што гэтым разам мыльная дэманстрацыя зьвязана з 150-мі ўгодкамі Нацыянальна-Вызвольнага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У суседняй Польшчы ў юбілейныя дні Паўстаньня па ўсёй краіне адбыліся мерапрыемствы з удзелам многіх тысячаў людзей: парады, мэмарыяльныя мерапрыемствы, канфэрэнцыі, выставы, канцэрты і г.д. СМІ адзначылі ўгодкі цэлай плыньню праграм, артыкулаў, выйшлі новыя кнігі на гістарычную тэму.

У акупаванай (тым жа ворагам, што і 150 гадоў таму) Беларусі рэжым зрабіў усё, каб замаўчаць-затаптаць і абпляваць угодкі Паўстаньня. Гэбельсаўшчына выпусьціла на арэну сваіх прапагандыстаў-агітатараў, стукачоў-правакатараў з мэтай збэсьціць памяць нашых герояў і пакутнікаў. Да мутнай хвалі, як заўсёды, падключыліся дзеячыкі падстаўной псэўдаапазыцыі. Па камандзе тых, хто стаіць за імі, яны выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў і мястэчак ды пачалі апытваць людзей: “А хто быў такі Каліноўскі?” Апытальшчыкі вельмі ажывіліся, калі пачулі ад грамадзянаў розныя кур'ёзныя фармулёўкі, кшталту, “он в войну воевал”.

У акупаванай Польшчы ніхто з патрыётаў не дадумаўся б рабіць такія цынічныя апытанкі. Інтэлігентныя людзі там распаўсюджвалі б (нягледзячы на рызыку і перасьлед акупантаў) улёткі, кнігі, сымволіку, прысьвечаную гістарычнай падзеі і яе нацыянальным героям. Яны б самы распавядалі старэйшым і маладзейшым пра тое, чаго можа і ня ведалі суграмадзяне ў захопленай ворагам краіне. Дарэчы, так яно было заўжды ў часы акупацыі і ў Польшчы і ў Беларусі. Цяпер яно інакш, цяперашнія дзеячыкі ад гранта так і шукаюць нагоды, каб выставіць беларусаў нікчэмнымі і дурнымі. Для некаторых СМІ гэта ўжо стала завядзёнкай. Яны прыкідваюцца, што ня ведаюць, чым займаецца русіфікатарская акупанцкая школа і іншыя дзіцячыя ўстановы, што ўкладаюць у галовы моладзі акупанцкія русіфікатарскія ВНУ. Яны ня хочуць дапамагчы нашым людзям, ім весялей пакуражыцца над беларусамі.

Але “у родіны есть отважные сыны”, як любіла пампезна заяўляць савецкая прапаганда. Мы назавем, аднак, гэтых пэрсанажаў “пасынкамі” і паспрабуем разабрацца, чаму іх засьвяцілі ў “дэмСМІ” у такім яркім сьвятле ды пад звон літаўраў. На грамадзкай арэне ў сувязі з угодкамі Паўстаньня “сама сабой” прагучала прапанова: давайце ставіць помнік Кастусю Каліноўскаму ў Менску! І пайшло-паехала! Яны што, не разумеюць, што акупацыйная ўлада ня будзе ставіць помнік таму, каго ненавідзіць усе апошнія 150 гадоў? З аўтарытэтаў, якія выказаліся ў СМІ “за помнік” быў сумна вядомы Цімох Дранчук. Гэты тыпчык круціўся каля БНФ яшчэ ў 1990-я гады. “ДэмСМІ” актыўна ляпілі зь яго “юнага героя”. Юны-герой на працягу гадоў узначаліў шэраг маладзёвых структурак з яркімі назовамі і кароткім тэрмінам палітычнага жыцьця. У іншых Цімох актыўна паўдзельнічаў, пачаўшы кар'еру ў “Зубрах”. Пасьля чарговага нападу паліцэйшчыны на маладзёвую акцыю фронтаўцы пыталіся пацярпелых: “А хто падказаў вам сабрацца менавіта ў гэтым месцы і ў гэты час?” Моладзь адказвала: “Прапанову выказаў быў Дранчук...” Такое ў палітычнай дзейнасьці называецца правакацыяй, за такое Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі сурова і справядліва каралі правакатараў. А тут гэты тыпчык выдае маналёгі пра помнік...

Ёсьць такое паняцьце, як “юбілейны настрой”. Яму публічна паддаўся яшчэ адзін пасынак з псэўдаапазыцыі — Вінцук-малодшы, як яго часам называюць. “ДэмСМІ” пафасна цытавалі Франака Вячорку, які заявіў у юбілейныя дні: “Калі радзіма пакліча, я пайду на барыкаду!” У публікі гэтае пасіянарнае кукарэканьне выклікала сьмех. Усе ведаюць пра фамільныя рысы характараў і старэйшага і малодшага Вінцучкоў: баязьлівасьць, хітрасьць, паталагічнае прыстасаванства і схільнасьць да бессаромнай хлусьні. Франак нават у нацыянальным войску ня мог даслужыць да канца тэрміну, а тут барыкада!..

Галава йдзе кругам ад гэтай навязьлівай рэкламы заляжалага псэўдаапазыцыйнага тавару. Задаешся пытаньнем: ці не магла “ДэмСМІ” спытацца пра Кастуся Каліноўскага і “барыкаду” ў героя-фронтаўца Сяргея Каваленкі? Магла, канешне ж магла. Але ў дранчукоў з вінцучкамі спытацца і жаўцей, і “цікавей”, яны вам нагавораць рознага. Які заказ — такі адказ.

Юрка Марозаў