“ЗАБІЦЬ ЦМОКА”

posted Feb 14, 2013, 8:16 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 14, 2013, 8:16 PM ]
Гэты ліст да ўсіх беларусаў. Ён прадыктаваны трывогай за нашае існаваньне і напісаны чалавекам, які быў народным прадстаўніком і па сёньняшні дзень зьяўляецца яго абаронцам.

Ведаю, што ліст прачытаюць найперш тыя, каму дарагая наша Бацькаўшчына Беларусь.

Гэта ня мала, улічваючы тое, пра што мушу казаць.

Народ, разьвіцьцё яго культуры і інтэлекту жыве ў яго мове. Народ зьнікае, калі зьнікае яго мова.

За ўсю гісторыю акупацыяў, якія даводзілася нам перажываць, ніколі наша нацыя не набліжалася так блізка да краю народнай пагібелі, як цяпер. У выніку антыбеларускай палітыкі Масквы і існуючага ў Беларусі рэжыму ўлады пачаўся рэальны працэс зьнікненьня нацыянальнай мовы і яе носьбіту — беларускага этнасу.

У акупацыйных умовах антынацыянальнай палітыкі, антынацыянальнай інфармацыі і асіміляцыйнай адукацыі мова стыхійна выжывае ў самых простых і найменш адукаваных пластах насельніцтва, якое жыве пастаянна на пастаяннай тэрыторыі. Простае насельніцтва вёскі і сацыяльных нізоў у гэтых дачыненьнях (а па вялікаму кошту — у любых дачыненьнях) зьяўляецца залатым фондам жывой нацыянальнай мовы, грунтам яе творчага разьвіцьця.

У нацыі няма лішніх людзей. Моўная творчасьць нізоў такая ж важная, як і моўная творчасьць эліты. Толькі творчасьць нізоў існуе неўсьвядомлена ў традыцыях і сацыяльных укладах, а дзейнасьць эліты — ва ўсьвядомленым індывідуалізме.

Расейскія нішчыцелі беларускага народа разумелі базавае значэньне простых людзей — сялянаў — у захаваньні нацыянальнага этнаса. Беларусаў зьнішчалі асэнсавана. Ворагі нашага існаваньня праводзілі этнацыд рознымі мэтадамі. Царызм рабіў стаўку на русіфікацыю праз асіміляцыйную адукацыю. Камунізм дадаў да гэтага фізічнае вынішчэньне, пазбаўленьне людзей ад прыватнай уласнасьці, зямлі, сродкаў вытворчасьці.

Былі забітыя і замардаваныя мільёны нашых радакоў, але этнас і арэал беларускай мовы заставаўся жыць.

Праз 20 гадоў пасьля вайны, у пэрыяд прапагандысцкай пабудовы камунізму, камуністы зразумелі прычыну жывучасьці беларускага этнасу. Ёй зьяўляецца існаваньне вёскі і (што важна) пастаяннага насельніцтва на пастаяннай тэрыторыі.

У 60-х гадах у Беларусі быў распрацаваны плян ліквідацыі больш за 70 адсоткаў беларускіх вёсак пад выглядам “беспэрспэктыўных”. Насельніцтва ліквідаваных вёсак павінны былі перасяліць у іншыя месцы, у іншыя населеныя зоны і тэрыторыі.

Вырываньне насельніцтва з гістарычна абжытай тэрыторыі шляхам ліквідацыі гэтай тэрыторыі (вёскі) і перасяленьне людзей цалкам ліквідуе ўсе традыцыі, культурныя дачыненьні, а ва ўмовах русіфікацыі — і родную мову пераселеных людзей.

Перасяленьне беларусаў з Чарнобыльскай зоны ёсьць трагічная ілюстрацыя такога працэсу.

Немцы і савецкія партызаны НКВД за чатыры гады акупацыі (1941-1944) спалілі больш за 9 тысячаў беларускіх вёсак (у асноўным, разам зь людзьмі). Этнас выжыў. Тады (ўжо ў 60-х) камуністы спланявалі зьнішчыць больш за 34 тысячы беларускіх вёсак і перасяліць людзей у астатнія 9 тысяч сельскіх паселішчаў, якія пакідалі ў Беларусі. (Дадам, што ў 1950-1970-х гадах уся ўлада ў БССР была ў руках былых савецкіх партызанаў — выхадцаў з НКВД.)

Макабарычны плян, які пачаў ажыцьцяўляцца, ня быў даведзены да канца па розных прычынах.

Гэты плян (аграгарадкі) працягваецца цяпер пры антыбеларускім рэжыме і ўнутранай акупацыі краіны ва ўмовах русіфікацыі, ліквідацыі беларускіх школаў і алкагалізацыі насельніцтва.

Ажыцьцяўленьне такога разбуральнага пляна ва ўмовах антыбеларускай палітыкі дае маштабныя разбуральныя вынікі, пасьля якіх не застаецца ўжо нічога, і рэгенерацыя немагчымая. Тут пачынаецца рэальная страта этнасу, рэальная страта нацыянальнай мовы і фактычная сьмерць нацыі.

Вынішчэньне даходзіць да дна. Этнічныя рэсурсы заканчваюцца.

Унутраную акупацыю Беларусі можна параўнаць з анкалагічнай хваробай, калі для вынішчэньня нацыянальнага арганізма народа выкарыстоўваецца ракавая клетка, якая перарадзілася. У гэтым палягае прычына выніковасьці разбурэньня і сьмяртэльнасьці антыбеларускай палітыкі акупацыйнага рэжыму цемры і цемрашальства. Вялікая частка грамадзтва ўспрыняла цёмны рэжым, як свой, а ён ад пачатку быў забойча чужым, нягледзячы на становішча “выхадца з народу”, якое маскавала яго рэальную сутнасьць.

Ёсьць дзьве дарогі ратаваньня Беларусі, якія павінны існаваць разам. Першая дарога — гэта палітычная барацьба, з мэтай ліквідацыі антыбеларускага рэжыму. Перад нацыяй аб'ектыўна і рэальна стаіць задача, кажучы вобразнай мовай фальклёра і кіно, “забіць цмока”. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым большыя шанцы вярнуцца да нармальнасьці.

Другая задача — гэта грамадзкі супраціў і падтрыманьне жывога існаваньня беларускай мовы. Гэтая задача пад сілу кожнаму беларусу — трэба гаварыць на роднай беларускай мове, і кожны дзень выхоўваць на ёй сваіх дзяцей.

Цяпер гэта не парада, не рэкамендацыя, а ўмова нацыянальнага выжываньня, катэгарычны імпэратыў паводзінаў беларуса, калі хочам застацца жыць у сваім доме, на ўзроўні культуры і цывілізацыі.

Тое рэпрэсіўнае антыбеларускае шаленства, якое разгортваецца ў апошні час, той зьдзек над Беларускім Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, над беларускімі людзьмі, носьбітамі мовы і культуры, над беларускімі кнігамі, над Курапатамі і мартыралогам нацыі, над сьвятым імем і памяцьцю Кастуся Каліноўскага — усё гэта не таму, што сатрап нейкага баіцца ды хоча гарантаваць сабе бясьпеку ўлады (як некаторыя мяркуюць). Гэта ёсьць найперш расейская палітыка, якая робіцца рукамі Лукашэнкі ў Беларусі. Ідзе падрыхтоўка да ліквідацыі суверэнітэту нашай краіны, якая намечана на 2015 год, калі Расея зьбіраецца стварыць свой авантурны Эўра-Азіяцкі саюз, і Лукашэнка падпісаў гатовасьць да авантуры.

Пуцінскай гэбоўскай Расеі абходзіць, каб як наймацней духоўна, ідэйна і культурна раззброіць беларусаў перад 2015 годам, каб яны не скансалідаваліся на супраціў. Крэмль сьпяшае, цісьне на свайго сатрапа, і ён стараецца — робіць тое, што мы бачым.

Настае час узяць у рукі нашу першую і апошнюю магутную зброю — гэта нашу мову.

Беларусы, вяртайцеся! Вяртайцеся да нашай беларускай мовы!

Тыя, каго вучылі ў рускай школе, вяртайцеся да свайго, кідайце чужое, гаварыце па-беларуску, пачынайце з сёньняшняга дня, нават калі ў вашай памяці засталіся толькі два беларускія словы — “люблю Беларусь!”

Гаварыце іх. Паўтарайце іх кожны дзень, і вы пачуеце, што — “ўзаемна”.

Гаварыце ў сям'і, на вуліцы, у грамадзкіх месцах, у транспарце — усюды толькі па-беларуску, каб чулі і вучыліся дзеці. Чытайце кожны дзень у голас добрыя беларускія кніжкі, вучыце кожны дзень па-беларуску сваіх дзяцей.

Адварочвайцеся ад антыбеларускага рэжыму, не спадзявайцеся на яго, бо ён чужы, але Бацькаўшчына — свая. Зьберажэм яе для сябе праз нашу вялікую Беларускую мову. Пачынайма — і будзе жыць Беларусь!

14 лютага 2013

Зянон ПАЗЬНЯК