АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (18-22.02.2013)

posted Feb 26, 2013, 9:34 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 26, 2013, 9:34 PM ]
Але ж хочуць і падушацца

18 лютага 2013 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” напісала з Расеі. Непадалёк ад Масквы быў знойдзены труп М. Пахомава, былога дэпутата гарадзкой думы Ліпецка. Яго забілі, паклалі ў ванну і залілі бэтонам. Паліцыя мяркуе, што гэта было зьвядзеньнем рахункаў па ўказцы былога высокага начальніка Маскоўскай вобласьці Я. Харытонава. Паліцыя ўжо арыштавала ў справе восем чалавек, а таксама Харытонава.

Наш камэнтар: Газэта назвала інцыдэнт “макабрычным” (“жахлівым”). Беларусы, аднак, ведаюць, што так у “дэмакратычнай Расеі” даўно вырашаецца праблема з “цякучкай кадраў”.

Але ці добра ведаюць гэта беларускія чыноўнікі, якія любяць на публіцы прызнавацца ў вернасьці “інтэграцыйным працэсам з братняй Расеяй”? Яны пра сябе падумалі? Яны падумалі пра “кадравыя мэтады” у “братняй Расеі” на выпадак рэалізацыі згаданай “інтэграцыі”? Яны задумаліся над тым, што ніхто ў расейскім грамадзтве не спачувае нябожчыку Пахомаву, а грамадзяне кажуць: “Каб яны ўсе падушыліся, усе аднолькавыя...” — ? Яны сапраўды хочуць, каб у акупаванай Беларусі запанавалі расейскія парадкі? (Але ж хочуць, хочуць, мярзотнікі, і падушацца, нянавісьць да зямелькі роднай усё перамеле.)

Юрка Марозаў


Рабуюць...

19 лютага 2013 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла, што за апошні год у Расеі рэкордна вырасла колькасьць мільярдэраў. Цяпер іх 131 — на 11 больш, чым летась.

Наш камэнтар: Вядома, што Расея — краіна гуманітарнай катастрофы, дзе дзясяткі мільёнаў людзей (перш за ўсё тытульны этнас — рускія) жывуць у галечы і выміраюць. Але бачым, што вяршыня гнілой маскоўскай піраміды пачуваецца вельмі добра. Многім успамінаецца цяпер “такі пасьпяховы і рэкордны” 1913 год, за якім настаў 1917-ты...

Алесь Хадасевіч


Ды й да абеду занялі малыя дзяржаўкі...

19 лютага 2013 г. латвійская газэта “Neatkariga Ritas Avize” напісала пра Беларусь. Газэта працытавала прэм'ера Мясьніковіча, які казаў пра стварэньне “лягяроў адпачынку і працы” для падлеткаў 14-18 гадоў. Яны мусяць будуць працаваць на будоўлях і ў сельскай гаспадарцы. Газэта называе гэтыя лягяры “перавыхаваўчымі”.

Наш камэнтар: Як заўсёды, замежная газэта бярэ інфармацыю па Беларусі з агенцый, якія маюць свае штабы ў Менску і адпаведных “штабістаў”. “Штабісты” ведаюць пра што пісаць, а пра што маўчаць. Яны накручваюць драму зь яшчэ неіснуючых “лягяроў”, але пра здушэньне беларускай мовы і беларускага школьніцтва ў сьвет не паведамляюць. Нідзе, напрыклад, і праз колькі дзён пасьля падзеі ня знойдзеш паведамленьняў пра арышт і прысуд патрыёту Гэніку Лойку, які 21 лютага, на Дзень Роднай Мовы выйшаў з транспарантам перад будынкам гімназіі №4 у Менску. Беларус пратэставаў супраць ператварэньня гімназіі, дзе вучацца ягоныя дзеці, у “русскую”. На лукашэнкаўскім судзілішчы руская “суддзя” Л. Лапо зьдзеквалася з дзяржаўнай беларускай мовы і сваім прысудам накіравала беларуса ў турму. Пра гэта не пішуць у сьвеце. Гэта для іх ужо нецікава.

У суседніх зь Беларусьсю краінах спэцы ад журналістыкі маглі б ужо і разабрацца, што імі маніпулююць падстаўныя ад акупанцкага рэжыму ў Менску. Але гэта думаць трэба, шукаць факты, спрабаваць разабрацца ў беларускіх рэаліях. Прасьцей “клікнуць” пару разоў у Сеціве або Лебедько з Мілінкевічам у Рыгу запрасіць.

У 1930-я гады балтыйскія суседзі ўжо дагуляліся ў паддаўкі. Разьбірацца і думаць не хацелі, а потым чэрвеньскай раніцай 1940 г. з гарнізонаў у акупаванай Беларусі рушылі на Летуву і Латвію савецкія войскі ды й да абеду занялі малыя дзяржаўкі...

Алесь Хадасевіч


Самым сьмешна стала

21 лютага 2013 г. нарвэжская газэта “Aftenbladet” апублікавала рэцэнзію на новую экранізацыю рамана Л. Талстога “Ганна Карэніна”. Рэцэнзэнт напісаў пра “глянцавую паверхню” характараў, дэкаданс і ў цэлым пра рэжысуру ў стылі Дыснэя ў фільме амэрыканскіх кінематаграфістаў. На фота ў газэце — салодкая, вельмі амэрыканская Г. Карэніна (Кэйра Найтлі).

Наш камэнтар: Ня лезьлі б заходнікі ў тое, у чым яны ні бум-бум. Самым сьмешна стала. Тут можна прыгадаць даўні фільм 30-х гадоў з Грэтай Гарбо ў ролі Ганны Карэнінай. Пачынаецца стужка з сцэны ў парылцы, дзе каханак Карэнінай Ўронскі парыцца з сябрамі-афіцэрамі... І далей пайшло-паехала...

Добра што ні Галівуд, ні Дыснэй ня лезуць ў беларускую класіку!

Алесь Хадасевіч


Лукшыстам на заметку

22 лютага 2013 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” апублікавала артыкул пад тытулам “Ізраільцяне шукаюць зьніклы нацыстоўскі скарб Герынга”. Ёсьць зьвесткі, што напярэдадні заканчэньня вайны Герынг загадаў скінуць у возера Штольпзэе вялікую колькасьць нарабаванага золата ў скрынях. Ізраільскі дасьледчык Ярон Сварэй атрымаў падтрымку нямецкіх уладаў на рэалізацыю свайго праекта па пошуку скарбу Герынга на дне возера.

Наш камэнтар: Таму, хто абрабоўвае народы цяжка схаваць нарабаванае. Знойдуць нават пасьля сьмерці, а жывых — пакараюць (лукшыстам на заметку).

Юрка Марозаў


Масква на Кубе

22 лютага 2013 г. славацкая газэта “Pravda” напісала, што Масква выбачыла Кубе частку з 30-мільярднага доўгу зь яшчэ савецкіх часоў. Пра гэта папярэднюю дамову падпісаў у Гаване расейскі прэм'ер Медведев.

Наш камэнтар: Гэтыя мільярды былі адабраныя Масквой з падсавецкіх народаў, у першую чаргу зь беларусаў і ўкраінцаў. Цяпер імпэрыялістычныя мярзотнікі сьпісваюць гэтыя даўгі сваім чарговым кліентам. Беларусы працавалі — Масква сьпісвае. Такое не павінна больш паўтарыцца ў жыцьці нашага народу.

Алесь Хадасевіч